Дата нараджэння:
08.02.1810 Ула, г. п., Бешанковіцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
13.01.1885
Кароткая даведка:
жывапісец, акадэмік жывапісу, творчасць якога звязана з мастацкім жыццём Беларусі, Літвы і Расіі, прызнаны майстар нацюрморта, партрэтыст, аўтар пейзажаў, інтэр'ераў, алтарных карцін, абразоў
Варыянты імя:
Хруцкі Іван Трафімавіч
Імёны на іншых мовах:
Хруцкий Иван Трофимович (руская); Хруцкий Иван Фомич (руская);
4983 сімвалы
Даведка
Іван Фаміч Хруцкі ўвайшоў у гісторыю сусветнага жывапісу як заснавальнік класічнага нацюрморта і як аўтар шматлікіх партрэтаў, пейзажаў, інтэр’ераў.
Нарадзіўся будучы мастак у мястэчку Ула на Лепельшчыне (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і уніяцкага святара. Першапачатковую мастацкую адукацыю І. Хруцкі атрымаў у Полацкім калегіуме, пасля заканчэння якога ў 1927 г. паехаў у Пецярбург. Два гады браў прыватныя ўрокі ў мастака-партрэтыста англічаніна Д. Дау і адначасова быў вольным слухачом Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, дзе вучыўся ў вядомага мастака-партрэтыста А. Варнекі. Малады мастак удасканальваў сваё майстэрства, працуючы ў Эрмітажы, дзе рабіў копіі твораў вядомых еўрапейскіх жывапісцаў.
Мастак-беларус І. Хруцкі праславіўся перш за ўсё як майстар нацюрморта. З яго імем асацыіруюцца прыгожыя дэкаратыўныя кампазіцыі, напісаныя рупліва, падрабязна, любоўна. Большасць нацюрмортаў выканана ў час вучобы ў Пецярбургу. Першы поспех прыйшоў у 1836 г., калі Савет Акадэміі мастацтваў адзначыў яго работу-нацюрморт “Кветкі і плады” вялікім сярэбраным медалём, а ў 1838 г. – малым залатым медалём за нацюрморты “Кветкі і плады” і “Старая, якая вяжа панчоху”. У 1839 г. І. Хруцкаму было прысвоена званне акадэміка за выдатныя працы ў партрэтным, пейзажным жывапісе і асабліва за напісанне нацюрмортаў. У гэты перыяд, калі паспяхова складвалася творчае жыццё мастака, памёр яго бацька. І. Хруцкі вымушаны быў пакінуць Пецярбург і пераехаць з сям’ёю ў маёнтак Захарнічы каля Полацка. Там жыў і плённа працаваў да канца сваіх дзён.
Сярод нацюрмортаў вылучаецца “Кветкі і садавіна” (1839). Вакол вазы з кветкамі размешчаны садавіна і ягады: вінаград і яблыкі злева, кошык з парэчкамі справа. І. Хруцкі ілюзорна выпісвае пялёсткі кветак, скурку яблыкаў, сліў. Адчуваецца цвёрдасць яблыкаў, сакавітасць сліў, празрыстасць вінаградзін. Ваза з кветкамі прываблівае маляўнічай разнастайнасцю. Тут прысутнічаюць розныя адценні: пералівы ружаватых, жаўтаватых, белых і чырвоных тонаў. Іграючы адценнямі, колерамі, формамі мастак намагаецца ажывіць кампазіцыю. На карціне “Плады” (1839) адлюстраваны прадметы самыя звычайныя: рыба ў медным тазіку, цыбуля, морква, агуркі, грыбы ў плеценым кошыку. Вялікая па памеры кампазіцыя вызначаецца выразнасцю, яснасцю пабудовы, дакладнай манерай пісьма. Кантраст светлаценю, размераны рытм надае твору ўзнёсла-ўрачысты характар. Мастак адкрывае гледачу прыгажосць паўсядзённасці: ён любуецца цвёрдай морквай, толькі што памытай, з бліскучай паверхняй, сакавітымі яблыкамі, грыбамі, толькі што прынесенымі з лесу, з лясным пахам, і, вядома, гарбузом, важкасць і аб’ём якога падкрэслены святлаценем. І. Хруцкі шмат у чым абапіраўся на традыцыі галандскага нацюрморта XVII ст., дзе, як і ў рускім мастацтве XVIII ст., былі папулярныя так званыя нацюрморты-падманкі, адметныя асаблівай ілюзорнасцю. Элементы “падманкі” прысутнічаюць і ў кампазіцыі “Плады”. Гэта нож, які ляжыць справа ад гарбуза, ручка яго як бы выходзіць наперад, за плоскасць палатна, і ствараецца ўражанне, што нож можна ўзяць рукамі. У творчым багажы мастака ёсць і такія нацюрморты, як “Грыбы і агуркі” (1839), “Нацюрморт са свечкай” (1839), “Садавіна і птушка” (1830-я гг.), “Бітая дзічына, агародніна і грыбы” (1854) і інш.
Адлюстраванне інтэр’ераў, партрэты, пейзажы – таксама творчая спадчына І. Хруцкага. Аўтар ужывае разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія дапамагаюць раскрыць вобраз. Добра вядомы такія работы, як “Партрэт маладой жанчыны з кошыкам” (1835), “Партрэт невядомай” (1830-я гг.), “Партрэт невядомай з кветкамі і садавінай” (1838). Цеплынёй і сардэчнасцю вызначаецца “Партрэт хлопчыка ў саламяным капелюшы”, выкананы ў канцы 1830 – пачатку 1840-х гг. Мастак здолеў перадаць стан задуменнасці ў поглядзе, выразе твару дзіцяці, жэсце рук, статычнасці фігуры. Як і ў многіх іншых працах І. Хруцкага, тут адбылося спалучэнне партрэта і нацюрморта: у руках хлопчыка выразна напісаны кошык з вінаградам.
І. Хруцкі стварыў шмат партрэтаў, і нярэдка гэта – выявы землякоў мастака. Парадныя партрэты уніяцкіх мітрапалітаў І. Булгака і І. Сямашкі (1838) вылучаюцца пратакольнасцю паказу, засяроджаннем на выпісванні ордэнаў і іншых аксесуараў касцюмаў. Большасць вобразаў, увасобленых аўтарам у партрэтах, мае яркі індывідуальны характар. Экзальтаванасць іераманаха В. Лісоўскага, дзейсная натура публіцыста і гісторыка М. Маліноўскага, іранічная насмешлівасць прадвадзіцеля дваранства М. Ромера ўдала выяўлены жывапісна-пластычнымі сродкамі.
Паспрабаваў сябе І. Хруцкі і ў сакральным жывапісе. Ён напісаў абразы для царквы Трох віленскіх пакутнікаў у Вільні, абразы для іканастасаў Аляксандра-Неўскага сабора ў Коўне, царквы Святога Іосіфа ў Трынопалі, партрэты царкоўных дзеячаў для архіерэйскага дому ў Вільні.
Сёння творы І. Хруцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі, Нацыянальным музеі ў Варшаве, прыватных зборах.