Кароткая даведка:
акцёр, народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1966)
Імёны на іншых мовах:
Тарасов Виктор Павлович (руская);
4266 сімвалаў
Даведка
Жыццё ў тэатральным мастацтве складанае і непаўторнае. Артысту трэба зведаць радасць адкрыццяў і творчых удач, каб узняцца да сапраўднага майстэрства. Віктар Паўлавіч Тарасаў не толькі дасягнуў пэўнай вышыні на сцэне, але і змог пакінуць у тэатры свой адметны, яркі след.
Нарадзіўся ён у Барнауле (Алтайскі край, Расія) у сям’і інжынера. У 1948 г. бацькі пераехалі ў Мінск. Пасля заканчэння сярэдняй школы В. Тарасаў паступіў у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. На працягу чатырох гадоў вучобы шмат працаваў, сур’ёзна і настойліва авалодваючы акцёрскім майстэрствам. З вялікай удзячнасцю ўспамінаў К. Саннікава, А. Бутакова, І. Ждановіч – выкладчыкаў, якія вызначылі яго творчую індывідуальнасць, прывілі любоў да прафесіі.
У трупу Беларускага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы В. Тарасаў быў запрошаны пасля заканчэння інстытута ў 1957 г. У славутым калектыве побач з выдатнымі акцёрамі – Г. Глебавым, Б. Платонавым, У. Дзядзюшкам, Л. Ржэцкай, В. Галінай, Л. Рахленкам, П. Малчанавым – крышталізавалася яго майстэрства, сталеў прыродны талент. Добрыя знешнія даныя, мяккі, пастаўлены голас, тэмперамент і шчырасць выканання абумовілі поспех артыста ў ролях маладых герояў – Кузьмін (“Людзі і д’яблы” К. Крапівы), Міхаіл (“Лявоніха на арбіце” А. Макаёнка), Вадзім (“Выклік багам” А. Дзялендзіка), Валерык (“Трэцяя патэтычная” М. Пагодзіна), Генадзь (“Мільён за ўсмешку” А. Сафронава) і інш. Акцёр з поўнай аддачай працаваў над кожным вобразам: шукаў нечаканыя, некранутыя дагэтуль фарбы, імкнуўся, каб героі не былі падобнымі адзін на аднаго. З цікавым драматургічным матэрыялам сустрэўся В. Тарасаў, калі атрымаў ролю Ахмеда Рызы ў спектаклі “Дзівак” па п’есе Н. Хікмета. Гледачы ўбачылі на сцэне іншага акцёра – удумлівага, мудрага, шчырага, эмацыянальнага, закаханага, які стварыў вобраз духоўна багатага чалавека. Гэта роля прынесла ашаламляльны поспех і любоў публікі. У 1963 г. В. Тарасаў атрымаў званне “Заслужаны артыст БССР”, праз чатыры гады стаў народным.
У тэатры ён стварыў цэлую галерэю лірычных, драматычных і рамантычных герояў. Найбольш значнымі лічацца наступныя ролі: Клеон (“…Забыць Герастрата!” Р. Горына), Кэлін (“Святая святых” І. Друцэ), Бачана Рамішвілі (“Закон вечнасці” паводле Н. Думбадзэ) і інш. Дасканалым майстэрствам пераўвасаблення, высокай акцёрскай тэхнікай, псіхалагічнай дакладнасцю вызначаліся вобразы, створаныя ў спектаклях па творах беларускіх дараматургаў: гераічны Канстанцін Заслонаў (“Канстанцін Заслонаў” А. Маўзона), узнёслы і драматычны Францыск Скарына (“Напісанае застаецца” А. Петрашкевіча), разгублены, напалоханы Ухватаў (“Пагарэльцы” А. Макаёнка), сумленны, шчыры Васіль Мульцік (“Вечар” А. Дударава), нахабны Салавейчык (“Амністыя” М. Матукоўскага) і інш. Кожная роля станавілася прыкметнай, выключнай, а яе выканаўца нязменна дэманстраваў новыя магчымасці, раскрываў нечаканыя грані свайго таленту. Асабліва ярка гэта праявілася ў спектаклях класічнага рэпертуару. Толькі выдатны майстар, высокапрафесіянальны акцёр змог праўдзіва, псіхалагічна тонка сыграць Няхлюдава (“Уваскрэсенне” паводле Л. Талстога), Дульчына (“Апошняя ахвяра” А. Астроўскага), Барона, Пратасава (“На дне”, “Дзеці сонца” М. Горкага), Гараднічага (“Рэвізор” М. Гогаля), Дорна (“Чайка” А. Чэхава) і інш.
Віктар Тарасаў сыграў больш за 70 роляў на сцэне і больш за 40 у кіно, радыётэатры, на тэлебачанні. Гледачы памятаюць тэлеспектакль “Крах” (1968, паводле п’есы А. Талстога “Змова імператрыцы”), дзе артыст з бляскам стварыў вобраз цара Мікалая ІІ; з вялікім захапленнем сустракаюцца з тарасаўскімі персанажамі ў кінафільмах “Першыя выпрабаванні” (1960), “Крушэнне імперыі” (1970), “Бацька” (1971), “Руіны страляюць” (1971–1972), “Полымя” (1974), “Побач з камісарам” (1978), “Дзень вяртання” (1979), “Дзяржаўная граніца” (1980), “Вадзіцель аўтобуса” (1983), “Песня пра зубра” (1994) і інш. Усе вобразы, створаныя В. Тарасавым, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі БССР (атрымана ў 1966 г. за ўдзел у тэлеспектаклі “Людзі на балоце” паводле аднайменнага рамана І. Мележа), адзначаюцца яркай індывідуальнасцю, глыбокім псіхалагічным зместам, шырокай абагульненасцю характараў. Многія з іх адлюстроўваюць своеасаблівы сацыяльны зрэз канкрэтнага перыяду нашай рэчаіснасці.