Сыракомля Уладзіслаў (сапраўднае імя Кандратовіч Людвік Францішак Уладзіслаў)
Дата нараджэння:
29.09.1823 Смольгава, в., Любанскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
15.09.1862
Кароткая даведка:
польскі і беларускі паэт, перакладчык, крытык, краязнавец, археолаг, член Віленскай археаграфічнай камісіі
Псеўданімы:
Сыракомля Уладзіслаў; Сырокомля Владислав
Варыянты імя:
Кандратовіч Людвік
Імёны на іншых мовах:
Kondratowicz Ludwik (польская); Syrokomla Władysław (польская); Кондратович Людвик (руская); Сырокомля Владислав (руская);
5508 сімвалаў
Даведка
Уладзіслаў Сыракомля (сапраўднае імя Людвік Францішак Уладзіслаў Кандратовіч), паэт-гуманіст, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык, этнограф, увайшоў у гісторыю беларускай і польскай літаратуры як аўтар высокамастацкіх паэтычных твораў, гісторыка-літаратурных прац, цудоўных перакладаў.
Нарадзіўся ён у фальварку Смольгава Бабруйскага павета Мінскай губерні (цяпер в. Смольгава Любанскага раёна Мінскай вобласці) у сям’і арандатара. Адукацыю У. Сыракомля атрымаў у дамініканскіх школах у Нясвіжы (1833–1835) і Навагрудку (1826–1837). Працаваў у Нясвіжскай канцылярыі кіраўніцтва радзівілаўскімі маёнткамі (1841–1844). Тут ён атрымаў магчымасць знаёміцца з класічнай літаратурай, перыёдыкай, архівамі Радзівілаў. У 1844–1852 гг. арандаваў фальварак Залучча (Стаўбцоўскі раён), з 1853 г. – Барэйкаўшчына (каля Вільні), дзе цалкам раскрыўся яго паэтычны талент. Уладзіслаў Сыракомля шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве і Польшчы, неаднаразова наведваў Познань. У 1858 г. над ім быў устаноўлены тайны паліцэйскі нагляд. За патрыятычныя выступленні на антыцарскіх маніфестацыях у красавіку 1861 г. быў арыштаваны і заключаны ў віленскую турму, але хутка быў вызвалены як хворы на сухоты.
Літаратурная спадчына У. Сыракомлі даволі вялікая. Большасць твораў напісана на польскай мове, але ўсе яны пабудаваны на беларускім матэрыяле: паэт адлюстроўваў тагачасную рэчаіснаць свайго краю, звяртаўся да яго гістарычнага мінулага, з вялікім майстэрствам апісваў прыгажосць прыроды Беларусі. Упершыню У. Сыракомля выступіў у друку з вершам “Паштальён” (віленскі часопіс “Athenaeum” (“Атэнэум”), 1844), жанрава вызначаным самім пісьменнікам як “народная гутарка”. Твор набыў вялікую папулярнасць, быў перакладзены ў скарочаным варыянце на рускую мову Л. Трэфалевым і стаў вядомай песняй “Когда я на почте служил ямщиком...”. Героем верша з’яўляецца просты чалавек (паштальён), які расказвае пра сваю жыццёвую трагедыю. Такім чынам вызначыўся асноўны жанр яго паэзіі. Героямі вершаў звычайна былі беларускія сяляне або шляхціцы. Уладзіслаў Сыракомля заўсёды падкрэсліваў адзінства сваёй творчасці з народам, яго інтарэсамі і спадзяваннямі. У гэты перыяд паэт напісаў яшчэ шэраг вершаў: “Дабрародны Ян Дэмбарог”, “Хадыка”, “Ілюмінацыя”, “Лірнік вясковы”, “Прысвячэнне ліцвінам народных гутарак”, “Бусел” і інш. У 1850-я гг. у яго лірыцы ўзмацніліся грамадзянскія матывы (“Вызваленне сялян”, “Сахар-мароз”, “Улас”).
Уладзіслава Сыракомлю цікавілі гістарычныя падзеі, што сведчылі пра патрыятызм продкаў, іх імкненне да свабоды і шчасця, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля вызвалення Айчыны. Гэты матыў прагучаў у творах “Соф’я, княжна Слуцкая”, “Марцін Студзенскі”. Гораду Нясвіжу і яго былым уладарам паэт прысвяціў шэсць санетаў, якія аб’яднаў у цыкле “Успаміны пра Нясвіж” (1844). У адным з іх пад назвай “Труны Радзівілаў у езуіцкім касцёле” гаворыцца:
Былі й яны людзі – тут блюзніць не буду,
Ды што, каб яны раптам з трун паўставалі?
Зноў падалі б ніц каля іх з перапуду?
Яны ж бы на вас і зірнуць не жадалі...
Паэт шырока выкарыстоўваў сюжэты і вобразы беларускага фальклору. Асабліва моцна захапіў лірызм беларускіх народных песень, уплыў якіх адчуваецца ў вершах “Крук”, “Груган”, “Жніўная песня”, “Доля” і інш. У апошнім з іх У. Сыракомля з горыччу і надзеяй пісаў:
Дзе ты лепшая, дзе доля?
Прыбудзь – хай пазнаем!
Прымем хлебам, прымем соляй.
Шчыра прывітаем.
Шэраг празаічных і навуковых твораў прысвечаны праблемам гісторыі, этнаграфіі і мовы беларусаў. Сярод іх – “Вандроўкі па маіх былых ваколіцах” (1853), “Кароткае даследаванне мовы і характару паэзіі русінаў Мінскай правінцыі” (1856), “Мінск” (1857), “Нёман ад вытокаў да вусця” (1861), нататкі аб мінулым Нясвіжа для кнігі М. Балінскага “Старажытная Польшча”, шматлікія краязнаўчыя артыкулы ў перыядычным друку. Уладзіслаў Сыракомля надрукаваў чатыры артыкулы аб творчасці В. Дуніна-Марцінкевіча (1855–1861), дзе паслядоўна абараняў права беларускага народа на развіццё ўласнай літаратуры.
Ён напісаў таксама паэмы “Маргер”, “Стэла Фарнарына”, лібрэта кантаты “Францішак Асізскі”. У тэатры былі пастаўлены п’еса “Хатка ў лесе” і гістарычная драма “Каспер Карлінскі”.
З друку выйшлі шэсць тамоў яго перакладаў паэтаў-лаціністаў XVI–XVIII стст., некалькі зборнікаў паэм-гутарак, “Гісторыя літаратуры ў Польшчы...” (т. 1–2, 1850–1852). Таксама апрацоўваў і перакладаў беларускія народныя песні.
З беларускіх твораў У. Сыракомлі зберагліся агітацыйны антыцарскі верш “Добрыя весці” (1848, 1861) і вершаваная лірычная мініяцюра “Ужо птушкі пяюць усюды...” (1861), дзе закраналіся новыя для беларускай літаратуры тэмы і паняцці, выкарыстоўваліся не асвоеныя яшчэ беларускімі аўтарамі мастацкія сродкі.
Творчасць У. Сыракомлі прасякнута палымяным патрыятызмам, глыбокім веданнем гісторыі радзімы, характару, звычаяў, асаблівасцей нацыянальнай псіхалогіі беларусаў. На беларускую мову яго вершы перакладалі А. Абуховіч, Я. Лучына, Я. Купала, А. Паўловіч, Г. Леўчык, М. Машара, У. Дубоўка, М. Лужанін, К. Цвірка, У. Мархель і інш. Памяці У. Сыракомлі прысвяцілі вершы Я. Лучына, А. Плуг, Я. Купала. На словы паэта вядомы кампазітар С. Манюшка напісаў каля 20 песень, найбольш вядомая з іх “Вечаровая”.
У Барэўкаўшчыне, дзе прайшлі апошнія дзесяць гадоў жыцця паэта, створаны музей-бібліятэка У. Сыракомлі. Яго імем названы вуліцы ў Нясвіжы і Мінску.