Дата нараджэння:
20.09.1943 Нівы, в., Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
18 ці 19.12.2008
Кароткая даведка:
пісьменніца, перакладчыца, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова (1984)
Імёны на іншых мовах:
Матяш Нина Иосифовна (руская);
5059 сімвалаў
Даведка
Творчасць Ніны Іосіфаўны Мацяш шматгранная і шматаспектная. Яе паэзія – каштоўны набытак нацыянальнай культуры.
Нарадзілася Н. Мацяш у в. Нівы Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Бярозаўскай сярэдняй школы ў 1960 г. паступіла ў Мінскі педагагічны інстытут замежных моў на факультэт французскай мовы, марыла стаць перакладчыцай, але на трэцім курсе цяжка захварэла. Вымушана была ўзяць акадэмічны адпачынак (скончыла навучальную ўстанову ў 1966 г.). Нягледзячы на цяжкае фізічнае становішча выкладала нямецкую мову ў Белаазёрскім прафесійна-тэхнічным вучылішчы (1973–1977).
Да мастацкага слова Н. Мацяш звярнулася ў студэнцкія гады. Спачатку гэта былі асобныя вершы, прысвечаныя прыродзе роднага краю, людзям, сваякам, новаму гораду Белаазёрску. Першы верш маладой паэтэсы (на рускай мове) з’явіўся ў друку ў 1962 г. у бярозаўскай раённай газеце “Маяк коммунизма” і ў газеце “Во славу Родины”. З 1967 г. пачала пісаць па-беларуску. Як вядома, пераадольваць маральныя і фізічныя пакуты Н. Мацяш даводзілася амаль усё жыццё. Але складаны лёс толькі расшырыў яе паэтычны талент. Ужо ў першай кнізе “Агонь” (1970) Н. Мацяш акрэсліла кола праблем, як духоўных, маральных, так і будзённа-бытавых, якія абазначылі яе творчы шлях. Паэтэса – аўтар зборнікаў вершаў “Удзячнасць” (1973), “Ралля суровая” (1976), “Прыручэнне вясны” (1979), “Поўны келіх” (1982), “Жнівень” (1985), “Шчаслівай долю назаві...” (1990), “Я вас люблю” (1998), “Богава дрэва” (2004) і інш. Паэзія Н. Мацяш здзіўляе і вабіць таямнічасцю, філасафічнасцю, гуманістычнай шырынёй успрымання свету, афарыстычнасцю, мудрасцю, неабсяжнасцю новага сэнсу, пачуцця. У сваіх вершах яна асэнсоўвае розныя бакі чалавечага быцця. Творы ўдала сумяшчаюць філасофскую разважлівасць, дасціпнасць, аптымізм, што перакрываюць адчуванне болю і смутку. Найбольш яскрава вылучаюцца вершы “Бацька”, “Даражэнькі бацечку наш родны!”, “З думкай пра бацьку”, “Песня матчынай маладосці”, “Тры песні”, “Калыханка маме”, “Рукі маці”, “Мароз на дварэ”, “Тры каласкі любові і смутку”, “Берагіня”, прысвечаныя сваякам. Сваёй любімай матулі паэтэса прысвяціла славутую “Паэму жніва” (1983), за якую ў 1984 г. атрымала Літаратурную прэмію імя А. Куляшова.
Ніна Мацяш творча ставілася да матчынага слова – жывой палескай гаворкі, самабытнага слова пачынальнікаў новай беларускай літаратурнай мовы. Варта адзначыць, што ў вершах пісьменніцы – вялікая колькасць слоў, якія не зафіксаваны ў слоўніках беларускай літаратурнай мовы, што сведчыць пра творчыя адносіны да жывой народнай мовы, уменне абнаўляць прывычныя словы, напаўняць іх новымі адценнямі, надаваць ім навізну і ўзвышанасць. Гэта робіць творчасць паэтэсы непаўторнай, арыгінальнай і адметнай. Яе вершы напоўнены святлом кахання і любові.
На Ваша «ты» сказаць Вам «ты» не смею,
І калі позірк позіркам злаўлю,
Як птушанё, спалохана нямею.
Я не кахаю Вас. Я Вас люблю.
(“Я Вас люблю”)
Асаблівасць інтымнай лірыкі пісьменніцы ў тым, што кожны яе твор спалучае хараство і глыбокі роздум пра сэнс існавання.
Ёсць у паэтэсы і вершы гістарычнай тэматыкі, яе цікавілі значныя і неардынарныя асобы (“Малітва Апанаса Філіповіча”, “Маналог Казіміра Лышчынскага”, “Песня касінераў”, “Маналог Камілы Марцінкевіч”, “Маналог каханай Кастуся Каліноўскага”).
Для дзяцей Н. Мацяш напісала казкі “Два браты і сякера” (1975), “Казка пра суседзяў, змяю і мядзведзя” (1982), “Краіна Белы Свет, або Прыгоды Краснічка” (1993), п’есы для тэатра лялек “Прыгоды трох парасят” (пастаўлена ў 1976), “Крок у бессмяротнасць” (пастаўлена ў 1977), тэлесцэнарыі “Пясняр роднай прыроды” (пастаўлена ў 1978), “Гэта я, Госпадзі” (пастаўлена ў 1980). Яна актыўна выступала як крытык і літаратуразнавец, займалася мастацкімі перакладамі з французскай, нямецкай, польскай, украінскай моў кніг Ж. Аліўе, Ж. Сіменона, А. Сент-Экзюперы, Л. Кастэнка, В. Барны, В. Шымборскай і іншых, паасобных твораў П. Беранжэ, П. Мерымэ, Ф. Шылера, Ю. Славацкага, Т. Хрусцялеўскага, А. Гаўрылюка, П. Маха і інш.
Вершы паэтэсы пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі В. Перапёлкіным, М. Марозавым, С. Куксай, Л. Міхайлоўскім, А. Марозавым. Аўдыякасета “Бэзавая завіруха” (2004) змяшчае вершы ў выкананні Н. Мацяш, а таксама песні на яе творы. Некаторыя свае вершы сама паклала на музыку (“Усмешка”, “Забялела ночка”, “Калядная”, “Песня ў цярноўніку”).
Паэтэса вяла актыўную грамадскую дзейнасць, праводзіла творчыя сустрэчы і пасяджэнні, на якіх збіраліся слухачы амаль з усёй Беларусі, была частым госцем у школах і ліцэях, прымала ўдзел у пісьменніцкіх з’ездах.
Ніна Мацяш – заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, фестывалю “Берасцейская зорка – 1998” у намінацыі “Літаратура”, Міжнароднай літаратурнай прэміі імя Р. Скаварады, прэміі Усебеларускага фестывалю моладзі, прысвечанага 50-годдзю ЛКСМБ (1970), ганаровы грамадзянін Белаазёрска.