Дата нараджэння:
14.04.1853 Ліцвяны, в., Мінскі павет (цяпер Уздзенскі раён, Мінская вобласць)
Дата смерці:
люты або сакавік 1927
Кароткая даведка:
археолаг і гісторык, даследчык археалагічных помнікаў усходніх славян на тэрыторыі Беларусі, аўтар прац па старажытна-рускай і царкоўнай гісторыі
Імёны на іншых мовах:
Завитневич Владимир Зенонович (руская);
3958 сімвалаў
Даведка
Ёсць людзі, чые навуковыя працы праз гады і дзесяцігоддзі застаюцца той крыніцай, да якой звяртаюцца нашы сучаснікі. Уладзіміра Зянонавіча Завітневіча, археолага, гісторыка, педагога, багаслова, філосафа, чыё імя доўгі час было амаль невядома ў Беларусі, можна аднесці да іх ліку.
Нарадзіўся будучы вучоны ў в. Ліцвяны Мінскага павета (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) у сям’і святара. Яго дзяцінства праходзіла спачатку ў вёсцы, а потым у мястэчку Койданава, куды перавялі бацьку на службу ў Пакроўскую царкву. У 1875 г. У. З. Завітневіч скончыў Мінскую духоўную семінарыю. Адукацыю працягваў на царкоўна-гістарычным аддзяленні Пецярбургскай духоўнай акадэміі. На фарміраванне светапогляду У. З. Завітневіча зрабіў моцны ўплыў вядомы гісторык, публіцыст, прафесар М. В. Каяловіч. Уладзімір Зянонавіч стаў не толькі вучнем, але і паслядоўнікам яго заходнярускай навуковай школы.
З 1879 г. пачалася педагагічная дзейнасць вучонага. Ён працаваў выкладчыкам арыфметыкі і геаграфіі ў Варшаўскім духоўным вучылішчы, куды быў накіраваны пасля заканчэння акадэміі; з 1884 г. чытаў лекцыі ў Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе стаў доктарам царкоўнай гісторыі (1897) і прафесарам (1904); 15 гадоў працаваў у Кіеўскім інстытуце шляхетных дзяўчат; выкладаў на курсах беларусазнаўства ў Кіеве.
Плённую педагагічную працу У. З. Завітневіч сумяшчаў з навуковай. Вывучаў старажытнарускую і царкоўную гісторыю, аналізаваў традыцыі рускіх славянафілаў, раскрываў карані патрыятызму і інш. Вялікае значэнне надаваў асвятленню барацьбы славянафілаў супраць экспансіі каталіцызму і яго наступлення на рускую культуру. Вынікам навуковых даследаванняў сталі больш за сто прац, многія з якіх лічыліся фундаментальнымі: “Владимир Святой как политический деятель”, “Великий князь киевский Святослав Игоревич и историческое значение его богатырских подвигов” (абедзве 1888), “Значение первых славянофилов в деле уяснения идей народности и самобытности” (1891), “Вопрос о народности в его научной постановке” (1912) і інш. У 1890-я гг. У. З. Завітневіч прыступіў да галоўнай справы свайго жыцця – даследавання гісторыі і сэнсу славянафільства на прыкладзе жыцця яго пачынальніка А. С. Хамякова. Да 1913 г. выйшлі два тамы кнігі, якія сталі з’явай у рускай гістарычнай навуцы.
Значная колькасць прац У. З. Завітневіча прысвечана праблеме вытокаў славянства. Асаблівую ўвагу ён надаваў вызначэнню меж рассялення славянскіх плямёнаў, у першую чаргу дрыгавічоў, прадстаўніком якіх лічыў сябе. Для падмацавання сваіх меркаванняў праводзіў археалагічныя экспедыцыі ў басейны рэк Прыпяці, Дняпра, Нёмана. Вучоны абследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў у Мазырскім, Рэчыцкім, Бабруйскім і Мінскім паветах. Паводле спосабу пахавання памерлых выпрацаваў іх класіфікацыю. Менавіта як археолаг ён вядомы ў Беларусі.
У галіне царкоўнай гісторыі У. З. Завітневіч асабліва ўважліва вывучаў перыяд увядзення хрысціянства. Як чалавек глыбока веруючы абараняў непахіснасць царкоўных канонаў. Даследаваў гісторыю старажытнай царквы, ідэнтыфікаваў крыж, якім Сергій Раданежскі благаславіў Дзмітрыя Данскога на Кулікоўскую бітву 1380 г., удакладніў месцазнаходжанне старажытнай царквы Прасвятой Багародзіцы ў Кіеве, абставіны гібелі мітрапаліта Макарыя (быў забіты татарамі ў мястэчку Скрыгалаў каля Мазыра ў 1497 г.) і інш.
У Кіеве У. З. Завітневіч займаўся не толькі педагагічнай і навуковай дзейнасцю. Уражвае яго грамадская праца. Вучоны з’яўляўся членам многіх гістарычных, археалагічных, царкоўных, адукацыйных, прыродаахоўных таварыстваў. Не парываў сувязей з радзімай: уваходзіў у групу беларускай інтэлігенцыі, што аб’ядноўвалася вакол газеты “Минский листок”, удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання “Северо-Западный календарь”.
Памёр У. З. Завітневіч у пачатку сакавіка (па некаторых даных у лютым) 1927 г. Быў пахаваны на Кіева-Шчакавіцкіх могілках, дзе традыцыйна хавалі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі.