Дата нараджэння:
01.10.1881 Чэрвень, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
02.01.1974
Кароткая даведка:
жывапісец, педагог, творы якога ўпрыгожваюць музеі Беларусі, аўтар тэматычных карцін, партрэтаў, краявідаў, нацюрмортаў
Імёны на іншых мовах:
Staniuta Mikhail Pyatrovitch (не вызначана); Станюта Михаил Петрович (руская);
3644 сімвалы
Даведка
Імя Міхаіла Пятровіча Станюты, таленавітага жывапісца, рысавальшчыка, педагога, аднаго з арганізатараў першых беларускіх выставак, трывала ўпісана ў гісторыю выяўленчага мастацтва Беларусі. Дзейнасць яго нямала спрыяла ў 1920-я гг. кансалідацыі творчых сіл беларускай сталіцы.
Міхаіл Станюта пражыў доўгае, багатае на падзеі жыццё. Нарадзіўся ён у 1881 г. у Ігумене (цяпер г. Чэрвень Мінскай вобласці). Скончыў Мінскае гарадское чатырохкласнае вучылішча, працаваў пісарам у натарыяльнай канторы, у камерцыйнай службе Лібава-Роменскай чыгункі. Пачатковую мастацкую адукацыю атрымаў на курсах малявання і жывапісу, якія адкрыў у Мінску вядомы мастак Я. Кругер. Там пазнаёміўся з аматаркай мастацтва П. Мрачкоўскай. Яна заснавала студыю, куды на “аўторкі” збіраліся мінскія мастакі, сярод якіх быў і М. Станюта. Разам з Я. Кругерам, У. Кудрэвічам, П. Мрачкоўскай і іншымі ён удзельнічаў у арганізацыі мінскай выстаўкі беларускага выяўленчага мастацтва ў 1917 г.
У 1918–1920-х гг. М. Станюта вучыўся ў Маскве ў Дзяржаўных вольных мастацкіх майстэрнях (ВХУТЕМАС) у А. Архіпава і М. Касаткіна. У 1920 г. ён вярнуўся ў Мінск і разам з іншымі прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі пачаў наладжваць мастацкае жыццё маладой паслярэвалюцыйнай Беларусі. Важную ролю ў кансалідацыі творчых сіл краіны адыгрывалі мастацкія выстаўкі. Пры непасрэдным ўдзеле М. Станюты ў верасні 1921 г. у Мінску адбылася першая пасля грамадзянскай вайны выстаўка, на якой дэманстравалася больш за 360 твораў 33 мастакоў з розных беларускіх гарадоў. Там М. Станюта ўпершыню выставіў і свае творы.
З 1920 г. Міхаіл Пятровіч загадваў аддзелам выяўленчага мастацтва Галоўпалітасветы Беларусі, быў сакратаром аб’яднання мастакоў (з 1924 г.), Усебеларускага аб’яднання мастакоў (1927–1930), выкладаў маляванне ў школах, мастацкіх студыях і гуртках (1920–1939). М. Станюта працаваў у станковым жывапісе (тэматычная карціна, партрэт, пейзаж, нацюрморт) і ў графіцы. Яго сюжэтна-тэматычныя карціны “Шклозавод” (1924), “Бетоншчыкі” (1927), “Будаўніцтва Універсітэцкага гарадка” (1928), “На будоўлі” (1929), “Ліцейны цэх” (1931) дакладна перадаюць подых тых далёкіх часоў. Міхаіл Пятровіч пісаў шмат кампазіцый на тэму дня, імкнуўся адлюстраваць новы лад жыцця. Гэта былі творы, якія нарадзіліся ў выніку непасрэднага назірання за жыццём і працай мінчан.
Адметнымі па выкананні з’яўляюцца пейзажы: “Прыцемкі”, “Вечар” (абодва 1920), “Дарогі і хвоі” (1923), “Разбураны Мінск” (1944), “Цэнтральны сквер” (1951), “Зімой у парку” (1965) і інш. Значнае месца ў яго творчасці займаў партрэт: “Бежанец”, “Аўтапартрэт” (абодва 1921), “Партрэт мастака М. Філіповіча” (1925), “Студэнт” (1927), “Ударнік” (1928), “Беларус” (1944), “Хлопчык у кепцы” (1949), “Партрэт старога” (1952), “Калгасніца” (1961) і інш. У 1923 г. Міхаіл Пятровіч напісаў славуты партрэт дачкі Стэфаніі, будучай вялікай актрысы, народнай артысткі БССР і СССР. Спецыялісты лічаць гэты твор самым дасканалым, класічным і наватарскім па выкананні. “Партрэт дачкі” – сапраўдны шэдэўр мастака. Ён знаходзіцца ў пастаяннай экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Нямнога ўцалела твораў са спадчыны мастака 1920–1930-х гг. Сярод іх – знакаміты партрэт дачкі, партрэты М. Філіповіча, студыйца Б. Рагавенкі, некалькі выдатных малюнкаў. Большасць з таго, што было напісана ў даваенныя гады, загінула падчас вайны.
Міхаіл Пятровіч Станюта член Беларускага саюза мастакоў з 1945 г. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Беларускага саюза мастакоў, Чэрвеньскім краязнаўчым музеі.