Дата нараджэння:
25.12.1904 Вародзькаў, в., Крычаўскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
20.02.1995
Кароткая даведка:
ваенны дзеяч, генерал арміі, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (1944, 1945), кавалер ордэнаў Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І ступені, Чырвонай Зоркі і інш.
Імёны на іншых мовах:
Гусаковский Иосиф Ираклиевич (руская);
4281 сімвал
Даведка
Незвычайную мужнасць і адданасць Радзіме праявіў савецкі народ падчас Вялікай Айчыннай вайны. Адным з праслаўленых танкістаў перыяду ваеннага ліхалецця быў Іосіф Гусакоўскі, пад камандаваннем якога танкі заўжды былі на галоўных напрамках, першымі фарсіравалі водныя перашкоды і ўступалі ў населеныя пункты. Менавіта таму імя двойчы Героя Савецкага Саюза, генерала арміі, слаўнага сына беларускага народа Іосіфа Іракліевіча Гусакоўскага ніколі не будзе забыта.
Нарадзіўся будучы ваенны дзеяч у в. Вародзькаў Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў вялікай і дружнай сялянскай сям'і, у якой акрамя яго былі яшчэ пяцёра сыноў і дзве дачкі. Усе браты Гусакоўскія звязалі сваё жыццё са службай у радах Узброеных Сіл, але менавіта прыклад старэйшых братоў – Адама і Фёдара, актыўных удзельнікаў грамадзянскай вайны, адыграў вырашальную ролю ў выбары Іосіфам Гусакоўскім ваенных сцяжын. У 1928 г. ён дабравольна ўступіў у рады Чырвонай Арміі. У 1931 г. І. Гусакоўскі скончыў кавалерыйскую школу, у 1932 г. – бранятанкавыя курсы, а у 1934 г. – штабныя курсы. Служыў на камандных і штабных пасадах.
Баявы шлях у Вялікай Айчыннай вайне для Іосіфа Гусакоўскага пачаўся летам 1941 г. пад Ельняй, дзе ён атрымаў сваю першую ўзнагароду – медаль «За адвагу». Падчас вайны І. Гусакоўскі займаў пасады начальніка штаба танкавага палка, потым танкавай брыгады, а з верасня 1943 г. і да канца вайны быў камандзірам 112-й танкавай брыгады. Іосіф Іракліевіч валодаў бясцэнным франтавым вопытам, невычэрпнай энергіяй і працавітасцю, быў выдатным арганізатарам. Ён удзельнічаў у баях пад Масквой, на Курскай дузе, вызваленні Украіны, Польшчы. За мужнасць і гераізм, якія праявіў асабісты састаў у барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, 112-я танкавая брыгада Іосіфа Гусакоўскага ў кастрычніку 1943 г. была пераўтворана ў 44-ю гвардзейскую танкавую брыгаду. На яе ўскладалі самыя цяжкія і адказныя задачы, адпраўлялі на самыя небяспечныя напрамкі. 44-я гвардзейская танкавая брыгада пад камандаваннем І. Гусакоўскага была адзінай у Чырвонай Арміі, якую ўзнагародзілі 8 ордэнамі, сярод якіх ордэн Чырвонай Зоркі, ордэн Леніна, ордэн Суворава ІІ ступені, ордэн Кутузава ІІ ступені і інш.
Іосіф Іракліевіч вызначыўся пры знішчэнні бродаўскай групоўкі праціўніка ў ходзе Львоўска-Сандамірскай аперацыі 1944 г., за якую атрымаў Залатую Зорку Героя Савецкага Саюза. Асабліва цяжкай была Вісла-Одэрская аперацыя 1945 г. (фарсіраванне р. Піліца і авалоданне г. Ловіч). Брыгада апярэдзіла адступаючыя часткі немцаў і выйшла да апорнага пункта Мезярыцкага ўмацаванага раёна. Ён складаўся з вялікай колькасці жалезабетонных агнявых умацаванняў з гарматна-кулямётнымі каўпакамі, злучаных падземнымі хадамі з рознымі сістэмамі жыццезабеспячэння. Раён быў аснашчаны супрацьтанкавымі равамі, міннымі палямі з фугасамі. Не чакаючы падыходу галоўных сіл корпуса, дзёрзкай атакай брыгада сарвала абарону праціўніка, зайшла ў яго тыл. За сваю мужнасць танкавая брыгыда І. Гусакоўскага была ўзнагароджана шматлікімі ордэнамі і медалямі, а сам Іосіф Іракліевіч за высокае баявое майстэрства і ўмелае кіраванне брыгадай атрымаў другую Залатую Зорку Героя Савецкага Саюза. Танкісты І. Гусакоўскага заўжды знаходзіліся на вастрыі атакі, імкнуліся маланкавым ударам захапіць плацдарм, менавіта таму яны першымі ў складзе арміі ўступілі на тэрыторыю Германіі і штурмавалі Берлін.
У ліпені 1945 г. І. Гусакоўскаму было прысвоена званне генерал-маёра танкавых войск. У пасляваенны час ён скончыў Ваенную акадэмію Генштаба (1948). Займаў пасады камандзіра танкавай дывізіі, памочніка камандуючага войскамі ваеннай акругі па бранятанкавых і механізіраваных войсках, камандуючага войскамі Прыбалтыйскай ваеннай акругі (1959–1963). З 1963 г. І. Гусакоўскі быў начальнікам Галоўнага ўпраўлення кадраў Міністэрства абароны СССР, з 1968 г. – генерал арміі, з 1970 г. – у Групе генеральных інспектараў Міністэрства абароны СССР.
Іосіф Іракліевіч Гусакоўскі ўзнагароджаны 14 баявымі ордэнамі, шматлікімі замежнымі ордэнамі і медалямі. У Магілёве ўстаноўлены бронзавы бюст военачальніка, а ў Крычаве яго імем названа вуліца. У 2004 г. у паштовае карыстанне быў уведзены мастацкі канверт з арыгінальнай маркай, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння І. Гусакоўскага.