Дата нараджэння: 23.04.1940 Калінкавічы, г., Гомельская вобласць
Кароткая даведка: пісьменнік, кінасцэнарыст, лаўрэат прэміі імя М. Астроўскага (1975, Расія), прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1977), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982) і Літаратурнай прэміі імя Б. Палявога (1990, Расія)
Імёны на іншых мовах: Козько Виктор Афанасьевич (руская);
Творчасць выдатнага майстра прозы Віктара Казько цесна пераплецена з яго біяграфіяй, жыццёвым вопытам, асабістымі ўражаннямі. Трагічныя падзеі, якія своеасабліва адбіліся ў дзіцячай свядомасці, праламляюцца ў сюжэтах аповесцей пісьменніка. Знявечанае вайной дзяцінства, клопат аб прыродзе, недасканаласць этычных адносін у грамадстве – гэтыя тэмы прадвызначылі вышыню маральных крытэрыяў прозы В. Казько і, адпаведна, прыхільнасць шырокай чытацкай аўдыторыі. Дзякуючы сваёй разнастайнасці, маральна-этычнай і філасофскай заглыбленасці, суб'ектыўнасці творчасць пісьменніка па-ранейшаму застаецца новай старонкай у гісторыі нацыянальнай прозы.
Нарадзіўся будучы пісьменнік за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў г. Калінкавічы Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. У час вайны ад выбуху варожага артылерыйскага снарада загінула яго маці, маленькая двухгадовая сястрычка залезла пад печ і замерзла там. Толькі яму, трохгадоваму хлопчыку, было наканавана жыць, каб потым, праз шмат гадоў, расказаць пра вайну, убачаную вачыма дзіцяці. Пасля вайны ў новай сям'і бацькі Віктар не прыжыўся. Нейкі час быў беспрытульнікам. Выхоўваўся ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах, а ў 1956 г., калі закончыў восьмы клас, адправіўся на Кузбас. Вучыўся ў горнапрамысловым рамесным вучылішчы, Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме. Працаваў у шахце, у геолагаразведцы ў Сібіры. Пачаў займацца журналістыкай. У 1970 г. скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага і амаль адразу пераехаў у Мінск, дзе супрацоўнічаў у газетах “Чырвоная змена” і “Советская Белоруссия”, працаваў у часопісе “Нёман”, на кінастудыі “Беларусьфільм”. У 1986–1988 гг. быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Друкавацца В. Казько пачаў з 1963 г. (на рускай мове). Яго першая аповесць “Високосный год” (1972) была надрукавана А. Твардоўскім у часопісе “Новый мир”. Асобным выданнем аповесць выйшла ў 1974 г. Памяць пра вайну ўвасобілася і ў творы “Повесть о беспризорной любви” (1975). На рускай мове напісаны таксама аповесці, звязаныя з сібірскімі ўражаннямі: “Темный лес, тайга густая” (1973) і “Здравствуй и прощай” (1976, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1977).
У 1978 г. пачаўся беларускамоўны перыяд у творчасці пісьменніка. У гэтым годзе былі апублікаваны аповесці “Цвіце на Палессі груша”, у якой знайшла адлюстраванне тэма чалавека і прыроды, і “Суд у Слабадзе”, адзначанай у 1982 г. Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Коласа. У гэтым выдатным творы пісьменнік паказаў жорсткае аблічча фашыстаў, якія ў гады вайны ператваралі дзяцей у донараў для сваіх салдат і афіцэраў. Па аповесці “Суд у Слабадзе” ў 1985 г. быў зняты тэлефільм “Сведка”.
У 1980-я гг. В. Казько паглыбляецца ў даследаванне стасункаў чалавека і прыроды. Да тэмы прыроды ён ужо звяртаўся ў сваіх сібірскіх творах і названай вышэй аповесці “Цвіце на Палессі груша”, але ў іх прырода, чалавек і жыццё знаходзіліся ў суладдзі. Раман В. Казько “Неруш” (1981) адлюстраваў тыя жахлівыя пераўтварэнні, якія ўнёс чалавек, навукова-тэхнічны прагрэс у стан прыроды. З'яўленню рамана папярэднічаў фільм “Паводка”, зняты па сцэнарыю пісьменніка. Вялікая колькасць матэрыялу, якая не ўвайшла ў фільм, і стала асновай твора. Дзеянне адбываецца на Палессі, яно здавалася В. Казько зямным раем. Затым пачалася меліярацыя, вынікі якой празаік убачыў сам, калі праехаў па “новым” Палессі. Гэта, на думку аўтара, знішчэнне не толькі прыроды, але і чалавечай душы.
Пра далейшую інтэлектуалізацыю прозы В. Казько сведчыць наступны буйны твор “Хроніка дзетдомаўскага саду” (1987), у якім тэма абяздоленага дзяцінства спалучылася з тэмай чалавека і прыроды, мінулай вайны і сённяшняга дня. Твор ахапіў значны прамежак часу: пачынаючы з рэвалюцыі і грамадзянскай вайны да 1980-х гг. Раманны час паглыбіўся за кошт рэтраспектыўнага плана, які закрануў больш аддаленую мінуўшчыну, як гістарычную, так і міфалагічную. Дзеянне ў творы зноў разгортваецца на Палессі. Праз вобраз Саду пісьменнік працягвае тэму страчанага Эдэму. Заняпад дзетдомаўскага будынка, саду, нашэсце мышэй і пацукоў на вёску, лясныя пажары – усё гэта стварае прадчуванне катастрофы, якой прасякнуты твор.
На палескім матэрыяле напісана і аповесць В. Казько “Выратуй і памілуй нас, чорны бусел” (часопісны варыянт, 1991). У ёй апавядаецца пра нялёгкае жыццё палешукоў, якія за штодзённымі клопатамі не надавалі вялікай увагі таму, што адбывалася на іх роднай зямлі, і толькі, калі ўзнікала пытанне аб канчатковым знішчэнні дубровы, дзе жыў занесены ў Чырвоную кнігу чорны бусел, зразумелі, што нельга абыякава адносіцца да навакольнага свету. Пісьменніку належаць аповесці “Но Пасаран” (1990), у якой адлюстравана тэма страчанага дзяцінства ў апошнія гады культаўскай эпохі, “Прахожы” (1995) – спроба падключэння незямных касмічных рэалій у вырашэнні і прызначэнні чалавечай цывілізацыі, “Да сустрэчы” (1997) – роздум над прыродай мастацкай творчасці. У рамане “Бунт незапатрабаванага праху” (часопісны варыянт, 2000) узняты праблемы філасофскага характару. На прыкладзе жыцця галоўнага героя твора і яго сям'і аўтар асэнсаваў нацыянальныя і агульначалавечыя праблемы. Крытыкі параўналі гэты раман В. Казько з культавым творам выдатнага калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса “Сто гадоў адзіноты”, у якім на прыкладзе некалькіх пакаленняў аднаго роду можна прасачыць гісторыю Лацінскай Амерыкі. Эсэістыка і публіцыстыка апошніх гадоў уключаны ў зборнік В. Казько “Дзікае паляванне ліхалецця” (2009). Ён адметны вастрынёй і надзённасцю, пранізаны болем за родную зямлю і краіну, мову і культуру.
Вядомы беларускі празаік Віктар Казько імкнуўся гістарычна асэнсаваць не толькі лёс свайго народа, але і ўсяго чалавецтва. Ён стварыў сапраўдную канцэпцыю ў адлюстраванні беларускага менталітэту, раскрыў сутнасныя рысы нацыянальнага характару. Творам В. Казько ўласцівы драматызм, пераканальнасць, псіхалагічнае заглыбленне. Многія аповесці і раманы аўтара сталі хрэстаматыйнымі. Яны перакладзены на розныя мовы свету. Пісьменнік з’яўляецца лаўрэатам прэмій М. Астроўскага і Б. Палявога (абедзве расійскія). Да 65-годдзя вызвалення Беларусі на кінастудыі “Летапіс” пра знакамітага празаіка зняты дакументальны фільм “Знакі лёсу. Віктар Казько” (2009).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2011 г.