Дата нараджэння: 06.02.1928 Мінск, г.
Дата смерці: 07.06.2013
Кароткая даведка: жывапісец, педагог, народны мастак Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі
Варыянты імя: Стэльмашонак Уладзімір Іванавіч; Сцельмашонак Уладзімір Іванавіч
Імёны на іншых мовах: Stalmashonak Uladzimir Ivanavitch (не вызначана); Стельмашонок Владимир Иванович (руская);
Канец 50-х гадоў мінулага стагоддзя лічыцца пераломным у гісторыі савецкага выяўленчага мастацтва. У гэты час маладыя майстры, да якіх адносіўся і беларускі мастак Уладзімір Іванавіч Стальмашонак, прыўнеслі ў жывапіс эксперыментатарства, новыя выразныя сродкі.
Нарадзіўся У. Стальмашонак у Мінску. Бацькі вучыліся на рабфаку і часта адпраўлялі хлопчыка да дзеда ў в. Хімное Асіповіцкага раёна. Гады дзяцінства, праведзеныя там, назаўсёды засталіся ў памяці будучага мастака. Ён рана пачаў маляваць і ў дзесяцігадовым узросце стаў наведваць студыю, якой кіраваў заслужаны дзеяч мастацтваў БССР М. Керзін. Потым вучыўся ў гуртку выяўленчага мастацтва ў мінскім Палацы піянераў у выдатнага педагога С. Каткова. Пасля вяртання з эвакуацыі паступіў у 1945 г. на будаўнічы факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута. Праз год працягваў адукацыю ў Ленінградскім вышэйшым мастацка-прамысловым вучылішчы імя В.І. Мухінай на факультэце мастацкай апрацоўкі дрэва, потым перайшоў на другі курс факультэта сцэнаграфіі Ленінградскага мастацкага вучылішча імя В.А. Сярова. Вучобу сумяшчаў з працай у тэатрах Ленінграда, дзе маляваў дэкарацыі па эскізах вядомага мастака К. Кустодзіева. У 1951 г. У. Стальмашонак паступіў у Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.Я. Рэпіна пры Акадэміі мастацтваў СССР. Вучыўся ў Б. Іагансона, А. Зайцава, І. Сцяпашына. Пасля заканчэння інстытута ў 1957 г. вярнуўся ў Мінск, дзе да 2000 г. выкладаў у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі) і мастацкім ліцэі. Педагагічную дзейнасць сумяшчаў з творчай працай. У 1959 г. стаў членам Саюза мастакоў БССР, некалькі разоў выбіраўся старшынёй праўлення. У 1989–1991 гг. быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР, узначальваў камітэт па культуры.
У рэспубліканскіх і замежных выстаўках У. Стальмашонак пачаў удзельнічаць з сярэдзіны 1950-х гг. Яго першыя творы «Партрэт хірурга І.М. Стэльмашонка» і «Студэнтка» (1953), «Поўдня» (1956), «Маладыя будаўнікі Мінска» (1957, дыпломная работа) і іншыя былі напісаны ў традыцыйнай рэалістычнай манеры. Дыяпазон творчасці мастака з цягам часу стаў вельмі разнастайны: сцэнаграфія, дэкаратыўна-афарміцельскае мастацтва, графіка, акварэль, станковы і манументальны жывапіс. З усіх жанраў У. Стальмашонак аддаваў перавагу партрэту. Уменне прыкмеціць асаблівасці характараў, мімікі, жэстаў, поз дапамагло мастаку надаць шматлікім партрэтным творам жыццёвасць і непаўторнасць. Сярод асноўных работ ранняга перыяду творчасці – партрэты інжынера В. Любімава, шахтапраходчыка А. Селіванава і ветэрана працы В. Сядых (1958), групавы партрэт «Пінскія механізатары» (1960). Асаблівай вядомасцю ў нашай краіне, а таксама за яе межамі карыстаецца партрэт класіка беларускай літаратуры Я. Коласа (1967). Новыя пластычныя сродкі У. Стальмашонак шукаў у спалучэнні розных матэрыялаў (дрэва, металу, паперы), у сумяшчэнні жывапісу з разьбой, калажам, аплікацыяй. Гэтыя асаблівасці ўласцівы партрэтам Героя Савецкага Саюза і Героя Сацыялістычнай Працы К.П. Арлоўскага (1975), дзяржаўнага і палітычнага дзеяча Беларусі С.В. Прытыцкага (1979), аўтапартрэту (1993), карцінам «Сонечны камень» (1990), «Трэнер верхавых коней» (1990), «Зона. Партрэт мужчыны» (1996) і інш. Шмат часу мастак прысвяціў вывучэнню стылявых асаблівасцей беларускай народнай творчасці, вырабаў прыкладнога мастацтва, этнаграфіі і фальклору, што знайшло адлюстраванне ў многіх яго творах. Асабліва ярка гэта выявілася ў карцінах «Свята ў камуне» і «Успамін» (1969), «Сыны Радзімы» (1970), «Народныя камісары БССР. Студзень, 1919 год» (1971), «Слова аб Беларусі» (1972), «Славутасці Беларусі. Вялікія князі літоўскія» (1993) і інш. Патрыятычнае імкненне папоўніць прабелы ў гістарыяграфіі роднага краю, вярнуць народу страчаныя духоўныя каштоўнасці, аднавіць у памяці імёны і вобразы людзей, якія зрабілі значны ўклад у айчынную і еўрапейскую культуру, спрыяла з’яўленню некалькіх серый графічных і жывапісных работ. Сярод іх – «Дзеячы Інбелкульта» і «Міцкевіч. Музы Міцкевіча» (1999–2000), «Радзівілы» (1990–2001), «Радавод Мікалая Крыштофа Радзівіла Сіроткі» (1998), «Ганаровыя грамадзяне Мінска» (2001) і інш.
Асобнае месца ў творчай дзейнасці У. Стальмашонка займала работа над манументальнымі аб’ектамі, якая пачалася ў 1960-я гг. Мастак у суаўтарстве з Г. Вашчанкам стварыў для актавай залы Беларускага тэхналагічнага інстытута імя С.М. Кірава і на фасадзе Палаца культуры Мінскага камвольнага камбіната (1962–1964) дэкаратыўныя пано ў тэхніцы сграфіта, а таксама вітраж і роспіс Палаца піянераў (1963). У 1972 г. яго размалёўка «Беларускі канцэрт» упрыгожыла фае ў Палацы культуры хімікаў у Светлагорску. У гэтым жа годзе два дэкаратыўныя пано «Беларускі матыў» і «Рабінка», а таксама вітраж «Перамога» з’явіліся ў санаторыі «Беларусь» у Місхоры. Ганаровай граматай і медалём мэрыі быў адзначаны вітраж, размешчаны ў рэстаране «Мінск» (Патсдам, ГДР, 1977). Разам з В. Даўгалам У. Стальмашонак прымаў удзел у афармленні станцый мінскага метро «Плошча Перамогі» (1979–1982) і «Маскоўская» (1982). За два пано («Чырвоная плошча» і «Ленінскія горы»), якія выкананы ў тэхніцы фларэнтыйскай мазаікі, У. Стальмашонак быў узнагароджаны ганаровай граматай Саюза архітэктараў СССР і ордэнам «Знак Пашаны». Актыўная дзейнасць па прапагандзе нацыянальнага мастацтва ў Дні беларускай культуры ў брацкіх рэспубліках, таксама ў Балгарыі, Германіі, Італіі, была адзначана шматлікімі граматамі і сярэбраным медалём у Рэджо-ды-Калабрыі (1973). Падчас паездкі з персанальнай выстаўкай у ЗША У. Стальмашонку было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна г. Трэнтан (штат Нью-Джэрсі, 1989).
Плённая праца У. Стальмашонка высока ацэнена. Ён атрымаў званні «Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі» (1981) і «Народны мастак Беларусі» (1988), у 2007 г. быў выбраны ганаровым грамадзянінам Асіповіцкага раёна. Творы У. Стальмашонка знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расійскай Федэрацыі, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П.В. Масленікава, у Асіповіцкай карціннай галерэі (адкрыта ў 2006 г.).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2017 г.