Кароткая даведка:
расійскі архітэктар, па праектах якога забудоўваўся праспект Незалежнасці ў Мінску, педагог, акадэмік НАН Беларусі, правадзейны член Акадэміі архітэктуры СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1968), кавалер ордэнаў Леніна
Імёны на іншых мовах:
Парусников Михаил Павлович (руская);
4305 сімвалаў
Даведка
Міхаіл Паўлавіч Паруснікаў, вядомы расійскі архітэктар, нарадзіўся ў Маскве. У 1918 г. скончыў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства, у 1924 г. – Вышэйшыя мастацка-тэхнічныя майстэрні. З 1924 г. працаваў у архітэктурна-праектных арганізацыях Масквы, у 1934–1941гг. і з 1948 г. выкладаў у Маскоўскім архітэктурным інстытуце. У 1941–1944 гг. – старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі архітэктуры СССР, у 1944–1948 гг. – кіраўнік архітэктурна-праектных майстэрняў Камітэта па справах архітэктуры СССР. У 1948 г. М. Паруснікаў стаў прафесарам Маскоўскага архітэктурнага інстытута, у 1950 г. – акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, правадзейным членам Акадэміі архітэктуры СССР. Займаўся праектаваннем жылых і грамадскіх будынкаў для многіх гарадоў СССР, распрацоўваў асноўныя прынцыпы і прыёмы планіроўкі і забудовы сельскіх населеных пунктаў новага тыпу. Міхаіл Паруснікаў – аўтар праектаў будынкаў электрастанцый у г. Нагінск Маскоўскай вобласці (1926) і Кіеве (1929), планіроўкі і забудовы Астрахані (1930), шэрагу жылых дамоў на праспекце Міру ў Маскве.
Асабліва каштоўны творчы ўклад М. Паруснікава ў архітэктуру Беларусі. Яго запрасілі ў Мінск для ўдзелу ў праектаванні і аднаўленні пасля вайны беларускай сталіцы. Першым праектам М. Паруснікава, рэалізаваным у 1927–1929 гг. разам з архітэктарам Г. Гольцам, стаў будынак Дзяржаўнага банка па вуліцы Савецкай у Мінску, выкананы ў стылі канструктывізму, з уяўнымі ўплывамі творчасці Ле Карбюз'е: вялікімі плоскасцямі зашкалення, спалучэннем геаметрычна строгіх і выразных аб'ёмаў, вылучэннем лесвічных блокаў і інш. У 1945–1954 гг. удзельнічаў у распрацоўцы праекта планіроўкі і забудовы першай чаргі Ленінскага праспекта (цяпер праспект Незалежнасці). Міхаіл Паўлавіч стаў галоўным магістральным архітэктарам. Ім былі вызначаны надзвычай удалыя суадносіны шырыні праспекта з вышынёй суцэльнай пяціпавярховай забудовы на гэтым участку. Вышыні будынкаў нязначна вар'іруюцца, каб разбіць манатоннасць фронту забудовы і падкрэсліць індывідуальнасць архітэктурнага вобраза кожнага збудавання. З гэтай жа мэтай зроблены невялікія водступы ад чырвонай лініі забудовы і разрывы паміж будынкамі, аформленыя манументальнымі арачнымі брамамі. Пры гэтым застаецца адчуванне прасторы і цэласнасці ансамбля. Архітэктурная пластыка будынкаў добра ўспрымаецца з розных пунктаў агляду: і з процілеглага боку праспекта, і пры набліжэнні да іх. За стварэнне архітэктурнага ансамбля праспекта аўтарскаму калектыву з удзелам М. Паруснікава была прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР у 1968 г. Архітэктару належаць таксама наступныя работы ў Мінску: адміністрацыйны будынак на праспекце Незалежнасці на ўчастку паміж вуліцамі Камсамольскай і Урыцкага (1945–1947), будынак Беларускага рэспубліканскага банка, праект планіроўкі і забудовы цэнтра і Цэнтральнай плошчы (цяпер Кастрычніцкая), жылыя дамы і мост цераз раку Свіслач на праспекце Незалежнасці, стадыён «Дынама» (усе 1946–1954 гг., у суаўтарстве). Прапанаваны М. Паруснікавым і ажыццёўлены ў цэлым шэрагу будынкаў напрамак успрынімаўся многімі беларускімі архітэктарамі як генеральны шлях беларускай архітэктуры. У Мінску і іншых гарадах узведзены будынкі, у праектах якіх былі запазычаны многія прыёмы, выкарыстаныя М. Паруснікавым.
З 1957 г. архітэктар прымаў актыўны ўдзел у навукова-даследчых работах Інстытута будаўніцтва і архітэктуры АН БССР. Пад яго кіраўніцтвам і пры пастаянных кансультацыях праходзілі работы па скаладанні праектаў мікрараёнаў у Мінску і іншых гарадах Беларусі. У гэтых праектах жылыя масівы забяспечваліся, акрамя добраўпарадкавання тэрыторыі, усімі відамі культурна-бытавога абслугоўвання. Міхаіл Паўлавіч апублікаваў шэраг навуковых артыкулаў па тэорыі і гісторыі архітэктуры, сярод якіх «О принципах комплексного серийного проектирования жилых домов» (1953), «Об опыте проектирования серии типовых домов средней этажности» (1955) і інш. На працягу многіх гадоў М. Паруснікаў з'яўляўся старшынёй Дзяржаўнай кваліфікацыйнай камісіі па выпуску архітэктараў, якія заканчвалі Беларускі політэхнічны інстытут. Пад яго кіраўніцтвам працавала шмат аспірантаў, паспяхова абараніўшых дысертацыі. За вялікі ўклад у развіццё савецкай архітэктуры ён узнагароджаны ордэнамі Леніна (1949), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1963), медалямі.