Кароткая даведка:
вучоны ў галіне меліярацыі і гідралогіі, аўтар прац па гідралогіі лясоў, балот і ўплыву лесу на рачны сцёк, акадэмік НАН Беларусі
Варыянты імя:
Дубах Аляксандр Давідавіч
Імёны на іншых мовах:
Дубах Александр Давидович (руская); Дубах Александр Давыдович (руская);
3648 сімвалаў
Даведка
Значны ўклад у развіццё вучэння аб асушальных меліярацыях унёс сваімі навуковымі працамі, даследчай дзейнасцю Аляксандр Давідавіч Дубах.
Нарадзіўся ён 9 ліпеня 1883 г. у вёсцы Ботава Валакаламскага раёна Маскоўскай вобласці ў сям’і сыравара. У 1902 г. скончыў Маскоўскае земляробчае вучылішча і пачаў вучобу на інжынерным аддзяленні Маскоўскага сельскагаспадарчага інстытута. Пасля атрымання дыплома інжынера-агранома ў 1908 г. А. Дубах працаваў у Маскоўска-Цвярскім упраўленні земляробства і дзяржаўных маёмасцей і адначасова з’яўляўся асістэнтам кафедры меліярацыі свайго інстытута. У гэты ж час былі апублікаваны яго першыя навуковыя працы. У 1912 г. выйшла кніга А. Дубаха (у сааўтарстве з Р. Спаро) «Осушение болот открытыми канавами».
У Мінску Аляксандр Давідавіч пачаў працаваць з чэрвеня 1910 г. на пасадзе інжынера Мінскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей. Праз год апублікаваў працу, у якой прааналізаваў эканамічную эфектыўнасць асушальных работ у Мінскай губерні, праведзеных у 1871—1909 гг. У 1912 г. вучоны стаў кіраўніком гідратэхнічных работ Магілёўска-Чарнігаўскага ўпраўлення земляробства і дзяржаўных маёмасцей.
У гады Першай сусветнай вайны А. Дубах быў мабілізаваны ў армію, займаўся арганізацыяй пошуку водазабеспячэння для франтавых патрэб. У 1917 г. займаў пасады інжынера-агранома, інжынера-гідратэхніка пры Мінскім упраўленні земляробства і дзяржаўных маёмасцей. З 1920 па 1927 г. працаваў загадчыкам кафедры сельскагаспадарчай меліярацыі Горы-Горацкага земляробчага інстытута (Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі), выкладаў тэорыю асушэння зямель. У 1927–1930-х гг. з’яўляўся загадчыкам аддзела меліярацыі і культуры балот Беларускага навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі імя У.І. Леніна. У 1925–1930 гг. узначальваў навукова-тэхнічны савет пры Наркамземе БССР. У 1928 г. А. Дубах быў абраны акадэмікам Акадэміі навук БССР.
Значная частка жыццёвага шляху Аляксандра Давідавіча прайшла ў Беларусі. Уся навуковая дзейнасць вучонага была цесна звязана з меліярацыяй беларускіх зямель. Аляксандр Дубах даследаваў пытанні лясной гідралогіі, гідралогіі балот, правёў навуковы аналіз заканамернасцей фарміравання воднага рэжыму балот. Дзякуючы намаганням Аляксандра Давідавіча гідралогія вылучылася ў самастойную галіну навукі. У Беларусі прымаў удзел у арганізацыі Мінскай балотнай вопытнай станцыі, што дапамагло А. Дубаху стаць сапраўдным вучоным-меліяратарам. Вынікам яго навуковай і практычнай дзейнасці сталі кнігі «Математика в мелиорации. Разбор двадцати примеров», «Пути к уточнению проектирования осушительных работ», «Гидрология болот», «Гидротехнические мелиорации лесных земель», «Лес как гидрологический фактор» і інш. Усяго было апублікавана больш за 70 навуковых прац, у тым ліку 14 манаграфій.
У 1930 г. Аляксандр Дубах быў арыштаваны і пазбаўлены звання акадэміка Акадэміі навук БССР. Рэабілітавалі яго праз два гады, але акадэмія не прыняла свайго вучонага. Аляксандр Дубах пакінуў Беларусь і пераехаў з сям’ёй у Ленінград, дзе працаваў загадчыкам кафедры гідратэхнічнай меліярацыі лясных зямель Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі.
З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны вучоны займаўся распрацоўкай аператыўных пытанняў абароннага значэння. Ленінградская блакада пагоршыла яго здароўе, і праз некаторы час Аляксандр Давідавіч быў эвакуіраваны ў Свярдлоўск, дзе некалькі месяцаў працаваў у Свярдлоўскім лесатэхнічным інстытуце. 21 красавіка 1942 г. заўчасна памёр.
Аляксандр Давідавіч узнагароджаны медалём «За абарону Ленінграда». У званні акадэміка вучоны быў адноўлены ў 1978 г.