Дата нараджэння: 27.08.1928 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерці: 16.06.1998
Кароткая даведка: скульптар, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Імёны на іншых мовах: Vakar Syarghei Mikhailavitch (не вызначана); Вакар Сергей Михайлович (руская);
Удыхнуць жыццё ў гліну, дрэва, камень ці метал і асвятліць яго полымем пачуцця – галоўная задача скульптара. Задача не простая: яна патрабуе шмат часу, энергіі, умення, жыццёвага вопыту і штодзённай працы. Самаадданай працай быў пазначаны жыццёвы шлях вядомага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі – Сяргея Міхайлавіча Вакара.
Сын патомнага чыгуначніка, ён і сам пачынаў рабочым лакаматыўнага дэпо, скончыў школу рабочай моладзі, вывучыўся на токара. Прыродны мастацкі талент запатрабаваў большага, і ў 1948 г. Сяргей Вакар паступіў на скульптурнае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава). Будучага скульптара вельмі ўразіў велічны помнік Канстанціну Заслонаву, які быў усталяваны на прывакзальнай плошчы Оршы ў 1955 г. Аўтар помніка Сяргей Селіханаў часта бываў у вучылішчы, даваў слушныя парады навучэнцам. У 1957 г. да Сяргея Вакара прыйшоў першы вялікі поспех – яго дыпломную работу “Рэйкавая вайна” набыў Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тэма вайны – адна з самых актуальных у беларускім мастацтве – заўсёды хвалявала скульптара. У 1958 г. Віцебскі абласны краязнаўчы музей набыў новую работу маладога мастака – кампазіцыю “Юныя мсціўцы”, прысвечаную дзейнасці падпольнай антыфашысцкай камсамольскай арганізацыі, якая дзейнічала на тэрыторыі Віцебскага раёна ў 1941–1943 гг. У сваіх ранніх работах Сяргей Вакар змог дакладна перадаць рашучасць і напружанне абаронцаў Радзімы: кампазіцыі “Подзвіг Пятра Купрыянава” (1960), “Стаяць насмерць” (1961) і інш.
Малады скульптар вырашыў працягваць сваю мастацкую адукацыю і ў 1960 г. паступіў на скульптурнае аддзяленне Беларускага мастацкага тэатральнага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Непасрэднымі настаўнікамі Вакара былі народныя мастакі Беларусі Андрэй Бембель і Аляксей Глебаў. Падчас вучобы ў інстытуце Сяргей Вакар авалодаў новымі прыёмамі перадачы эмацыянальнай выразнасці, сімвалічнай значнасці, абмалёўкі гераічнага, валявога пачатку характару чалавека.
Для беларускай скульптуры 1960-70-х гг. характарнай рысай з’яўлялася шырокае распаўсюджванне партрэта, які стаў асноўным жанрам і для Сяргея Вакара. Мастак – аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў гістарычных асоб, дзяржаўных дзеячаў, герояў вайны, пісьменнікаў, рабочых і спартсменаў. Пластычная дакладнасць яго работ спалучаецца з глыбінёй і выразнасцю вобразаў, адметнай асаблівасцю з’яўляецца імкненне да найбольшай дакладнасці ў перадачы зместу твора праз знешне простыя, манументалізаваныя формы. Ваенная тэма, адлюстраванне мужнасці і гераізму беларускага народа стала асноўным творчым напрамкам мастака. Адной з лершых работ Сяргея Вакара лічыцца партрэт Героя Савецкага Саюза падпольшчыка Мікалая Кедышкі (1967). Падчас працы над партрэтам мастак старанна вывучаў дакументальныя матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю героя: успаміны родных і таварышаў па барацьбе, матэрыялы, змешчаныя ў перыядычным друку. Вынікам напружанай працы стаў выразны і пераканаўчы вобраз суровага і валявога чалавека. Ішоў час, і ў майстэрні Сяргея Вакара з’явілася цэлая галерэя скульптурных партрэтаў герояў Вялікай Айчыннай вайны: П.Я. Галавачова (1961), С.Ф. Шутава (1967), М.П. Шмырова (1969, 1974), К.П. Арлоўскага (1972) і інш. Значнымі манументальнымі работамі сталі помнікі віцэ-адміралу В.П. Дразду (1964) на яго радзіме ў Буда-Кашалёве і Ф.Э. Дзяржынскаму (1977) у сядзібе Дзяржынава Стаўбцоўскага раёна.
Сяргей Вакар – выдатны майстар партрэтнага жанру – аўтар галерэі патрэтаў дзеячаў беларускай культуры: Ф. Скарыны (1964), Р. Барадуліна (1965), У. Караткевіча (1968), П. Панчанкі (1969), Я. Коласа (1972, 1973), А. Кашкурэвіча (1975), Я. Брыля (1976), Г. Бураўкіна (1978), М. Гусоўскага (1980). Асаблівае месца ў творчасці мастака займае праца па стварэнні помніка Максіму Багдановічу, творчасцю якога Сяргей Вакар захапляўся яшчэ з юнацкіх гадоў. Пятнаццаць гадоў працаваў мастак над стварэннем свайго лепшага скульптурнага партрэта: працаваў з гіпсам, дрэвам, бронзай... 9 снежня 1981 г. – у дзевяносты дзень нараджэння паэта – адбылося ўрачыстае адкрыццё манумента. Над яго стварэннем разам з мастаком працавалі архітэктары Юрый Казакоў і Леанард Маскалевіч. Помнік Максіму Багдановічу ўдала спалучыў у сабе манументальны і станковы пачаткі, дакладная мадэліроўка перадае ўнутраны стан паэта, занепакоенага лёсам роднай Беларусі. Помнік устаноўлены на пад’язной алеі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Республікі Беларусь, непадалёк ад таго месца, дзе стаяў дом паэта.
Яшчэ адным жанрам скульптуры, у якім паспяхова працаваў Сяргей Вакар, з’яўляецца стварэнне мемарыяльных дошак. Першай такой работай стаў барэльефны партрэт акадэміка М.М. Нікольскага (1970). Да найбольш цікавых работ у гэтым жанры належыць мемарыяльная дошка, прысвечаная выдатнаму музыканту, народнаму артысту СССР І.І. Жыновічу (1975). Вобразы, створаныя мастаком, прывабліваюць глыбокімі і дакладнымі характарыстыкамі, простымі і зразумелымі рашэннямі. Галоўнае ў яго скульптурах – унутраная праўда, тое цудоўнае, што нярэдка схавана ў глыбіні кожнай асобы. І менавіта ў гэтым – сэнс і пафас лепшых твораў мастака.
Сёння манументальныя работы Сяргея Вакара ўпрыгожваюць вуліцы Мінска, Полацка, Буда-Кашалёва, станковыя творы знаходзяцца ў фондах буйнейшых музеяў Беларусі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 1998 г., адноўлены ў 2018 г.