Дата нараджэння: 1490 ці 1482 ці 1487 Полацк, г., Віцебская вобласць
Дата смерці: 1551 ці 1552
Кароткая даведка: першадрукар, асветнік-гуманіст, пісьменнік, грамадскі дзеяч, мастак-графік, медык, батанік і астраном
Варыянты імя: Скарына Францішак; Скарына Францішак Лукіч; Скарына Францыск Лукіч; Скарыніч Францішак Лукіч; Скарыніч Францыск Лукіч
Імёны на іншых мовах: Скорина Франциск (руская);
Асоба Францыска Скарыны займае адно з ганаровых месцаў сярод дзеячаў эпохі Адраджэння і Рэфармацыі ў Беларусі. Гэты чалавек увайшоў у гісторыю нашай дзяржавы як першадрукар і вучоны, асветнік і гуманіст, паэт і медык, батанік і астраном. Сэнс усёй сваёй дзейнасці ён бачыў у служэнні народу. Скарына імкнуўся далучыць суайчыннікаў да набыткаў агульначалавечай культуры і рабіў гэта праз кнігі.
Многае з жыцця славутага гуманіста застаецца нявысветленым і сягоння, нягледзячы на намаганні вучоных, якія займаліся даследаваннем жыцця і дзейнасці Францыска Скарыны на працягу некалькіх стагоддзяў. Дакладных звестак пра час яго нараджэння не выяўлена. Каля 1490, да 1490, у 1485–1490 гг. – такія даты прыводзяць розныя даследчыкі. Першапачатковую адукацыю Скарына атрымаў у доме бацькоў. Мову тагачаснай навукі – латынь – ён засвойваў хутчэй за ўсё ў школе пры каталіцкім касцёле ў Полацку ці Вільні. У 1504 г. паступіў ва ўніверсітэт у Кракаве, які на той час славіўся ў Еўропе сваім факультэтам вольных мастацтваў. У 1506 г. атрымаў сваю першую вучоную ступень бакалаўра. Каб працягваць вучобу на самых прэстыжных факультэтах універсітэтаў Еўропы, якімі лічыліся медыцынскі і тэалагічны, Скарыну трэба было атрымаць яшчэ і ступень магістра мастацтваў. Дакладна невядома, зрабіў ён гэта ў Кракаўскім ці якім іншым універсітэце, але ў 1512 г. прыбыў у Італію ў праслаўлены Падуанскі ўніверсітэт, ужо маючы ступень магістра свабодных навук. Гэту навучальную ўстанову Скарына выбраў для атрымання ступені доктара медыцыны. Беднага, але здольнага юнака да экзаменаў дапусцілі. Два дні ў дыспутах з выдатнымі вучонымі абараняў ён свае навуковыя тэзісы. 9 лістапада 1512 г. у біскупскім палацы ў прысутнасці вядомых вучоных Падуанскага ўніверсітэта і высокіх асоб каталіцкай царквы Скарына быў абвешчаны доктарам у галіне медыцынскіх навук. Гэта была знамянальная падзея ў яго жыцці і гісторыі культуры Беларусі: купецкі сын з Полацка пацвердзіў, што здольнасці і прызванне больш вартыя, чым арыстакратычнае паходжанне. Пасля звесткі пра Скарыну губляюцца на пяць гадоў. Недзе паміж 1512–1517 гг. вучоны з’явіўся ў Празе – цэнтры чэшскага кнігадрукавання. Таму і абраў Скарына гэты горад месцам выпуску кніг на беларускай мове. Першым з пражскіх выданняў Бібліі быў Псалтыр (1517). Услед за ім выйшлі яшчэ 22 кнігі Старога Запавету, якія друкаваліся асобна ці ў пэўнай сувязі адна з другой: у 1517 г. – 4 кнігі, у 1518 г. – 8, у 1519 г. – 11 кніг. Інтэнсіўная выдавецкая дзейнасць сведчыць пра тое, што яшчэ да 1517 г. Скарына падрыхтаваў да друку большасць кніг Бібліі, выбар якой быў невыпадковым. Каб зрабіць гэту кнігу даступнай простым людзям, яе трэба было перакласці на зразумелую шырэйшаму колу чытачоў мову. Такой стала царкоўнаславянская мова беларускай рэдакцыі. Біблію Скарына выдаваў асобнымі кнігамі, што дало магчымасць парушыць парадак размяшчэння кніг, прыняты як у праваслаўнай, так і каталіцкай Бібліях, і надрукаваць у першую чаргу кнігі пазнавальныя, навучальныя, здольныя служыць аб’ектам эстэтычнага ўспрыняцця, і толькі пасля кнігі, прызначаныя быць аб’ектам веры. Асветнік клапаціўся, каб кніга была зразумелай чытачам. Для гэтага на палях лістоў рабіў пераклад на сучасную яму мову і даваў тлумачэнні асобным царкоўнаславянскім словам, якія, на яго думку, маглі быць незразумелымі для простых, малаадукаваных людзей. Пашырыць кругагляд чытача, узбагаціць яго канкрэтнымі ведамі, наблізіць Біблію да духоўных патрэб свайго часу першадрукар імкнуўся і праз прадмовы, што ўвёў у шырокі ўжытак, надаў ім філасофска-асветны, навучальна-пазнавальны і маральна-эстэтычны змест. У гэтым жанры ўсебакова выявіў сябе як пісьменнік, перакладчык, вучоны і выдавец. Усяго Скарыну належаць 50 прадмоў.
Каля 1520 г. асветнік пакінуў Прагу і пераехаў у Вільню. Невядома, што прымусіла яго зрабіць такі крок. Магчыма, што перанесці друкарню ў Вільню вымусіла жаданне быць бліжэй да свайго народа, для асветы якога працаваў. Памяшканне пад друкарню Скарыну адвёў у сваім уласным доме галава магістрата Вільні, “найстаршы бурмістр” Якуб Бабіч. Першым віленскім выданнем з’яўлялася “Малая падарожная кніжка”. Гэту назву Скарына даў сукупнасці выданняў, выпушчаных ім у Вільні каля 1522 г. Усяго ў склад “Малой падарожнай кніжкі” ўваходзяць Псалтыр, “Часасловец”, “Акафіст магіле Гасподняй”, “Канон магіле Гасподняй”, “Акафіст архангелу Міхаілу”, “Канон архангелу Міхаілу”, “Акафіст Іаану Прадцечы”, “Канон Іаану Прадцечы”, “Акафіст Багародзіцы”, “Канон Багародзіцы”, “Акафіст святым Пятру і Паўлу”, “Канон святым Пятру і Паўлу”, “Акафіст святому Міколе”, “Канон святому Міколе”, “Акафіст крыжу Гасподняму”, “Канон крыжу Гасподняму”, “Акафіст Ісусу”, “Канон Ісусу”, “Шасцідневец”, “Канон пакаяльны”, “Саборнік”, куды ўключаюцца “Святцы” і “Пасхалія”, а таксама агульнае пасляслоўе “Писаныи речи в сей Малой подорожной книжце по ряду кратце положены суть”. Гэта быў новы ва ўсходнеславянскім кніжным пісьменстве тып зборніка, адрасаваны як людзям духоўнага звання, так і свецкім, якія па характары сваіх заняткаў павінны былі часта вандраваць і ў дарозе атрымліваць канфесіянальную і астранамічную інфармацыю, а пры неабходнасці прыгадаць і словы малітваў. Прадмовы, пасляслоўі, “надписания”, некаторыя акафісты “Малой падарожнай кніжкі” ўяўляюць сабой арыгінальныя літаратурныя творы самога Скарыны. Наогул першадрукар лічыцца роданачальнікам жанру акафіста ва ўсходнеславянскай гімнаграфіі. Бясспрэчнае аўтарства Скарыны адносна “Акафіста Іаану Прадцечы” і “Акафіста Ісусу” ўстанаўліваецца на аснове акравершаў. Зварот першадрукара да складанай паэтычнай формы акафіста сведчыць пра добрае веданне ім помнікаў візантыйскай і славянскай гімнаграфіі, іх паэтыкі і стылістыкі. На жаль, гімнаграфічная спадчына Скарыны вывучана недастаткова.
У 1525 г. Скарына выпусціў у Вільні кірыліцай адну з найбольш распаўсюджаных кніг – Апостал (“Книга деания и послания апостольская, зовемая Апостол”). Гэта было яго першае дакладна датаванае і адначасова апошняе па часе друкавання выданне, выпуск якога быў лагічным і заканамерным працягам справы выдання біблейскіх кніг, пачатай яшчэ ў Празе. Кніга прызначалася для шырокага кола чытачоў. У шматлікіх прадмовах апісваецца змест раздзелаў, асобных пасланняў, растлумачваюцца “цёмныя” фразы. Усяму тэксту папярэднічае агульная прадмова Скарыны “Деания светых апостолъ книгъ предмова”. У ёй усхваляецца хрысціянская вера, звяртаецца ўвага на маральна-этычныя нормы чалавечага жыцця. Апостал – адзіная ў друкарскай практыцы асветніка кніга без ілюстрацый, аднак у ёй – вялікая колькасць заставак, канцовак, гравіраваных буквіц. Акрамя кніг Скарыны і судовых матэрыялаў, што закраналі галоўным чынам сферу маёмасна-фінансавых адносін, няма іншых крыніц, якія б асвятлялі шматгранную дзейнасць першадрукара ў Вільні. Даследчыкі выказвалі меркаванне, што асветнік быў адным са складальнікаў Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., падтрымліваў сувязі з рознымі палітычнымі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі княства. Мяркуецца, што ў канцы 1520-х – пачатку 1530-х гг. першадрукар наведваў Маскву, куды вазіў свае выдадзеныя “рускім” шрыфтам кнігі. Даследчыкі лічаць, што ў 1525 г. Скарына выязджаў у германскі горад Вітэнберг, цэнтр Рэфармацыі, дзе сустракаўся з ідэолагам нямецкіх пратэстантаў Марцінам Лютэрам. Невядома таксама, чаму ў гэтым жа годзе спыніла сваю дзейнасць яго віленская друкарня. Недзе пасля 1525 г. асветнік ажаніўся з удавой віленскага купца, члена Віленскай рады Юрыя Адверніка Маргарытай, чым палепшыў сваё матэрыяльнае становішча, і разам з жонкай прыняў удзел у гандлёвай справе брата Івана. Вельмі цяжкім быў для Скарыны 1529 г. Летам у Познані памёр яго брат Іван. У тым жа годзе раптоўна памерла Маргарыта. На руках Скарыны застаўся малалетні сын Сімяон. Пачаліся судовыя працэсы з-за маёмасці жонкі. Падзеі прымусілі Скарыну выехаць у 1530 г. у Кёнігсберг пад апеку герцага Альбрэхта, але недзе ў сярэдзіне 1530 г. вярнуўся ў Вільню для вырашэння судовых спраў, звязаных са спадчынай Маргарыты. Судовыя цяжбы пагоршылі яго матэрыяльнае становішча. У 1530 г. у Вільні быў вялікі пажар, але дом Маргарыты, значная частка друкарскіх матэрыялаў асветніка засталіся цэлымі. У гэты час на Скарыну новай хваляй наваліліся крэдыторы брата. У лютым 1532 г. першадрукар быў арыштаваны па неабгрунтаванай і нічым не падмацаванай даўгавой прэтэнзіі “іўдзеяў-крэдытораў” Майсея і Лазара з Варшавы і Якаба з Познані. Але пакінуць Вільню Скарыну прымусілі не гэтыя падзеі. Свецкае кнігадрукаванне выклікала процідзеянне як каталіцкага, так і праваслаўнага духавенства. Сінод Віленскай епархіі ў 1526 г. прыняў рашэнне аб узмацненні барацьбы з рэфармацыйным павевам. Каталіцкі епіскапат Вільні не адабраў беспрэцэдэнтную дзейнасць першадрукара, вядомага сваімі сувязямі з гусіцкай Чэхіяй, “лютэранскімі” краінамі, які прызначаў свае кнігі “рускаму” насельніцтву ВКЛ. У сярэдзіне 1530-х гг. Скарына канчаткова пакінуў Вільню і пераехаў у Прагу. Ён прыняў запрашэнне чэшскага караля Фердынанда І на пасаду каралеўскага медыка і садоўніка ў толькі што адкрытым батанічным садзе ў каралеўскім замку Градчаны. Памёр першадрукар не пазней 29 студзеня 1552 г. Аб гэтым сведчыць грамата караля Фердынанда І, дадзеная сыну Францыска Скарыны Сімяону, якая дазваляла апошняму карыстацца ўсёй захаванай спадчынай бацькі: маёмасцю, кнігамі, пазыковымі абавязацельствамі.
Кнігі Скарыны сталі вядомы ў розных краінах Заходняй і Цэнтральнай Еўропы яшчэ ў першыя дзесяцігоддзі яго друкарскай і выдавецкай дзейнасці. Шырокае распаўсюджанне атрымалі перш за ўсё сярод суайчыннікаў асветніка, аказалі дабратворны ўплыў на пашырэнне міжнародных культурных сувязей, былі адным з важных фактараў духоўнага ўзаемаабмену з Польшчай, Заходняй Еўропай, абумовілі рост інтарэсаў навуковай еўрапейскай грамадскасці да культурнай спадчыны беларускага і іншых усходнеславянскіх народаў. Дзейнасць Скарыны аказала значны ўплыў на развіццё кнігадрукавання і пісьменства ў Вялікім Княстве Літоўскім, іншых усходнеславянскіх краінах. Яго кнігі паўздзейнічалі на развіццё беларускай літаратурнай мовы. Скарына быў найбольш значным, яскравым выразнікам рэнесансавага гуманізму, першым найбольш буйным і ўплывовым дзеячам беларускага Адраджэння.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.