Кароткая даведка:
вучоны ў галіне металазнаўства, акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1978), кавалер ордэна Дружбы народаў (1974)
Варыянты імя:
Гораў Канстанцін Васілевіч
Імёны на іншых мовах:
Горев Константин Васильевич (руская);
2334 сімвалы
Даведка
Канстанцін Васілевіч Гораў нарадзіўся ў в. Лінёва Сямёнаўскага павета Ніжагародскай губерні (цяпер Борскі раёна Ніжагародскай вобласці, Расія) у сялянскай сям’і. Пасля заканчэння рабфака вучыўся ў Маскоўскай Горнай акадэміі. Скончыў Маскоўскі інстытут каляровых металаў і золата (1930), аспірантуру (1933). У 1933‒1935 гг. працаваў асістэнтам, у 1935‒1938 гг. ‒ дацэнтам на кафедры металазнаўства. Адначасова вучыўся ў дактарантуры пры Інстытуце неарганічнай хіміі Акадэміі навук СССР. У 1935 г. яму прысвоена вучонае званне дацэнта. У 1937 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1938 г. накіраваны на працу ў Акадэмію навук БССР. У гэтым жа годзе стаў акадэмікам і да 1947 г. быў прэзідэнтам АН БССР. У 1947‒1949 гг. з’яўляўся дырэктарам Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР, адначасова з 1947 г. ‒ акадэмікам-сакратаром АН БССР. У 1948‒1950 гг. ён старшы навуковы супрацоўнік Фізіка-тэхнічнага інстытута АН БССР. У 1950‒1973 гг. загадваў лабараторыяй металазнаўства. З 1969 па 1973 г. быў віцэ-прэзідэнтам АН БССР, выконваў абавязкі акадэміка-сакратара Аддзялення фізіка-тэхнічных навук (1974–1975). З 1976 г. з’яўляўся старшым навуковым супрацоўнікам-кансультантам лабараторыі металазнаўства.
Канстанцін Васілевіч ‒ аўтар навуковых прац, прысвечаных металазнаўству і тэрмічнай апрацоўцы металаў, хіміка-тэрмічнай апрацоўцы сталей, удасканаленню тэхналагічных метадаў павышэння іх механічных уласцівасцей. Сярод іх ‒ «Ультразвуковая обработка металлов» (1966, у суаўтарстве), «Развитие теории и практики металлообработки в БССР» (1967, у суаўтарстве) і інш. Вучоны ўнёс значны ўклад у распрацоўку высокатрывалых чыгуноў, мадыфікаваных магніем. Таксама прымаў удзел у распрацоўцы новага спосабу атрымання кампазіцыйных матэрыялаў. Пад яго кіраўніцтвам абаронена 3 доктарскія і 14 кандыдацкіх дысертацый. У 1968‒1987 гг. быў галоўным рэдактарам часопіса «Весці АН БССР. Серыя фізіка-тэхнічных навук».
У 1968 г. К. В. Гораў атрымаў званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР. У 1978 г. за даследаванне, распрацоўку і ўкараненне новага тэхналагічнага працэсу вытворчасці высокаякаснага алюмініевага ліцця з выкарыстаннем другасных сплаваў удастоены Дзяржаўнай прэміі БССР. Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1939, 1971), Дружбы народаў (1974), Кастрычніцкай Рэвалюцыі (1979), медалямі.