Дата нараджэння: 26.11.1930 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерці: 25.07.1984
Кароткая даведка: пісьменнік, перакладчык, крытык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1984), Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1983), імя якога носіць адна з вуліц у Гродне
Імёны на іншых мовах: Короткевич Владимир Семёнович (руская);
Адной з найбольш яркіх і самабытных постацей беларускай літаратуры ХХ ст. з’яўляецца Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч. Лёс даў яму кароткае жыццё – усяго няпоўныя 54 гады, але і пры такіх акалічнасцях здолеў сцвердзіць сябе ў паэзіі і мастацкай прозе, публіцыстыцы і крытыцы, дзіцячай літаратуры і перакладчыцкай справе, драматургіі для тэатра, оперы і кіно.
Нарадзіўся У. Караткевіч у Оршы ў сям’і служачага, духоўная атмасфера ў якой была спрыяльнай для развіцця будучага пісьменніка. Як і многім аднагодкам, давялося У. Караткевічу спазнаць жахлівасці вайны: масіраваныя бамбёжкі Оршы, няўдалую спробу эвакуацыі, нялёгкае партызанскае жыццё, інтэрнат на Урале, беспаспяховыя ўцёкі на фронт. У пасляваенныя гады ён, аршанскі школьнік, змясціў на старонках рукапіснага часопіса «Званочак» свае некаторыя вершы. У 1949–1954 гг. У. Караткевіч вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Студэнцтва было для яго часам пошукаў і станаўлення як асобы і творцы. Пасля заканчэння ўніверсітэта некаторы час працаваў настаўнікам у вясковай школе непадалёку ад Кіева, а з 1956 па 1958 г. – у Оршы.
Першыя вершы У. Караткевіча надрукаваны ў 1951 г. у аршанскай раённай газеце «Ленінскі прызыў». У 1955 г. у часопісе «Полымя» быў змешчаны верш «Машэка». Амаль адначасова з’явіўся нарыс-эсэ «Вязынка» ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці». У беларускіх перыядычных выданнях пачалі друкавацца яго вершы, якія заўважыла і ацаніла крытыка. Першы паэтычны зборнік «Матчына душа», выдадзены ў 1958 г., засведчыў, што ў літаратуры з’явілася постаць з арыгінальным талентам, з адметным бачаннем свету. Па-за межамі Беларусі У. Караткевіч апынуўся ў 1958–1962 гг., калі працягваў адукацыю ў Маскве спачатку на Вышэйшых літаратурных, а пасля сцэнарных курсах. Маскоўскі перыяд жыцця быў плённым для пісьменніка. Тут ён напісаў сваю другую кнігу паэзіі «Вячэрнія ветразі» (1960). У Беларусь У. Караткевіч вярнуўся вялікім эрудытам, інтэлектуалам, у ім ужо жыла арганічная цікавасць да ўсяго, што адбывалася і адбываецца на свеце. Багатая і разнастайная паэзія прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа. Гістарычны аспект у творчасці У. Караткевіча з’яўляецца надзвычай істотным. Паэт імкнуўся зразумець месца свайго народа сярод іншых народаў свету. Моц і бяссмерце яго бачыў у дзейнасці розных гістарычных асоб («Скарына пакідае радзіму», «Нявесце Каліноўскага», «Багдановічу»). У 1969 г. выйшаў арыгінальны зборнік вершаў «Мая Іліяда». Сабраныя разам неапублікаваныя вершы склалі пасмяротны зборнік «Быў. Ёсць. Буду» (1986). У назве сцвярджаецца непарыўная сувязь часоў і пакаленняў. Моцным і выразным акордам прагучалі вершы «Паэт», «Разведчык», «Быў. Ёсць. Буду» і інш. У іх – паэтычнае крэда аўтара, яго думка пра ролю і прызначэнне паэзіі, адказнасць мастака перад людзьмі.
Шырокае прызнанне як у Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла У. Караткевічу яго проза. Як сталы пісьменнік з адметным лірыка-рамантычным талентам раскрыўся ён у першым празаічным зборніку «Блакіт і золата дня» (1961). Гістарычныя аповесці гэтай кнігі «Цыганскі кароль» і «Сівая легенда», паводле якой ён стварыў лібрэта да оперы Д. Смольскага, засведчылі, што аўтар не проста выдатна ведае мінулае свайго народа, але і ўмее яго ўзнаўляць у яркіх мастацкіх вобразах. Яшчэ ў Маскве быў задуманы першы раман «Нельга забыць» («Леаніды не вернуцца да Зямлі», надрукаваны ў 1962 г. у часопісе «Полымя»; Літаратурная прэмія імя І. Мележа, 1983), які мае выразныя прыметы сацыяльна-філасофскай, інтэлектуальнай і сацыяльна-псіхалагічнай прозы. Значнай з’явай беларускай літаратуры ХХ ст. стаў раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) – шырокая панарама жыцця беларускага народа ў XIX ст. Твор шматпланавы і маштабны. Сімвалічна назва яго. Праз вобраз каласоў і сярпа аўтар імкнуўся зразумець усеагульныя праблемы быцця, задумацца над сутнасцю жыцця і смерці, часовасцю і вечнасцю, наканаванасцю і неабходнасцю абнаўлення. Аповесць «Зброя» (1964; надрукавана ў 1981 г.) аўтар лічыў не працягам рамана, а яго адгалінаваннем. Паўстанне 1863 г. У. Караткевіч паказаў у драме «Кастусь Каліноўскі» (напісана ў 1963 г.; пастаўлена ў 1978 г.). Сярод гістарычных твораў вылучаецца раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966; аднайменны кінафільм, 1967) – шырокае палатно, «народная драма» з жыцця сярэдневяковай Беларусі, твор глыбока філасофскі. Да яго тыпалагічна блізкая п’еса паводле легенды «Ладдзя Роспачы» (1964; экранізавана ў 1968 г.). Уладзімір Караткевіч вывучаў гісторыю беларускага народа, знаёміўся з яго сучасным жыццём, імкнуўся пабачыць усё новыя і новыя мясціны. Так, пасля паездкі на Далёкі Усход з’явілася аповесць «Чазенія» (1967); палескія ўражанні сталі асновай для шэрага апавяданняў. З асаблівай прыхільнасцю пісьменнік адносіўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. Сведчаннем творчых пошукаў з’яўляюцца такія гісторыка-прыгодніцкія творы, як аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964; аднайменны кінафільм, 1979) і раман «Чорны замак Альшанскі» (1979–1980; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа, 1984; аднайменны кінафільм, 1984). Створаныя ў адпаведнасці з правіламі рамантычна-прыгодніцкай літаратуры, яны сталі адкрыццём у сучаснай беларускай літаратуры, яе дэтэктыўна-прыгодніцкім кірунку.
Плённа працаваў У. Караткевіч і як драматург. У 1974 г. на сцэне Беларускага тэатра імя Я. Коласа з поспехам была пастаўлена п’еса «Званы Віцебска», у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 г. У 1978 г. адбылася прэм’ера спектакля «Кастусь Каліноўскі». Да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы была прымеркавана п’еса «Калыска чатырох чараўніц» (1981; пастаўлена ў 1982 г. ТЮГам), сацыяльна-філасофскі твор пра дзіцячыя і юнацкія гады будучага песняра. Падзеям Крычаўскага паўстання 1743–1744 гг. драматург прысвяціў трагедыю «Маці ўрагану» (1982; пастаўлена ў 1988 г. мінскім аматарскім тэатрам «Золак»; у 1990 г. п’еса экранізавана). Раскрыўся талент У. Караткевіча ў літаратурнай крытыцы. Вызначаюцца яго крытычныя артыкулы пра паэзію В. Зуёнка,
Р. Барадуліна, Я. Сіпакова і інш. Уладзімір Сямёнавіч аўтар цікавых тэкстаў для фотаальбомаў «Краявіды Беларусі» (1968), «Белавежская пушча» (1973, 1975) і «Памяць зямлі беларускай» (1979). Яшчэ ў 1950-х гг. пісьменнік звярнуўся да мастацкіх перакладаў, якія з’яўляліся для яго часткай творчага самавыяўлення. Пераклаў на беларускую мову асобныя творы Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, М. Карыма, Р. Гамзатава, Махтумкулі і іншых (зборнік «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне У. Караткевіча захаваліся малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Некаторыя з іх увайшлі ў кнігу «Свет вачыма Караткевіча» (2006). Па яго творах пастаўлены мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі. Уладзімір Караткевіч аўтар сцэнарыяў дакументальных фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Творы пісьменніка перакладзены на многія мовы свету. У 1980 г. У. Караткевіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў. Яго імем названы Фонд дапамогі маладым пісьменнікам, прэмія выдавецтва «Мастацкая літаратура». У Оршы і Віцебску У. Караткевічу пастаўлены скульптурныя помнікі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2020 г.