Дата нараджэння: 27.11.1904
Дата смерці: 08.01.1985
Кароткая даведка: акцёр, народны артыст Беларусі
Імёны на іншых мовах: Звездочётов Николай Петрович (руская);
Мікалай Пятровім Звездачотаў нарадзіўся ў Пензе (Расія). Бацька будучага артыста працаваў паштальёнам. Адна з сясцёр стала настаўніцай, яна і аказвала на брата вялікі ўплыў, абуджала ў ім цікавасць да мастацтва, развівала здольнасці. Мікалай Звездачотаў удзельнічаў у клубнай агітбрыгадзе, якая вандравала па навакольных вёсках з выступленнямі. У 1925 г. паступіў у Ленінградскі тэатральны тэхнікум. Пасля заканчэння вучобы (1929) стаў артыстам Беларускага тэатра імя Я. Коласа ў Віцебску, з якім назаўсёды звязаў сваё жыццё (пакінуў сцэну ў 1977 г.).
Яшчэ ў гады вучобы М. Звездачотаў звяртаў на сябе ўвагу педагогаў сваёй шчырасцю і прастатой у перадачы сцэнічных вобразаў, прыхільнасцю да сучаснага рэпертуару. У тэатры на працягу першых шасці гадоў працы стварыў у пошуках сваёй творчай індывідуальнасці многа запамінальных характэрных вобразаў. Безумоўнай удачай у гэтым напрамку з'явілася першая вялікая роля камісара Гуліна ў спектаклі «Байцы» Б. Рамашова. Пачынаючы з гэтага вобраза, М. Звездачотаў сцвярджае сябе як артыст сучаснай тэмы.
Грамадскае прызнанне маладога артыста садзейнічала замацаванню яго творчасці менавіта на гэтай глебе. Асабліва поўна раскрыўся талент М. Звездачотава ў ролі салдата-бальшавіка ў спектаклі «Чалавек з ружжом» М. Пагодзіна, якую ён сыграў у 1938 г. Творчы поспех быў адзначаны прысваеннем звання заслужанага артыста БССР. У вобразе Шадрына артыст пераканаўча паказаў яго высокія чалавечыя якасці, няспынную энергію ў барацьбе за народную справу, нараджэнне ў цёмнага салдата-франтавіка рэвалюцыйнай свядомасці. Гэтымі ідэйнымі якасцямі адзначаны і іншыя ролі такога ж плана ў п'есах рускіх і беларускіх аўтараў: камісара Кошкіна («Любоў Яравая» К. Транёва), Глобы («Рускія людзі» К. Сіманава), старшыні павятовага камітэта («Шторм» У. Біль-Белацаркоўскага), Міная і Люднікава («Заложнікі» і «Неспакойныя сэрцы» А. Кучара). Вобразы, створаныя М. Звездачотавым, жыццёва праўдзівыя сваёй чалавечай прыгажосцю і веліччу душы.
У кожную ролю акцёр уносіў новыя штрыхі, новыя рысы паводзін. У выніку гледачу давалася яскравае ўяўленне аб чалавеку нашай эпохі, раскрываўся характар людзей у складаных жыццёвых абставінах. Мэтанакіраванасць, цэласнасць характару, нязломнасць волі ўласцівы такім персанажам, як Алесь («Вайна вайне» Я. Коласа), Арджанікідзе («Над Бярозай-ракой» П. Глебкі), Стрыжань, Бераст («Гібель эскадры», «Платон Крэчат» А. Карнейчука), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К. Сіманава), Марка Бяссмертны («Праўда і крыўда» паводле М. Стэльмаха), Бонч-Бруевіч («Шостага ліпеня» М. Шатрова), Трафім Кічыгін («Шануй бацьку свайго» В. Лаўрэнцьева), Крыніца («Трывога» А. Петрашкевіча).
Мікалай Звездачотаў – артыст шырокага творчага дыяпазону. Віртуозна, камедыйна падкрэслена выконваў ролі Раманюка («Калінавы гай» А. Карнейчука), доктара Райсера («Доктар філасофіі» Б. Нушыча), Добрых («Амністыя» М. Матукоўскага). Сатырычнай завостранасцю і ўзбуйненасцю вызначаліся характары Горлава («Фронт» А. Карнейчука), Чарнухі («Песня нашых сэрцаў» В. Палескага), Каліберава («Выбачайце, калі ласка!» А. Макаёнка). Буйны адмоўны вобраз стварыў артыст у спектаклі «Людзі і д'яблы» К. Крапівы, у якім сыграў ролю правакатара Скробата. Выразна выпісаная драматургам, роля дае выключны матэрыял для матывіроўкі ўчынкаў, раскрываючы псіхалогію здрадніцтва, яго сацыяльныя карані. Не шкадуючы яркіх фарбаў для выкрыцця свайго персанажа, М. Звездачотаў паступова зрывае з яго чалавечае аблічча, і перад гледачом паўстае нікчэмная істота, пазбаўленая сумлення і гонару. Высокае прафесійнае майстэрства акцёра дапамагло яму па-мастацку пераканаўча ўвасобіць адзін з найбольш складаных вобразаў беларускай драматургіі.
Значным поспехам М. Звездачотава ў беларускім рэпертуары было выкананне ролі Невядомага ў драме «Раскіданае гняздо» Я. Купалы. Акцёр стварыў вобраз перадавога чалавека, рэвалюцыйнага рамантыка. Вялікі тэмперамент, глыбокае пранікненне ў аўтарскую задуму, высокая ідэйнасць вобраза дазваляюць аднесці гэтую працу да бясспрэчных дасягненняў нацыянальнага тэатра.
Мікалай Звездачотаў стварыў шэраг яркіх вобразаў у класічным рэпертуары. Доказам шырыні творчага дыяпазону акцёра з'яўляюцца ролі Гараднічага («Рэвізор» М. Гогаля) і Кураслепава («Гарачае сэрца» А. Астроўскага), якія ён сыграў з бліскучым камедыйным талентам. Вылучаюцца такія ролі, як Следчы («Жывы труп» Л. Талстога), Салёны («Тры сястры» А. Чэхава), Клаўдзій, Глостэр («Гамлет», «Кароль Лір» У. Шэкспіра), граф Шрусберы («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера). Асабліва шмат М. Звездачотаў выступаў у п'есах А. Астроўскага – Карандышаў, Маргарытаў, Нешчасліўцаў, («Беспасажніца», «Позняе каханне», «Лес») і М. Горкага – Цецераў, Ягор Булычоў, Суслаў, Сацін, Лёўшын («Мяшчане», «Ягор Булычоў і іншыя», «Дачнікі», «На дне», «Ворагі»).
Артыст яркай сцэнічнай індывідуальнасці, у кожнай сваёй ролі М. Звездачотаў ішоў ад агульнага бачання, унутранага і знешняга ўяўлення аб вобразе. Падчас працы над роллю ён распрацоўваў рысы характару персанажа, напаўняў яго рэалістычнымі падрабязнасцямі, жывымі інтанацыямі. Галоўным у творчасці акцёра было раскрыццё духоўнага жыцця свайго героя, яго думкі, ідэі, увасабленне іх у адпаведную знешнюю форму, заўсёды пераканаўчую і мастацкі рэалістычную.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2014 г.