Таленавітым і апантаным рупліўцам на ніве беларускай культуры, шчырым і чулым сябрам, чалавекам высакароднай і бескарыслівай душы – менавіта такім запомнілі калегі, сябры і родныя пісьменніка, фалькларыста і краязнаўца Мікалая Раманавіча Гайдука.
Нарадзіўся ён 29 мая 1933 г. у в. Кабылянка на Беласточчыне ў сялянскай сям’і. У 1951 г. скончыў агульнаадукацыйны ліцэй у Міхалове, потым працаваў у гміннай управе. Вучыўся на філалагічных факультэтах універсітэтаў Растова-на-Доне і Ленінграда, у 1959 г. скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. У 1959–1964 гг. працаваў выкладчыкам беларускай, рускай і лацінскай моў, беларускай і рускай літаратур у Бельскім беларускім ліцэі імя Б. Тарашкевіча (Бельск-Падляскі, Польшча). З 1965 г. з’яўляўся дырэктарам гэтага ліцэя, адначасова выкладаў беларускую літаратуру ў завочнай настаўніцкай студыі ў Беластоку. З 1971 г. працаваў у тыднёвіку “Ніва” (Беласток) спачатку супрацоўнікам, а ў 1986–1988 гг. – намеснікам рэдактара. Вёў на яго старонках раздзел “Шляхам гадоў”, дзе распавядаў пра цікавыя факты з мінулага і сучаснага жыцця роднага краю, друкаваў апрацаваныя беларускія народныя казкі, паданні, легенды і песні. З’яўляўся таксама пастаянным аўтарам беларускай старонкі ў месячніку “Przeglend Prawoslawny” і складальнікам штогадовага “Праваслаўнага календара”. У 1982 г. быў прыняты ў Саюз польскіх пісьменнікаў.
Выступаць у друку спачатку з вершамі малады пісьменнік пачаў у 1957 г. у газеце “Ніва”, потым друкаваўся ў альманаху “Белавежа”, гадавіках “Беларускі каляндар” і іншых польскіх перыядычных выданнях. М. Гайдук – аўтар гістарычных апавяданняў, краязнаўчых нарысаў, крытычных і публіцыстычных артыкулаў, падручнікаў для беларускіх школ у Польшчы. Яго творы ў большасці сваёй прысвечаны гістарычнаму мінуламу беларускага і суседскіх народаў: змаганню супраць каталіцкай экспансіі (“Воўчы спеў”), паўстанню 1863–1864 гг. на Беласточчыне (“Апошні”), заснаванню Бельска (аповесць “Першыя”, “Крамола”), барацьбе з крыжаносцамі (“Вяртанне”), нападу Батыя і ўцёкаў княжацкіх сем’яў ад татараў (“Навала”, “На роднай зямельцы”), яцвягам, іх быту і норавам (“Рамейскі меч”, “Гнілы востраў”), гісторыі праваслаўя (“Брэсцкая царкоўнная унія 1596 года”). Аб’ядноўвае ўсе творы пісьменніка вялікая любоў да свайго краю, гонар за тых людзей, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі. М. Гайдук з’яўляецца аўтарам кніг прозы “Аб чым шуміць Белавежская пушча” (1982), “Трызна” (1991), “Паратунак” (1993), “Белавежскія быліцы і небыліцы: легенды і паданні” (1996), “Легенды Беласточчыны” (1997); зборніка паэзіі “Ціш” (1988), зборніка “Храм і верш: праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія” (1993).
Як краязнавец Мікалай Раманавіч вядомы даследаваннямі беларуска-польскіх культурных сувязяў, беларускай каляндарна-абрадавай і сямейна-абрадавай паэзіі, народных абрадаў Беласточчыны. У 1997 г. ён падрыхтаваў і выдаў “Песні Беласточчыны”, куды ўвайшло каля 700 уласных запісаў тэкстаў беларускіх народных песень з нотамі. Да фальклорнай спадчыны М. Гайдука належаць таксама “Балады” (кн. 1–2, 1977–1978), “Легенды і паданні” (1983), “Вяселле. Песні” (кн. 5–6, 1986–1988), “Белавежскія паданні” (1990).
Добра вядомыя публіцыстычныя артыкулы М. Гайдука, прысвечаныя дзеячам беларускай культуры: П. Броўку, І. Буйніцкаму, У. Дубоўку, Л. Кандратовічу, Я. Купалу, М. Танку, Г. Цітовічу, М. Забэйду-Суміцкаму, Я. Карскаму і інш. Пяру пісьменніка належаць артыкулы “Беларуская народная творчасць Беласточчыны” (1961), “Гутаркі па роднай гісторыі” (1967–1968), “Адкуль узяліся нашыя імёны” (1970) і інш.
Мікалай Раманавіч займаўся таксама перакладамі з польскай і лацінскіх моў. Пераклаў на беларускую мову кнігу Калеві Касаля “Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі” (1992), вершы польскіх паэтаў Ц. Абрамовіча, Л. Падгорскага-Аколава, Т. Маславецкага, А. Казлоўскай.
М.Р. Гайдук узнагароджаны ордэнамі “Кавалерскі крыж ордэна Адраджэння Польшчы”, “Залаты крыж заслугі”, “Сярэбраны крыж заслугі”, медалямі.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.