Выдавецкая і даследчая дзейнасць Францішка Папроцкага – выдаўца вядомых у свой час “Палітычных каляндарыкаў”, перакладчыка, аўтара шматлікіх сачыненняў па геаграфіі, агульнай і айчыннай гісторыі – адыграла значную ролю ў распаўсюджванні гістарычных і гаеграфічных ведаў у Беларусі і Літве ў сярэдзіне XVIII ст.
Нарадзіўся ён у Беларусі, адукацыю атрымліваў у Полацкім, Слуцкім, Нясвіжскім, Гродзенскім і Варшаўскім езуіцкіх калегіумах. У 1753–1756 гг. працаваў выкладчыкам у Варшаве, з 1757 г. выкладаў філасофію, гісторыю і геаграфію ў Віленскай езуіцкай акадэміі.
З 1758 г. Ф. Папроцкі стаў займацца выданнем у Вільні на польскай мове “Палітычных каляндарыкаў”, якое пачаў яшчэ ксёндз Я.А. Пашакоўскі ў 1734 г. Дзякуючы яго кіраўніцтву “Палітычныя каляндарыкі” (з 1768 г. – “Віленскія календары”) выгадна адрозніваліся ад большасці падобных выданняў сярэдзіны XVIII ст. і мелі свецкі характар. Побач з рэлігійнай праблематыкай і звесткамі па астралогіі, знахарстве і тлумачэнні сноў, Ф. Папроцкі змяшчаў у іх багатую інфармацыю пра бягучыя падзеі ў краіне і за мяжой, каштоўныя артыкулы па фізіцы, медыцыне, механіцы і геаграфіі. У “Каляндарыках”, напрыклад, змяшчаліся артыкулы аб выніках астранамічных назіранняў М. Пачобут-Адляніцкага, кароткія апісанні найбуйнейшых для таго часу краін Еўропы (1760), храналогіі каралёў Польшчы і князёў Вялікага Княства Літоўскага, паведамленні аб імёнах імператараў, цароў, каралёў еўрапейскіх краін, тагачасных епіскапаў, міністраў, сенатараў і іншых службовых асоб Рэчы Паспалітай (1764), друкаваліся пастановы соймаў (1765), змяшчалася інфармацыя пра землятрус у Амерыцы і Сібіры, пра адкрыццё Алеуцкіх астравоў, пра новыя лекі (1766) і інш.
У 1760 г. Ф. Папроцкі ўзначаліў Віленскую акадэмічную друкарню, дзе ў 1760–1762 гг. выдаваў і рэдагаваў “Kuryer Litewski” – першы на тэрыторыі Літвы і Беларусі інфармацыйны штотыднёвік, дзе змяшчаў шмат матэрыялаў з Беларусі. У 1763 г. Ф. Папроцкі ўзначальваў у Вільні “Калегіум Нобіліум”, з 1765 г. па 1768 г. з'яўляўся рэктарам Ковенскага калегіума, у 1768–1773 гг. быў пракуратарам Літоўскай правінцыі езуітаў. Пасля роспуску ордэна стаў прэлатам інфлянцкім, канонікам ловіцкім.
Ф. Папроцкі – аўтар шматлікіх навуковых прац па гісторыі і геаграфіі. Ім складзены вельмі папулярны ў свой час падручнік па геаграфіі “Еўропа, з частак свету першая апісаная” (1754), у якім дадзены аналіз геаграфічнага становішча, прыродных умоў, сацыяльна-эканамічнага і палітычнага ладу, духоўнай культуры еўрапейскіх краін. Напісаны былі таксама гістарычныя працы “Гісторыя прэтэндэнтаў Кароны Англійскай” (1758), “Звесткі пра Курляндскае і Земгальскае княства, сабраныя з розных гісторый” (1759), “Аб рыцарскім пытанні ў Польшчы” (1776). На аснове твораў антычных і заходнееўрапейскіх гісторыкаў Ф. Папроцкі напісаў працу “Найбольш значныя войны да нараджэння і пасля нараджэння Хрыста да Парыжскага і Губертусбургскага міру 1763 года” (1763). Своеасаблівымі кароткімі энцыклапедычнымі даведнікамі па гісторыі, геаграфічным становішчы, дзяржаўным ладзе і арміі Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай з’яўляюцца выдадзеныя ім кнігі “Дамашнія весці аб Вялікім Княстве Літоўскім” (“Хатнія звесткі пра Вялікае Княства Літоўскае”, 1763) і “Дамашнія весці аб Польскім Каралеўстве” (1771). Ф. Папроцкі надрукаваў гістарычную працу К.А. Галоўкі “Айчынныя звесткі пра Польшчу і ВКЛ” (1753), пераклаў працу Ф. Рэната “Пра рыцарскую справу” (1776) і дадаў да яе другі том з апісаннем войнаў Рэчы Паспалітай, а таксама пераклаў кнігу К. Канота “Памылкі Вальтэра” (1780).
Дата і месца смерці Францішка Папроцкага дакладна невядомы: памёр выдатны выдавец, перакладчык і даследчык прыкладна пасля 2 ліпеня 1805 г.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2012 г.