У біяграфіі старэйшага брата славутага рэвалюцыянера-дэмакрата К. Каліноўскага Віктара Отана Сямёнавіча Каліноўскага, чыё імя ўпамінаецца ў навуковых і гістарычных матэрыялах не так часта, ёсць многа цікавых старонак.
Нарадзіўся ён у в. Мастаўляны Беластоцкага ваяводства (Польшча). Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях. У 1852 г. паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, аднак урачом не стаў, таму што яго прызваннем стала гісторыя. У 1856 г. В. Каліноўскі пакінуў вучобу і пераехаў у Пецярбург. Працаваў у аддзеле рукапісаў Імператарскай публічнай бібліятэкі, дзе з усёй адказнасцю выконваў даручэнні Віленскай археалагічнай камісіі па вывучэнні старадаўніх рукапісаў, што датычыліся гісторыі Беларусі і Літвы. Адначасова вёў самастойныя даследаванні па гісторыі антыпрыгонніцкіх сялянскіх рухаў у Беларусі і на Украіне, складаў генеалагічныя даведкі для прыватных асоб. Вынікі навуковых прац В. Каліноўскага былі выкарыстаны ў публікацыях камісіі. Падрыхтаваў да друку манаграфію “Уманская резня” пра паўстанне 1768 г. украінскіх сялян у г. Умані (цяпер Чаркаская вобласць). Па невядомых прычынах яна не выйшла ў свет. У час працы ў бібліятэцы склаў “Каталог калекцыі Жэготы Анацэвіча” (1859), у якім апісаў першакрыніцы і ў каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях беларускай і польскай гісторыі.
У перыяд з 1858 па 1862 г. В. Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў нелегальнай рэвалюцыйнай арганізацыі ў Пецярбургу, якую складалі выхадцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Распаўсюджваў сярод членаў арганізацыі гістарычную літаратуру, займаўся вярбоўкай новых членаў, наладжваў сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Кіева і Масквы. 3 1857 г. падтрымліваў навуковыя сувязі з бібліятэкай імя Асалінскіх у Львове, яе дырэктарам А. Бялеўскім, дапамагаў яму ў выданні спадчыны гетмана С. Жалкеўскага, навуковай працы “Monumenta Poloniae Historica”. Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай “Slowo” (“Слова”), якую выдаваў у 1859 г. у Пецярбургу І. Агрызка.
Віктар Каліноўскі быў заўзятым бібліяфілам. За шэсць гадоў свайго знаходжання ў Пецярбургу ён сабраў унікальную бібліятэку, што налічвала больш за 5 тыс. рукапісаў і кніг на шасці мовах – польскай, лацінскай, французскай, нямецкай, рускай і беларускай. Пераважная большасць іх прысвечана розным праблемам гісторыі Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) і Польшчы, бо гэта з’яўлялася асноўнай галіной яго навуковых інтарэсаў, стрыжнем, вакол якога ішло фарміраванне калекцыі. Тут былі сабраны палемічная літаратура XVI–XVIII стст., сеймавыя выступленні вядомых палітычных асоб таго часу, рашэнні палітычных сінодаў, каралеўскія і гетманскія ўніверсалы, працы такіх вядомых гісторыкаў і філосафаў антычнасці, як Луцый Аней Сенека, Ціт Лукрэцый Кар, Ціт Лівій, Карнелій Непот, а таксама значная колькасць копій з рукапісаў XVI–XVIII стст., што адносіліся да гісторыі ВКЛ і Польшчы.
Восенню 1862 г. ён захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні, дзе і памёр. Пасля смерці бібліятэкай зацікавіліся ў Львове, дзе добра ведалі В. Каліноўскага як маладога таленавітага вучонага і бібліяфіла. Па просьбе львоўскіх мецэнатаў быў складзены і перасланы з Пецярбурга ў Львоў “Каталог книг, оставшихся после блаженной памяти Виктора Калиновского в Петербурге” (1864), які з 1946 г. знаходзіцца ў аддзеле рукапісаў бібліятэкі імя Асалінскіх у Вроцлаве.
Жыццёвы шлях В. Каліноўскага быў нядоўгім. Няпоўныя трыццаць гадоў кароткага, але змястоўнага жыцця былі адмераны яму лёсам. І за гэты кароткі час зрабіў шмат для сваёй Радзімы.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.