Дата нараджэння:
14.10.1899 Слабада-Кучынка, в., Капыльскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
10.10.1938
Кароткая даведка:
пісьменнік, крытык, адзін з арганізатараў і кіраўнікоў літаратурных аб'яднанняў "Маладняк" і "Узвышша"
Псеўданімы:
А-м Б-а; А.Б-ка; А.Б.; А.Ч.; Гаротны; Гаротны Адам; Каліна Якім; Кужаль Янка; Малады Настаўнік; Рэка А.; Чырвоны; Чырвоны Адам; Чэмер А.
Імёны на іншых мовах:
Бабареко Адам Антонович (руская);
4068 сімвалаў
Даведка
Прыкметнай постаццю ў літаратурным руху 1920–1930-х гг. быў літаратуразнавец, таленавіты крытык, празаік і паэт Адам Антонавіч Бабарэка, адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў літаратурна-мастацкіх згуртаванняў «Маладняк» і «Узвышша».
Нарадзіўся ён у в. Слабада-Кучынка Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці) у сям’і беззямельных сялян. Вучыўся ў Слуцкай бурсе, скончыў Мінскую духоўную семінарыю. З 1918 г. працаваў настаўнікам у школах Случчыны. У час польскай ваеннай інтэрвенцыі А. Бабарэка прымаў актыўны ўдзел у падпольным і партызанскім руху. У 1920 г. быў арыштаваны польскімі ўладамі. Прайшоў праз жорсткія катаванні ў слуцкай турме. Пасля вызвалення Беларусі зноў настаўнічаў, быў членам рэўкама, загадваў валасным аддзелам народнай асветы, займаўся культурна-асветніцкай працай. У 1921–1922 гг. быў чырвонаармейцам. Пасля дэмабілізацыі паступіў на этнолага-лінгвістычнае аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Вучобу сумяшчаў з працай у школе і рэдакцыі газеты «Савецкая Беларусь». У 1926–1929 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Камуністычным універсітэце Беларусі, з 1928 г. з’яўляўся асістэнтам кафедры беларускай літаратуры БДУ.
У ранні перыяд творчасці А. Бабарэка захапляўся паэзіяй. Пісаў пад псеўданімамі Якім Каліна, Адам Чырвоны, Адам Гаротны і інш. Аптымістычныя, напоўненыя рамантычным пафасам, вершы адлюстроўвалі падзеі рэвалюцыі і новага жыцця, сацыялістычнае будаўніцтва. Першае апавяданне А. Бабарэкі «То толькі сон…» было апублікавана ў газеце «Звон» у 1919 г.). З 1922 па 1926 г. пісьменнік надрукаваў больш за 20 апавяданняў, імпрэсій (як пад сапраўдным прозвішчам, так і пад псеўданімамі А. Чэмер, Я. Каліна, крыптанімамі А-м Б-а, А. Б., А. Б-ка). Яны маюць розныя жанрава-стылявыя характарыстыкі. Ёсць апавяданні гумарыстычнага і сатырычнага зместу («Мікіта Шпэндзік», «Амэлька Хабарка», «Шкляны бог», «Як красназорцы зямлі сцураліся», «Цупрон хлюст»), на бытавую тэму («Максім Трапкач», «Скура гарыць», «Новы быт, ці Змітрава вяселле»), алегарычныя навелы ў стылі коласаўскіх «Казак жыцця» («Каля балота»), імпрэсіі-прыпавесці (цыкл «Вобразы без рамак і асадкі»). Ён з’яўляецца таксама аўтарам успамінаў «У патайкох» і «У дні белапольскага панавання». У 1925 г. выйшаў адзіны прыжыццёвы зборнік пісьменніка «Апавяданні».
Першай грунтоўнай працай А. Бабарэкі ў галіне крытыкі стаў артыкул «Лірыка Міхася Чарота» (1923, апублікаваны ў 1925 г.). У ім даследчык прадэманстраваў уменне аналізаваць мастацкую структуру твора, сістэму вобразаў і аўтарскі стыль. Дзякуючы аналітычнаму складу мыслення, эрудыцыі, адказнаму падыходу да справы, А. Бабарэка стаў вядучым крытыкам «Маладняка». Пісьменнік займаўся распрацоўкай эстэтычнай платформы гэтага аб’яднання, што знайшло адлюстраванне ў артыкулах «Крытычна-літаратурная сучаснасць» і «Вясну радзіла восень» (1925).
У 1926 г. А. Бабарэка разам з К. Чорным, К. Крапівой, У. Дубоўкам, П. Глебкам, Я. Пушчай, М. Лужаніным стаў адным з заснавальнікаў і літаратурным сакратаром новага літаратурна-мастацкага згуртавання «Узвышша». У 1926–1930 гг. на старонках часопіса «Узвышша» былі апублікаваны яго артыкулы «З літаратурных нататак», «Максім Багдановіч у літаратурных ацэнках», «Беларуская літаратура да Х гадавіны БССР», «Узвышэнская паэзія» і інш.
Ёсць у спадчыне пісьменніка даследаванні пра творчасць З. Бядулі, Я. Коласа, К. Крапівы, К. Чорнага, У. Дубоўкі, кароткія рэцэнзіі на творы А. Якімовіча, П. Труса, Т. Кляшторнага і іншых аўтараў. Першым з маладых крытыкаў А. Бабарэка пачаў гаварыць пра неабходнасць вывучэння старажытнай беларускай літаратуры, творчасці Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага. Ён узнімаў шэраг складаных тэарэтычных пытанняў і праблем развіцця беларускай літаратуры.
Здольны і ўважлівы крытык знахозіўся ў самым росквіце творчых сіл, калі ў ліпені 1930 г. ён быў беспадстаўна арыштаваны і высланы за межы Беларусі. Улетку 1937 г. А. Бабарэка быў арыштаваны паўторна. Памёр у лагеры ў кастрычніку 1938 г. Рэабілітаваны ў 1957 і 1959 гг.