Дата нараджэння:
16.08.1898 Заверша, в., Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
23.04.1969
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне мікрабіялогіі, эпізааталогіі і імуналогіі, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, кавалер ордэна Леніна і двух ордэнаў "Знак Пашаны", удзельнік Першай сусветнай, грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў
Імёны на іншых мовах:
Юсковец Моисей Калиникович (руская); Юсковец Моисей Каллиникович (руская);
3761 сімвал
Даведка
З імем Майсея Калінікавіча Юскаўца звязана стварэнне беларускай школы ветэрынарыі. Яго дзейнасць садзейнічала паспяховай барацьбе з найбольш распаўсюджанымі хваробамі сельскагаспадарчых жывёл.
Нарадзіўся М.К. Юскавец у сялянскай сям’і ў в. Заверша Кобрынскага павета Гродзенскай губерні (цяпер Драгічынскі раён Брэсцкай вобласці). Пачатковую адукацыю атрымаў у мясцовай школе. У шаснаццацігадовым узросце прызваны ў армію і накіраваны на вучобу ў фельчарскую школу Заходняга фронту. З 1915 г. служыў ветфельчарам ваенна-інжынерна-будаўнічай дружыны, у 1919–1921 гг. удзельнічаў у грамадзянскай вайне.
У 1925 г. М.К. Юскавец скончыў Маскоўскі ветэрынарны інстытут. У 1928–1935 гг. быў асістэнтам, дацэнтам, намеснікам дырэктара Маскоўскага зоаветэрынарнага інстытута, з 1935 па 1941 г. працаваў ва Усесаюзным інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі. Ён паспяхова вырашыў многія практычныя і навукова-даследчыя пытанні, звязаныя з дыягностыкай туберкулёзу, шмат зрабіў для арганізацыі дзейнасці ветэрынарнай галіны. Вынікі сваёй працы вучоны прадстаўляў на старонках перыядычных выданняў «Вестник современной ветеринарии», «Ветеринарная практика», «Советская ветеринария» і інш. У гэты перыяд былі апублікаваны працы «Заболевания лошадей от отравления клещевиной» (1926), «Акушерская работа ветучастка» (1927), «Профвредность ветеринарного труда» (1928), «К вопросу об открытых формах туберкулеза у крупного рогатого скота» (1929), «Ветеринарный специалист в реконструктивный период» (1931), «Некоторые итоги изучения заболеваемости телят туберкулезом» (1933), «Итоги первого этапа борьбы с туберкулезом» (1938) і інш. У 1941 г. вучоны паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Метод ускоренного оздоровления животноводческих хозяйств от туберкулеза».
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны М.К. Юскавец знаходзіўся на фронце ў якасці ветэрынарнага ўрача. У 1942–1943 гг. быў кіраўніком лячэбна-эпізааталагічнага аддзела Галоўнага ваеннага ветэрынарнага ўпраўлення, у 1943–1952 гг. загадваў лабараторыяй Дзяржаўнага навукова-кантрольнага інстытута ветэрынарных прэпаратаў Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР. У далейшым працаваў у Інстытуце жывёлагадоўлі АН БССР (1950–1956), Усесаюзным інстытуце эксперыментальнай ветэрынарыі (1952–1957), Беларускім навукова-даследчым ветэрынарным інстытуце (1957–1969). У 1950 г. вучоны быў выбраны сапраўдным членам Акадэміі навук БССР, у 1957–1961 гг. з’яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення жывёлагадоўлі і ветэрынарыі Акадэміі сельскагаспадарчых навук БССР.
Навуковыя працы М.К. Юскаўца прысвечаны эпізааталогіі, мікрабіялогіі, імуналогіі, пытанням барацьбы з хваробамі сельскагаспадарчых жывёл. Ён распрацаваў і ўкараніў у практыку сістэму паскоранага аздараўлення гаспадарак пры туберкулёзе буйной рагатай жывёлы, метад прыгатавання вакцыны са штаму бруцэл, вывучыў імунагенез пры прышчэпках гэтай вакцыны, увёў сістэму мерапрыемстваў па ліквідацыі бруцэлёзу сельскагаспадарчых жывёл. Вучоны з’яўляўся ўдзельнікам шэрага міжнародных канферэнцый, аўтарам каля 150 навуковых работ, у тым ліку 5 манаграфій. Сярод іх – «Туберкулез домашних животных и методы борьбы с ним» (1948), «Бруцэлёз сельскагаспадарчых жывёл і барацьба з ім» (1951), «Бешенство сельскохозяйственных животных и меры борьбы с ним» (1954, у суаўтарстве), «Иммунологические реакции в диагностике бруцеллеза» (1960, у суаўтарстве) і інш.
За заслугі ў галіне ветэрынарнай навукі Майсею Калінікавічу ў 1958 г. было прысуджана званне заслужанага дзеяча навукі БССР. Ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1954) і «Знак Пашаны» (1958, 1968), медалямі. Імя вучонага прысвоена школе ў в. Заверша. На будынку Інстытута эксперыментальнай ветэрынарыі імя С.М. Вышалескага ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар М.К. Юскаўца.