Нялёгкі шлях у мастацтве выбраў знакаміты беларускі кінарэжысёр Леў Уладзіміравіч Голуб: ён ствараў фільмы для самых дапытлівых і шчырых – дзяцей. У гэтай справе недастаткова валодаць майстэрствам рэжысуры, трэба яшчэ быць педагогам і выхавальнікам, ведаць дзіцячую псіхалогію, умець гаварыць пра сур’ёзныя рэчы проста і займальна, ведаць, як зацікавіць і выклікаць прыхільнасць маленькіх акцёраў і гледачоў.
Нарадзіўся Леў Уладзіміравіч у Днепрапятроўску (Украіна). У 1928 г. скончыў Дзяржаўны тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (цяпер Усерасійскі дзяржаўны ўніверсітэт кінематаграфіі імя С. А. Герасімава), дзе прайшоў вялікую школу майстэрства ў такіх выдатных рэжысёраў, як Я. Пратазанаў і А. Роом. Свае першыя мастацкія фільмы “Шчаслівыя кольцы” (1929) і “Песня пра першую дзяўчыну” (1930) Л. Голуб стварыў разам з аднакурснікам М. Садковічам. Пасля заканчэння тэхнікума Леў Голуб працаваў рэжысёрам-дакументалістам на кінастудыях Масквы, Алма-Аты, Навасібірска, дзе ствараў навукова-папулярныя, дакументальна-хранікальныя і вучэбныя фільмы.
У 1946 г. Л. Голуб прыйшоў на “Беларусьфільм”. У Мінску ім былі створаны кінанарысы “Белавежская пушча” (1947), “Савецкая Беларусь” (1948), “Шчасце народа” (1949), падрыхтаваны першыя выпускі кіначасопіса “Піянер Беларусі” (1950–1952). У 1954 г. Леў Голуб разам з М. Фігуроўскім знялі прыгодніцкі фільм “Дзеці партызана”, які паклаў новы этап у творчасці рэжысёра – “дзеці і вайна”.
У кожнай карціне Льва Уладзіміравіча – “Дзеці партызана”, “Міколка-паравоз”, “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Вуліца малодшага сына”, “Пушчык едзе ў Прагу”, “Анюціна дарога”, “Паланэз Агінскага”, “Маленькі сяржант” – незалежна ад тэматыкі фільма і часу развіцця падзей прысутнічае прыгодніцкі элемент. Па меркаванні рэжысёра, менавіта рамантычна-прыгодніцкі жанр мае найбагацейшыя магчымасці для размовы з дзецьмі аб выхаванні такіх важных рыс характару, як сумленнасць, сапраўднае сяброўства, любоў да Радзімы. Адметнай асаблівасцю стужак Л. Голуба з’яўляюцца сіла і праўдзівасць вобразаў галоўных герояў – дзяцей і падлеткаў, якіх заўсёды вылучае незвычайная мужнасць. Сюжэтную аснову фільмаў рэжысёра складаюць сур’ёзныя тэмы – пераломныя моманты ў жыцці краіны, народа, асобных людзей – час, калі правяраецца сапраўдная чалавечая годнасць. Аднак прадстаўленне важных гістарычных падзей адбываецца праз дзіцячае ўспрыманне, бо ў цэнтры яго твораў заўсёды лёс маленькага чалавека.
Цікавыя падзеі, дынамічны сюжэт, актыўнасць галоўнага героя, аптымізм – вось бясспрэчныя кампаненты поспеху фільмаў Льва Голуба. Вялікая удача рэжысёра – карціны “Міколка-паравоз” і “Дзяўчынка шукае бацьку”. Складаны шлях маленькай дзяўчынкі Лены да бацькі, партызанскага камандзіра – гэта толькі знешні бок сюжэта. Ён выкарыстаны, каб паказаць мужнасць савецкіх людзей – старога лесніка, яго ўнука Янкі, вясковага фельчара, якія рызыкавалі сваім жыццём, імкнуліся зберагчы дзяўчынку ад фашыстаў. У 1960 г. на ІІІ Усесаюзным кінафестывалі ў Мінску стужка атрымала першую прэмію за лепшы фільм для дзяцей і юнацтва.
У 1964 г. за асаблівыя заслугі ў справе развіцця мастацтва рэспублікі Л. Голубу было прысвоена ганаровае званне народнага артыста Беларусі, у 1968 г. – званне лаўрэата прэміі Ленінскага камсамола Беларусі. У 1972 г. за фільмы “Дзяўчынка шукае бацьку”, “Анюціна дарога” і “Паланэз Агінскага”, якія склалі героіка-патрыятычную прыгодніцкую трылогію, рэжысёр быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР у галіне кінематаграфіі. Акрамя таго, творчасць Л. Голуба адзначана ўзнагародамі міжнародных кінафестываляў.
Няшмат фільмаў зняў Леў Уладзіміравіч Голуб, аднак усе яны, поўныя дабрыні і светлых пачуццяў, адпавядалі галоўнаму творчаму крэда рэжысёра – служыць добрым прыкладам для выхавання моладзі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.