Дата нараджэння:
29.02.1864 Камаровічы, аграгарадок, Петрыкаўскі раён, Гомельская вобласць
Дата смерці:
24.01.1919
Кароткая даведка:
фалькларыстка і этнограф, польская пісьменніца, даследчыца побыту і духоўнай культуры беларускага народа
Варыянты імя:
Дмахоўская Эма; Яленская-Дмахоўская Эма
Імёны на іншых мовах:
Jelenska-Dmochowska (не вызначана);
1490 сімвалаў
Даведка
Эма Яленская (Дмахоўская) нарадзілася ў в. Камаровічы Мазырскага павета Мінскай губерні (цяпер Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці) у шляхецкай сям’і. Пад уплывам Я. Карловіча зацікавілася народным побытам і духоўнай культурай беларусаў.
Яе галоўная этнаграфічная праца ‒ «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» была апублікавана ў часопісе «Wisła» («Вісла») у 1891 г. Даследчыца грунтоўна апісала жыццёвы ўклад, працоўную дзейнасць і эстэтычныя погляды палескіх сялян. Прыкметным стаў нарыс «Кальварыя пад Вільняй» (1903), у якім расказваецца пра пілігрымку да святыні. У двухтомніку Я. Карловіча, прысвечаным 100-годдзю А. Міцкевіча, надрукавана эсэ Э. Яленскай «Свіцязь». Этнограф запісала 11 сшыткаў народных песень. У парыжскім часопісе «La Tradition» («Традыцыя», 1894‒1995, т. 7) у перакладзе на французскую мову апублікавана даследаванне «Палескі фальклор» і 8 беларускіх народных песень. Яна першая з навукоўцаў пачала вывучаць Усходняе Палессе.
Эма Яленская склала 2 рукапісныя зборнікі. Першы ‒ «Беларускi казачны эпас» (1976) змяшчае 62 казкі, сабраныя ў Мазырскім і Навагрудскім паветах. Большасць з іх з’яўляюцца арыгінальнымі і не друкаваліся ў іншых фальклорных выданнях. Другі ‒ «Песнi, прыслоўi i загадкi з Камаровiч» складаецца з 367 тэкстаў песень розных жанраў. Акрамя этнаграфічных даследаванняў напісала шэраг раманаў і аповесцей. Пісьменніца вяла асветніцкую дзейнасць на Віленшчыне, садзейнічала адкрыццю школ, перасоўных бібліятэк.