Дата нараджэння: 01.05.1931 Слонім, г., Гродзенская вобласць
Дата смерці: 19.11.2008
Кароткая даведка: пісьменнік, літаратуразнавец, крытык, член-карэспандэнт НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1990), кавалер ордэна Дружбы народаў
Імёны на іншых мовах: Лойко Олег Антонович (руская);
Алег Антонавіч Лойка – член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, вучоны шматграннага таленту. Ён пакінуў яркі след у паэзіі, прозе, драматургіі, публіцыстыцы, літаратурнай крытыцы і педагогіцы.
Нарадзіўся А. Лойка ў г. Слоніме Гродзенскай вобласці ў сям’і фельчара. Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ) вучыўся ў аспірантуры. З 1956 г. працаваў на кафедры беларускай літаратуры, з 1985 г. з’яўляўся яе загадчыкам. З 1991 па 1996 г. быў дэканам філалагічнага факультэта БДУ.
Першыя вершы А. Лойкі былі надрукаваны ў 1943 г. у “Баранавіцкай газеце”. Потым выйшлі зборнікі паэзіі “На юначым шляху” (1959), “Задуменныя пералескі” (1961), “Дарогі і летуценні” (1963), “Блакітнае азерца” (вершы і паэмы, 1965), “Каб не плакалі кані” (1967), “Дзівасіл” (1969), “Калі ў дарозе ты...” (выбранае, 1971), “Шчырасць” (1973), “Пачуцці” (вершы і паэма, 1976), “Лінія жыцця” (1978), “Скрыжалі” (выбранае, 1981), “Няроўныя даты” (1983), “Грайна” (1986), “Пралескі ў акопах” (1987), “Балады вайны і міру” (1989), “Талая вясна” (вершы і паэмы, 1990), “Трэці золак” (1993) і інш. Паэзію А. Лойкі вызначаюць тонкі лірызм, уменне спасцігнуць і данесці да чытача тое вечнае, што заўсёды хвалявала чалавека. Крыніцы натхнення паэта – наш край, яго малая радзіма Слонімшчына з векавымі дубамі, гордай Шчарай, вузенькімі вулачкамі старога горада. У 2000 г. А. Лойка выпусціў сваю чарговую паэтычную кніжку “Неўміручасць”. Ёсць у ёй тое, што было і ў ранейшых выданнях: непасрэднасць і шчырасць інтымнага пачуцця (вершаваны цыкл “Пярсідскія матывы”), лірычнае спавяданне, апяванне роднага кута (“Хлеўчык”, “Тут, над Шчарай...”), роднай прыроды (“Я не бачыў, каб шалела гэтак квецце...”, “Бэз”, “Рапсодыя расы”), грамадзянская незаспакоенасць (“Век барозны свае даворвае”, “Падпарадкаванцы”, “Суседзям”), любоў да Бацькаўшчыны (“Скланенне”, “Мой край...”, “Чатыры слязы”). Алег Лойка вылучаўся сваёй нястомнай працаздольнасцю. Толькі ў 2001 г. выйшлі падручнік для ВНУ “Старабеларуская літаратура” , крытычная “кніга лёсаў” “Галгофа”, паэтычны зборнік “Ушанаванне”. Апошнім асобным выданнем стала кніга “Дрэва жыцця” (2004), дзе падсумавана ўсё, што зроблена пісьменнікам. Аднак вяршынным дасягненнем А. Лойкі з’яўляюцца раманы-эсэ “Як агонь, як вада” (1984; пад назвай “Янка Купала” выдаваўся ў серыі “Жыццё выдатных людзей” у 1982 г.) і “Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае” (1990; пад назвай “Скарына” быў надрукаваны ў серыі “Жыццё выдатных людзей” у 1989 г.; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1990). За гэтымі кнігамі стаіць велізарная даследчая праца. Напісаны яны майстрам слова, мастаком. І ў гэтым іх найбольшая прывабнасць.
Алег Лойка не толькі пісаў паэтычныя і празаічныя творы, але глыбока даследаваў праблемы гістарычнага развіцця беларускай літаратуры, народнасці, рэалізму і рамантызму, станаўленне мастацкай індывідуальнасці пісьменніка, літаратурныя ўзаемасувязі і інш. Выдаў манаграфіі “Адам Міцкевіч і беларуская літаратура” (1959), «“Новая зямля” Якуба Коласа: вытокі, веліч, хараство» (1961), “Максім Багдановіч” (1966), “Сустрэчы з днём сённяшнім” (1968) і інш. Яму ўласцівы тонкі пераход ад вузкаспецыяльных праблем паэтыкі да літаратурнага краязнаўства, ад глыбокіх аналітычных прац да папулярных артыкулаў і нарысаў, прызначаных для шырокага кола чытачоў. Алегам Лойкам створаны шэраг падручнікаў, праграм, навуковых дапаможнікаў, хрэстаматый. Сярод іх – “Гісторыя беларускай літаратуры: дакастрычніцкі перыяд” (ч. 1–2, 1977–1980; 2-е, дапрац. выд., 1989), “Старабеларуская літаратура” (2001; адзначана прэміяй БДУ імя У. І. Пічэты) і інш.
Пісаў ён і для дзяцей. Многія творы, што склалі некалькі вершаваных зборнікаў, нескладаныя па думцы, слоўным арсенале, затое заўсёды з цікавым сюжэтам, займальныя. На творчым рахунку А. Лойкі зборнікі вершаў, казак, пацешак “Як Тоня рэха шукала” (1962), “Карагод дзівосных прыгод” (1966), “Каля млына” (1972), “Дзе хто начуе?” (1977), “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй” (1984), “Пра ўсе справы Дзіва-Дзяржавы” (1993). Паэзія А. Лойкі для дзяцей адметная спавядальнай шчырасцю, уменнем стварыць бытавы малюнак, здольнасцю да перажыванняў, багатая на пачуцці і радасці жыцця. Ім адрасавана і аповесць “Скарына на Градчанах” (1990), у якой расказваецца пра жыццё, працу першадрукара ў Празе.
Звярнуўся пісьменнік і да мастацкага перакладу. На беларускую мову пераклаў кнігу выбраных твораў П. Верлена “У месяцавым ззянні” (1974), зборнік Гётэ “Спатканне і ростань” (1981), асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў. Ён з’яўляецца перакладчыкам і ўкладальнікам двухтомнай анталогіі польскай паэзіі ХХ ст. “Напярэймы: ад Буга да Варты” (2003), куды ўвайшлі вершы 180 паэтаў. Алег Лойка ўзнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны, ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР (1976, 1980), дзяржаўнай узнагародай Польшчы “Заслужаны перад польскай літаратурай”, Сярэбраным знакам ГДР (за пераклад паэзіі Гётэ) і інш.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.