Аляксандр Сяргеевіч Шатэрнік нарадзіўся ў г. Іванава (Расія). З дзяцінства марыў стаць мастаком. У 10-гадовым узросце (пасля пераезду ў Мінск) у юнака з’явілася магчымасць займацца ў мастацкім гуртку ў Палацы піянераў. Яго першымі настаўнікамі былі А. Луцэвіч і С. Каткоў. Навучальная база ў гуртку спрыяла ў далейшым паступленню ў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе ён атрымаў прафесійную падрыхтоўку на скульптурным аддзяленні ў Г. Мурамцава (скончыў у 1964 г.). Тры гады потым вучыўся ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на кафедры інтэр’ера і абсталявання, адначасова працаваў мастаком на Беларускім тэлебачанні, Мінскім мастацкім камбінаце. З 1966 г. стаў актыўным удзельнікам мастацкіх выставак.
Пачатак творчай дзейнасці А. Шатэрніка ў 1960-я гг. пазначаны пошукам асабістай творчай манеры, стылістыкі. Яго творчасць развівалася ў двух кірунках: стварэнне скульптуры малых форм – (“Паўстанцы” (1963)) і ўзбуйненых твораў. У 1960-я гг. А. Шатэрнік працаваў у галіне манументальнай скульптуры. Для мемарыяла ў в. Арэшкавічы ён выбраў матыў “Чаканне” (1968). Ён стварыў помнікі невядомаму салдату ў в. Гарадзішча Мінскага раёна (1975), падпольшчыцам С. Бабаковай і Г. Каралёвай у г. Старыя Дарогі (1984), савецкім воінам і партызанам у г. п. Зэльва (1985), землякам, што загінулі ў Вялікую Айчынную вайну ў в. Янавічы Клецкага раёна (1987) і інш.
1980-я гг. – час творчай сталасці А. Шатэрніка. Па сцвярджэнні сяброў і крытыкаў, гэта самы плённы перыяд яго мастацкай дзейнасці. Скульптар працягваў працаваць у галіне станковай, манументальна-дэкаратыўнай і мемарыяльнай скульптуры, значная колькасць яго твораў гэтага перыяду прысвечана гістарычным асобам. Задумаў цыкл міні-помнікаў выдатным дзеячам гісторыі і культуры Беларусі, які адкрывае работа “Мікола Гусоўскі” (1980). Потым былі створаны трохмерная фігура беларускага паэта-рамантыка Максіма Багдановіча (1981), скульптура “Якуб Колас – настаўнік” (1982), лаканічная кампазіцыя “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч” (1983). Цэлая група твораў А. Шатэрніка датуецца 1984 г. – аднафігурныя скульптуры “Алена Кіш”, “Вітаўт”, “Векапомная Рагнеда”. У 1987, 1988 . і 2004 гг. творы гістарычнай тэматыкі А. Шатэрніка побач з карцінамі А. Марачкіна паспяхова экспанаваліся ў Полацкай карціннай галерэі. Сярод работ, выстаўленых А. Шатэрнікам, былі такія шматфігурныя кампазіцыі, як “Крывічы” (1986) і “Дрыгавічы” (1986).
У скульптуры А. Шатэрніка 1990-х гг. вылучаюцца дзве групы: творы, якія працягваюць лінію традыцыйных гістарычных партрэтаў і кампазіцый (“Ян Непамук” (1995), “Гарыслава” (1995), “Сімяон Полацкі” (1995),”Анёлы” (1990), і канцэптульныя працы, пазбаўленыя фігуратыўнасці (“Джаз Рознера” (1999) і інш.
Творы А. Шатэрніка знаходзяцца не толькі ў музеях і галерэях, яны размешчаны на плошчах і вуліцах беларускіх гарадоў. Яшчэ ў канцы 1970-х ён атрымаў заказ на стварэнне дэкаратыўнай скульптуры для Паркавай магістралі ў Мінску (цяпер праспект Пераможцаў) – кампазіцыю “Гуканне вясны” (1982). Дэкаратыўная скульптура “Крывічы” (1986) устаноўлена ў Полацку і Мінску. Сярод выкананых А. Шатэрнікам твораў мемарыяльнай скульптуры – надмагільныя помнікі мастаку Я. Драздовічу (1982 , в. Ліпкі Глыбоцкага раёна), драматургу А. Макаёнку (1983, Усходнія могілкі ў Мінску), гісторыку М. Ткачову (1993, Усходнія могілкі ў Мінску), мовазнаўцу Ф. Янкоўскаму (1995, Усходнія могілкі ў Мінску),), краязнаўцу Г. Каханоўскаму (1997, Маладзечна); мемарыяльныя дошкі вучонаму Г. Гарэцкаму (1987), К. Крапіве (1996) і інш.
Па яго праекце ў пачатку ліпеня 2005 г. на тэрыторыі Пасольства ЗША ў Мінску быў адкрыты помнік Т. Касцюшку. Скульптар паказаў яго ў парадным мундзіры генерал-палкоўніка з амерыканскім ордэнам Цынцынаці і ордэнам Рэчы Паспалітай “Віртуці Мілітары”.
Сучаснікі А. Шатэрніка адзначаюць, што людзей здзіўляе разнастайнасць яго захапленняў. Вядомы скульптар у 55 гадоў заняўся жывапісам. Яго “Золак” (1995), “Цёплы вечар” (1998), “Сад у Вайшкунах” (1998) і іншыя., напісаныя ў імпрэсіяністычнай манеры, набываюць аматары жывапісу ў Беларусі і за межамі краіны. Крыху раней ён пачаў пісаць вершы. Іх публікавалі ў друку. Свае паэтычныя знаходкі аўтар аб’ядноўвае вобразам “Сонцакрыжа”. Пад такой жа назвай у 2004 г. у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва экспанаваліся 26 яго алейных работ, 18 скульптур і паэтычныя імпрэсіі. Сваю выстаўку скульптар А. Шатэрнік прысвяціў памяці бацькоў: маці ў паэтычнай форме становіцца сонцам, а бацька – крыжам.
Творы А. Шатэрніка знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, Полацкім гісторыка-краязнаўчым музеі, фондах Беларускага саюза мастакоў і Міністэрства культуры Расіі, Траццякоўскай галерэі ў Маскве, арт-музеі “Цымерлі” у Нью-Джэрсі (ЗША), у Белым Доме (Вашынгтон, ЗША), прыватных зборах у Францыі і Германіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2015 г.