Кароткая даведка:
беларуская і польская фалькларыстка, этнограф, якая ўпершыню падрабязна апісала працэс збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў
Псеўданімы:
Бирута; Бірута Амелія
Імёны на іншых мовах:
Derewińska (польская); Деревинская Амелия (руская);
1825 сімвалаў
Даведка
Бірута (сапраўднае імя Даравінская Амелія) нарадзілася ў в. Ройсталі (зараз у межах Вільнюса). Адукацыю атрымала ў Варшаве. У час вучобы зацікавілася фалькларыстыкай. Працавала настаўніцай у Лідскім павеце, дзе запісвала беларускі фальклор і праводзіла этнаграфічныя назіранні, вывучала народны побыт, рабіла запісы песен, павер’яў, забабонаў, збірала звесткі пра абрады і матэрыяльную культуру беларусаў. Друкавалася ў краязнаўчым часопісе «Wisła» («Вісла»). У 1889 г. апублікавала ў ім сваю першую працу ‒ нарыс «Дажынкі на Літве», дзе дала апісанне краязнаўчых назіранняў, якія сабірала з 1887 г. Сярод іх – жніўны абрад з песнямі ў в. Шаўры Лідскага павета, беларускія народныя песні ў польскім перакладзе, у якіх захаваны самабытны мясцовы каларыт. Даследчыца дасканала апісала падзеі апошняга дня жніва, звычкі і традыцыі мясцовага насельніцтва. Сярод значных публікацый Біруты, якія змяшчаюць багаты аўтэнтычны матэрыял – паданні «Сосны ў Лідзе», «Пра касцёл святой Ганны ў Вільні», «Паданне пра Пілакальскую гару» (у Ваўкавыскім павеце). У часопісе «Zbiór wiadamości do antropologii krajowei» («Зборнік паведамленняў па айчыннай антрапалогіі») у 1892 г. апублікаваны «Беларускія песні з Лідскага павета», куды ўвайшлі 24 тэксты пазаабрадавай лірыкі (сямейна-бытавыя, рэкруцкія, любоўныя песні). У часопісе «Wisła» (1899) быў змешчаны нарыс «Над прускай граніцай», дзе апісаны жыццёвы ўклад літоўцаў паўднёва-заходняй часткі Ковенскай губерні (размяшчэнне гаспадарак, адзенне, сямейныя звычаі, абрады), прыводзяцца статыстычныя звесткі па моўным складзе насельніцтва. Бірута з’яўляецца аўтарам неапублікаванай манаграфіі «Народ Лідскага павета» («Апісанне Лідскага павета», не збераглася). Асобныя рукапісы і дакументы, звязаныя з яе дзейнасцю, захоўваюцца ў архівах Вільнюса і Варшавы.