Дата нараджэння:
01.04.1940 Слуцк, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
07.06.2020
Кароткая даведка:
графік, які працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі, экслібрыса і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дыпламант рэспубліканскіх і ўсесаюзных конкурсаў мастацтва кнігі
Імёны на іншых мовах:
Basalygha Uladzimir Samoilavitch (не вызначана); Басалыга Владимир Самойлович (руская);
4664 сімвалы
Даведка
Імя Уладзіміра Самойлавіча Басалыгі знаходзіцца ў шэрагу імёнаў такіх славутых дзеячаў айчыннага выяўленчага мастацтва, як Л. Баразна, Я. Кулік, Л. Шчамялёў, В. Шаранговіч, Г. Вашчанка і іншыя, чыімі творамі свету адкрываецца духоўная і культурная спадчына нашай Бацькаўшчыны.
Нарадзіўся мастак у Слуцку. Там прайшлі дзяцінства і юнацтва, якія былі апалены вайной і вялікай стратай – бацька загінуў на фронце. Ужо тады, у цяжкія галодныя пасляваенныя гады, узнікла цікавасць да малявання. Пачаў займацца ў мастацкім гуртку гарадскога Дома піянераў. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1960) і Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1967, цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 1963 г. удзельнічаў у рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках. З 1971 г. з’яўляўся членам Беларускага саюза мастакоў. Працаваў галоўным мастаком Упраўлення мастацкай прамысловасці (1967–1970) і Мастацкага фонду Беларусі (1971–1980). З 1989 па 1999 г. – на выкладчыцкай рабоце ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 2001–2007 гг. быў старшынёй Беларускага саюза мастакоў.
Уладзімір Басалыга працаваў у галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса ў тэхніках літаграфіі, афорта, лінагравюры, акварэлі. Творы прысвечаны гістарычным вехам у развіцці нацыянальнай і духоўнай культуры, культурнай і гістарычнай спадчыне Беларусі. Яшчэ ў студэнцкія гады У. Басалыга займаўся кніжнай графікай. Гэта быў перыяд пошуку сваёй адметнай тэмы, у якой мастак мог бы выказацца поўнасцю. Яму належаць ілюстрацыі да кніг беларускіх пісьменнікаў – “Мая Іліяда” У. Караткевіча (1969), “Суквецце” М. Калачынскага (1977), “Случчына” В. Віткі (1981), “Зорачкі ясныя” С. Новіка-Пеюна (1986), “Васильки на белом полотне” Б. Спрынчана (1990) і іншых; зборнікаў твораў для дзяцей і народных казак “Пану навука” (1979), “Ад зімы да зімы” (1982), “Дзяцел, лісіца і варона” (1983), “Пшанічны каласок” (1985) і інш. У ілюстрацыях выкарыстоўваў традыцыйную колеравую гаму, стылізацыю раслін, жывёл, абводку чорным контурам, у іх прысутнічаў дэкаратыўны пас са стылізаваных кветак.
Асноўнае месца ў творчасці У. Басалыгі займала станковая графіка, адметная тонкасцю выканання, арыгінальнасцю кампазіцыйнага вырашэння. Вядомасць мастаку прынесла серыя літаграфій “Помнікі дойлідства Беларусі” (1977–2009), якія шмат разоў выстаўляліся, друкаваліся на паштоўках, плакатах, у кнігах і школьных падручніках. Работы вызначылі асаблівасці яго творчага стылю, прыхільнасць да нацыянальнай тэматыкі. Выявы архітэктурных помнікаў У. Басалыга лічыў сваім галоўным мастацкім плёнам. Высокамастацкія творы (“Мірскі замак”, “Царква ў Сынковічах”, “Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку”, “Каложская царква ў Гродне”, “Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі”, “Вежа замка ў Любчы”, “Нясвіжскі замак”, “Слуцкая гімназія” і інш.) знаёмяць з айчыннай архітэктурнай спадчынай. У 1989–1991 гг. мастак стварыў серыю каляровых літаграфій “Мова наша родная”, прысвечаную беларускай азбуцы. Над кожнай з іх аўтар працаваў па некалькі месяцаў, падбіраючы адпаведныя кожнай літары мастацкія вобразы жывёл і птушак, этнаграфічных і гістарычных збудаванняў. Важна было распрацаваць дакладную кампазіцыйную будову, якую дзеці маглі б успрымаць з лёгкасцю, упісаць у яе велізарную асноўную літару і мноства дэталёва пададзеных выяў, чые назвы распачынаюцца на пэўную літару. Аўтару ўдалося спалучыць усё разам і пры гэтым захаваць адзінства мастацкай прасторы. Выдзяляецца гісторыка-архітэктурная серыя “Пакутніцы духоўнага Чарнобыля” (1996), дзе адлюстраваны знішчаныя і разбураныя помнікі беларускага дойлідства. Мастак – аўтар серый літаграфій “Шануйце роднае слова” (1976), “Неба бацькаўшчыны”, “Неба Айчыны” (абедзве 1980), “Радзіма мая дарагая” (1980–90-я гг.), “Дух стагоддзяў”, “Радзіма Купалы”, “Мой родны кут” (усе 1982), цыкла “Песні працавітасці” (1976) і інш.
Уладзімір Басалыга з’яўляўся лаўрэатам шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных і міжрэспубліканскіх конкурсаў “Мастацтва кнігі”. За асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва ўзнагароджаны медалём імя Ф. Скарыны (1990), бронзавым медалём ВДНГ СССР (1968). Яго творы экспанаваліся ў многіх гарадах краіны, а таксама за мяжой – у ЗША, Кітаі, Польшчы, Чэхіі, Расіі, Германіі, Францыі, Алжыры, Індыі, Анголе і інш. Многія з іх знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва (Мінск), фондах Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь, Слуцкім краязнаўчым музеі, а таксама ў музеях і прыватных зборах Расіі і іншых краін свету.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г., актуалізаваны ў 2020 г.