Дата нараджэння:
13.10.1888 Пунькі, засценак, Глыбоцкі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
15.08.1954
Кароткая даведка:
мастак, адзін з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу, скульптар, этнограф, фалькларыст, археолаг, аўтар літаратурных твораў
Псеўданімы:
Нарцызаў Я.
Імёны на іншых мовах:
Дроздович Язеп Нарцизович (руская); Дроздович Язэп Нарцизович (руская);
4682 сімвалы
Даведка
У гісторыі беларускай культуры першай паловы XX ст. дастойнае месца займае імя Язэпа Драздовіча. Яго творчасць мае адметны характар: яна унікальная і традыцыйная, наіўная і мудрая, рэалістычная і сімвалічная. Я. Драздовіч быў не толькі непаўторным мастаком-графікам, скульптарам і жывапісцам, але і пісьменнікам, разьбяром па дрэву, збіральнікам фальклору, археолагам, настаўнікам.
Нарадзіўся Язэп Нарцызавіч Драздовіч у засценку Пунькі (былая Віленская губерня, цяпер Глыбоцкі раён) у збяднелай шляхецкай сям’і. У гэтым маляўнічым куточку на ўскрайку Галубіцкай пушчы прайшло дзяцінства будучага мастака. З 1906 па 1910 год вучыўся ў Віленскай мастацкай школе прафесара жывапісу І. Трутнева. Потым ён працаваў мастаком-дэкаратарам у “Беларускай хатцы”, Беларускім дзяржаўным тэатры. Арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства “Заранка” (1918), якое адкрыла школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Я. Драздовіч быў заснавальнікам мастацкай студыі пры Віленскай беларускай гімназіі (1927). У Вільні ён зрабіў першыя самастойныя крокі ў мастацтве – графічныя работы з краявідамі родных мясцін (“Трызна мінуўшчыны”, “Дух зямлі”, “Брама будучыні” і інш.). Ён аформіў вокладкі кніг “Беларускі каляндар на 1910 год”, “Курганная кветка” К. Буйло (1914), “Школьны спеўнік” А. Грыневіча (1920).
Я. Драздовіч быў адным з першых мастакоў, які ўвасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Ён стварыў графічную серыю “Старажытная будоўля на Беларусі”, цыклы, прысвечаныя замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы (“Мір”, “Крэва”, “Ліда”, “Гальшаны”, “Навагрудак і навагрудцы”, “Меднікі”, “Трокі”); партрэты полацкіх і смаленскіх князёў (“Князь Рагвалод – дзед князёў полацкіх”, “Князь Усяслаў Чарадзей”, “Князь Брачыслаў”, “Князь Барыс-каменякоў”); партрэты славутых гістарычных асоб: магната К. Сапегі, вялікага гетмана К. Астрожскага, пісьменнікаў А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы. Шэраг работ Я. Драздовіч прысвяціў знакамітаму беларускаму першадрукару Ф. Скарыне (“Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або У свет па навуку”, “Са свету з навукай”, “Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе”). Вобразы родных краявідаў адлюстраваны ў графічнай серыі “Дзісеншчына” (“Стадолішча”, “Вёска Лаўрынаўка”, “Гараватка”, “Пунькі”, “Александрыя” і інш.). Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі (“Мужык з панам цягаецца”, “Дух цемры” і інш.). Творы вызначаюцца мастацкай завершанасцю, пранікнёнасцю. У кожнай рабоце – пяшчота і любоў да родных мясцін, да сваёй радзімы, гонар за яе сыноў, за гераічнае мінулае. Найбольш ярка мастацкі талент Я. Драздовіча быў рэалізаваны ў жывапісных і графічных творах на фантастычныя касмічныя тэмы. Ім створаны серыі “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на Сатурне”, “Жыццё на Месяцы”, “Космас” і інш. Арыгінальнае ўяўленне мастака дазволіла яму зазірнуць у далёкі і невядомы, загадкавы, таямнічы свет, стварыць сваю структуру і форму незямнога жыцця. Цікавая грань яго таленту – працы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: маляваныя дываны, разьбяныя кіі, скрыначкі і інш. Як скульптар Я. Драздовіч стварыў бюсты Ф. Скарыны, тэматычны твор “Плач Гарыславы”, барэльефы А. Грыневіча, М. Машары, Я. Пачопкі, а таксама сваёй маці.
На працягу ўсяго свайго жыцця (памёр 15.08.1954 г.) мастак часта вандраваў па Піншчыне і Дзісеншчыне. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў народную лексіку для слоўнікаў, прымаў удзел у выданні беларускіх казак, народных песень, складаў альбомы з узорамі беларускіх тканін. У канцы 1930-х гадоў Я. Драздовіч праводзіў археалагічныя раскопкі, рабіў накіды старажытных паселішчаў і гарадзішчаў. Вынікам гэтай працы з’явіўся яго рукапіс “Дзісенская дагістарычная старына”, па якому сёння беларускімі археолагамі знойдзена больш за 20 гарадзішчаў. Мастацкая, фальклорная, археалагічная дзейнасць творца перамяжоўвалася з літаратурнай працай. Яго вершы і допісы змяшчаліся на старонках друку, а ў 1923 г. у Вільні выйшла кніга “Вар’ят без вар’яцтва, або Вялікая шышка” пад псеўданімам Я. Нарцызаў. Я. Драздовіч з’яўляецца аўтарам навукова-папулярнай брашуры “Нябесныя бегі” (1931). Найбольш значны яго твор – паэма “Трызна мінуўшчыны”, прысвечаная старажытнай Полаччыне. У Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы захоўваюцца рукапісы яго фантастычных твораў “Алвазія”, “Адрыянопаліс”, “У Мурах Трывежу” і інш.
У Мінску на вуліцы Багдановіча Я. Драздовічу ўстаноўлены помнік (скульптар І. Голубеў). Яго імем названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці).