Кароткая даведка:
князь новагародскі, вялікі князь ВКЛ
Духоўныя імёны:
Елісей
Варыянты імя:
Давід
Імёны на іншых мовах:
Василий (руская); Войшелг (руская); Войшелк (руская); Елисей (руская); Лаврыш (руская);
4574 сімвалы
Даведка
Імя вялікага князя літоўскага, сына Міндоўга Войшалка, відаць, упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1253 г. (фактычна 1252 г.). Яго праўленне супала з надыходам аднаго з самых значных, лёсавызначальных перыядаў у нашай нацыянальнай гісторыі – аб’яднаннем зямель у адзіную дзяржаву, якая менавіта з гэтага часу атрымала назву Вялікае Княства Літоўскае (ВКЛ).
У 1246 г. разам са сваім бацькам Міндоўгам і яго баярамі Войшалк уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), дзе ахрысціўся паводле праваслаўнага абраду. Усе спробы Міндоўга заключыць з галіцка-валынскімі князямі мір заканчваліся няўдачамі. У складаным становішчы апынулася Новагародская зямля, і толькі ўмелая, вытанчаная дыпламатыя, хітрасць, дэталёвы разлік маглі прынесці поспех. Пасля паражэння Міндоўга ў вайне з Галіцка-Валынскім княствам ў 1248–1254 гг. новагародскае веча абрала Войшалка сваім князем. Цяпер заключэнне міру стала яго справай. Хоць пакняжыў Войшалк зусім мала, але праявіў сябе вельмі ярка як дзяржаўны дзеяч, палкаводзец, святар і дыпламат. Ён быў надзелены незвычайным розумам, выключнай жорсткасцю, прагай да забойстваў, а таксама празорлівасцю, дальнабачнасцю, палітычнай хітрасцю. У адрозненне ад Міндоўга дзейнічаў не грубай сілай, не вераломнасцю. Войшалк да патрэбнага часу хаваў свае намеры, без шуму плёў інтрыгі, пускаўся на хітрасці, ішоў на кампрамісы. Учынкі яго толькі на першы погляд здаваліся нелагічнымі. На самой справе кожны князеў крок быў прадуманы, паслядоўны. Як дзяржаўны дзеяч і палітык, Войшалк быў да канца адданы інтарэсам Новагародка. Першай дзяржаўнай справай было заключэнне міру з Данілам Галіцкім. Каб увайсці да яго ў давер, Войшалк аддаў Новагародскую зямлю Раману Данілавічу, сыну Данілы Галіцкага, а сваю сястру выдаў замуж за Шварна Данілавіча, другога сына. Гэтым было пасеяна зерне варожасці паміж галіцка-валынскімі князямі. У кароткі перыяд перамір’я Войшалк прыняў манаства і на працягу трох гадоў знаходзіўся ў Палонінскім манастыры на Валыні, цалкам аддаўшыся служэнню Богу. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры.
Бурлівыя падзеі хутка ўцягнулі зноў у вір палітыкі. Войшалк пачаў ажыццяўляць задуманае – вяртаць Новагародак і свае землі з-пад галіцка-валынскай улады. Уступіў у саюз з полацкім князем Таўцівілам. Каля 1258 г. з яго дапамогай захапіў Новагародак і зноў стаў паўнапраўным князем і гаспадаром сваёй зямлі. Гэта з’явілася пачатковым этапам у планах Войшалка стварыць моцную дзяржаву. Наступны крок – заваёва летапіснай Літвы. У 1263 г. быў забіты Міндоўг, пасля чаго пачалася доўгатэрміновая міжкняжацкая барацьба. Уладу захапіў літоўскі князь Транята. Ён ведаў, што ёсць два прэтэндэнты на вялікакняжацкі пасад – Таўцівіл і Войшалк. Транята расправіўся з Таўцівілам. Такі ж лёс чакаў і Войшалка. Аднак той аказаўся і хітрэйшым, і больш прадбачлівым за літоўскага ўладара. Ён не паехаў у Літву, а пакінуў Новагародак і адправіўся ў Пінск, у Ляшчынскі манастыр. Транята нядоўга заставаўся пры ўладзе. Не без падтрымкі Войшалка сярод літоўскай знаці, незадаволенай жамойцкай уладай, узнікла змова супраць князя. У хуткім часе былыя слугі Міндоўга забілі Траняту. У гэты час рашучыя дзеянні пачаў Войшалк: атрымаў ваенную дапамогу ад пінскіх князёў і захапіў Новагародак, а затым дамогся ўлады над бацькоўскай вотчынай у Літве, дзе пакараў смерцю сваіх ворагаў. Потым зрабіў захады, каб пазбегнуць войнаў з суседзямі: заключыў мір з Тэўтонскім ордэнам, шукаў магчымасць паразумення з Галіцка-Валынскім княствам. Знешне прызнаў сябе васалам галіцка-валынскага князя Васількі Раманавіча, дапамагаць кіраваць у Новагародку запрасіў Шварна, які не мог мець дзяцей (пасля яго смерці Войшалк зноў станавіўся паўнапраўным гаспадаром у сваёй дзяржаве). З дапамогай галіцка-валынскіх сіл заваяваў Нальшчаны і Дзяволтву, аб’яднаўшы асноўныя літоўскія княствы і Новагародскую зямлю пад адной уладай. Залежаць ад яго сталі Полацк і Віцебск, пра што сведчыць грамата полацкага князя Ізяслава, дадзеная каля 1267 г. Аб’яднанне зямель Войшалкам стала пачаткам утварэння ВКЛ. Першай сталіцай гэтай дзяржавы стаў Новагародак.
У 1267 г. улада была перададзена Шварну, што не спадабалася галіцкаму князю Льву Данілавічу, які сам хацеў валодаць Новагародскай і Літоўскай землямі. За гэта ён і забіў Войшалка. Так трагічна і неспадзявана абарвалася жыццё вялікага князя літоўскага.
Створанае Войшалкам і яго бацькам Вялікае Княства Літоўскае працягвала існаваць, пашырацца, каб пазней стаць буйнейшай у Еўропе дзяржавай.