Тамара Вартанаўна Міянсарава нарадзілася ў Расіі. У дзевяць год пачала займацца музыкай, у дванаццаць стала акампаніятарам танцавальнай студыі. У пачатку 1930-х гг. Тамара Міянсарава вучылася ў Стаўрапольскім музычным тэхнікуме (цяпер Стаўрапольскі краявы каледж мастацтваў) і адначасова працавала ў балетнай студыі, драматычным тэатры, невялікім аркестры кіно. Пасля атрымання дыплома аб сярэдняй музычнай адукацыі 17-гадовую Тамару Міянсараву накіравалі ў г. Іванава (Расія) канцэртмайстрам на радыё. Талент маладой піяністкі не застаўся без увагі, у 1932 г. яе запрасілі на пасаду галоўнага канцэртмайстра ў Ерэванскі тэатр оперы і балета (цяпер Армянскі акадэмічны тэатр оперы і балета імя А.А. Спендыярава), дзе Тамара Вартанаўна працавала да 1944 г. Гэта былі гады напружанай працы, бо адначасова піяністка вучылася на фартэпіянным факультэце Ерэванскай кансерваторыі (цяпер Ерэванская дзяржаўная кансерваторыя імя Камітаса) па класе прафесара А. Бабасавай. Тамара Міянсарава развучвала музычныя партыі для першых пастановак армянскіх нацыянальных опер «Алмаст» А.А. Спендыярава, «Ануш» А.Т. Тыграняна, «Лусабацын» А. Стэпаняна, «Аршак ІІ» Т. Чухаджана, балета «Шчасце» А.І. Хачатурана. Акрамя гэтага канцэртмайстар працавала над партыямі з сусветна вядомых класічных опер «Чыо-Чыо-сан», «Фаўст», «Севільскі цырульнік» і інш. Тамары Вартанаўне давялося працаваць з такімі спевакамі, як А. Даніэлян, Т. Сазандаран, З. Далуханян, П. Лісіцыян, чые імёны вядомыя ва ўсім свеце.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны Тамара Міянсарава пасябравала з беларускімі артыстамі, якія ў той час знаходзіліся ў эвакуацыі. Пасля вызвалення Беларусі піяністка атрымала запрашэнне і ў 1944 г. прыехала ў Мінск. Дзякуючы яе майстэрству атрымалі сцэнічнае і канцэртнае жыццё лепшыя ўзоры беларускага опернага мастацтва: «Алеся» Я.К. Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Д. Лукаса, «Марынка» і «Машэка» Р.К. Пукста, «Андрэй Касценя» М. Аладава, «Страшны двор» С. Манюшкі.
Тамара Міянсарава была глыбокім мастаком, бясконцая адданасць сваёй справе, улюблёнасць у музыку характэрызавалі яе творчасць на працягу ўсяго жыцця. У 1966 г. Т.В. Міянсарава была адзначана ганаровым званнем «Заслужаная артыстка Беларускай ССР». Чуласць і мастацкая тактоўнасць Тамары Вартанаўны прыцягвалі да сябе такіх выдатных беларускіх вакалістаў, як Л. Аляксеева, Т. Ніжнікава, Н. Ткачэнка, Т. Шышко, М. Дзянісаў, В. Глушакоў, інструменталістаў А. Астрамецкага, Л. Гарэліка, М. Шмелькіна і іншых, з якімі ёй давялося даваць канцэрты ў Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Рызе, Вільнюсе, гарадах Закаўказзя і Беларусі. У кожным выступленні адчуваўся творчы почырк канцэртмайстра, яе прафесіяналізм. Тамара Вартанаўна валодала дасканалай тэхнікай, яе выкананню былі ўласцівы адухоўленасць, эмацыянальнасць. На працягу 1948–1985 гг. Тамара Міянсарава працавала канцэртмайстрам-акампаніятарам Дзяржаўнага камітэта Савета Міністраў БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні (цяпер Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь). За гэты час яна сыграла тысячы “жывых” канцэртаў, зрабіла безліч запісаў для фанатэкі беларускага тэлебачання і радыё. Шматгадовая плённая праца выдатнай піяністкі стала неацэнным укладам у беларускае музычнае мастацтва.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.