Дата нараджэння:
07.10.1914 Жабыкі, в., Дубровенскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
13.01.1987
Кароткая даведка:
вучоны-педагог, заслужаны настаўнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы (1968), удзельнік савецка-фінляндскай і Вялікай Айчыннай войнаў, узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І і ІІ ст., медалямі
Імёны на іншых мовах:
Рубанов Сергей Фёдорович (руская);
3036 сімвалаў
Даведка
Сяргей Фёдаравіч Рубанаў нарадзіўся ў вёсцы Жабыкі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. З самага дзяцінства меў здольнасць да педагаічнай працы: свой першы ўрок ён правёў, калі сам быў трэцякласнікам. Пасля заканчэння сямігодкі ўзначальваў школу для малапісьменных. У 1934 г. скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, працаваў настаўнікам у школах Слуцкага раёна і адначасова працягваў навучанне на завочным аддзяленні фізіка-матэматычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
У снежні 1939 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне 1939–1940 гг. У час Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Рубанаў ваяваў на Ленінградскім фронце, праходзіў службу на вядомай Дарозе жыцця. Вайну скончыў ва Усходняй Прусіі.
Пасля дэмабілізацыі ў 1946 г. вярнуўся да настаўніцкай працы. У 1948 г. скончыў завочнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага педінстытута імя У.І. Леніна і ў гэтым жа годзе быў прызначаны дырэктарам сярэдняй школы № 10 г. Слуцка.
Дзякуючы намаганням новага дырэктара ва ўстанове склаўся высокапрафесійны педагагічны калектыў, вынікам зладжанай працы якога былі глыбокія і трывалыя веды вучняў і выпускнікоў. Сяргей Фёдаравіч умеў натхніць настаўнікаў на пошук новых форм навучання, праяўленне творчай ініцыятывы, пастаянную самаадукацыю. З 48 настаўнікаў 46 мелі вышэйшую адукацыю, прычым 15 з іх атрымалі вышэйшую адукацыю завочна. Вопыт школы двойчы вывучаўся Міністэрствам асветы Беларускай ССР, а ў 1966 і 1974 гг. установа была прадстаўлена на Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР і ўзнагароджана дыпломамі I і II ступені.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 1 лiпеня 1968 г. за вялікія заслугі ў справе навучання і камуністычнага выхавання навучэнцаў Сяргею Фёдаравічу Рубанаву прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Сяргей Фёдаравіч кіраваў школай амаль 40 гадоў. Паспяхова спалучаў складаную працу дырэктара з выкладаннем матэматыкі і навуковай педагагічнай дзейнасцю. Меў ступень кандыдата педагагічных навук, з’яўляўся аўтарам шэрага навуковых прац, членам рэдакцыйнай рады часопіса «Матэматыка ў школе». Неаднаразова выбіраўся дэпутатам абласнога і гарадскога Саветаў народных дэпутатаў, дэлегатам усесаюзных і рэспубліканскіх з’ездаў настаўнікаў. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны І-й і ІІ-й ступеняў, медалямі.
Трое сыноў С.Ф. Рубанава: Аляксанр, Уладзімір і Анатоль сталі высокакваліфікаванымі навукоўцамі ў галіне фізікі. Аляксандр Сяргеевіч Рубанаў (1936–2003) – акадэмік НАН Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР і СССР; Уладзімір Сяргеевіч Рубанаў (1938–1990) – доктар фізіка-матэматычных навук; Анатоль Сяргеевіч Рубанаў быў выкладчыкам кафедры прыродазнаўчых дысцыплін Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта.
Імя Сяргея Фёдаравіча Рубанава носіць сярэдняя школа № 10 г. Слуцка.
Пераклад 2021 г. матэрыялаў інтэрнэт-праекта «Герои страны».