У пачатку 1960-х гг. у беларускай літаратуры з’явілася плеяда яркіх творчых асоб – паэтаў, празаікаў, крытыкаў. Інтэлектуальнасць, адукаванасць, сувязь з народнай творчасцю і класічнай спадчынай, глыбіня асабіста перажытага – важныя рысы іх творчасці. Да пісьменнікаў-шасцідзясятнікаў адносіўся і Юрый Мікалаевіч Свірка – таленавіты паэт, журналіст, перакладчык.
Нарадзіўся ён у в. Маргавіца Бягомльскага раёна Мінскай вобласці (цяпер Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) у сялянскай сям’і. У 1953 г. скончыў сярэднюю школу і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. У час вучобы Ю. Свірка ўдзельнічаў у працы літаратурнага аб’яднання пры газеце «Чырвоная змена», дзе пазнаёміўся з Н. Гілевічам, У. Нядзведскім, М. Арочкам. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) некалькі месяцаў працаваў стылістам у часопісе «Коммунист Белоруссии». У 1959–1961 гг. быў літсупрацоўнікам у рэдакцыі «Чырвонай змены», з 1961 г. – старшым рэдактарам літаратурна-драматычнага вяшчання Беларускага радыё, з 1975 г. – загадчыкам аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва». У 1961 г. стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Першы верш Ю. Свіркі «Новы крок» апублікаваны ў газеце «Піянер Беларусі» ў 1952 г. Зборнік «Шэпчуцца ліўні», які выйшаў у 1959 г., акрэсліў паэтычнае крэда паэта. Родная Бягомльшчына, прыгажосць беларускай прыроды, высакароднасць пачуццяў, вясковае жыццё, праца людзей, гераічныя і мужныя старонкі барацьбы з ворагам у перыяд Вялікай Айчыннай вайны складаюць змест яго твораў. Юрась Свірка – аўтар кніг паэзіі «Вечнасць» (1963), «Баравіна» (1967), «Крэўнасць» (1971), «Аўтограф» (1974), «Люблю і веру» (1975), «Памятная вярста» (1978), «Біяграфія памяці» (1981), «Ядранасць» (1983), «Паўшар’е блакіту» (1986), «Кружка з пясчаным дном» (1990), «Узаемнасць» (1993, Літаратурная прэмія імя А. Куляшова) і інш.
Адной з галоўных тэм лірыкі Ю. Свіркі з’яўляецца вёска, якую ён лічыў акадэміяй свайго жыцця і творчасці:
Ішоў я ў паэзію з вёскі,
Яна мне трывожыла сны –
Ваеннай пары адгалоскам
І мірным напевам сасны.
(«Ішоў я ў паэзію з вёскі…»)
Пра родны край, «нічым не славуты лясісты куток» з «густымі барамі», «чабаровымі і верасовымі пералескамі, лугавінамі і крыніцамі» Ю. Свірка пісаў у многіх вершах. У іх паэт не толькі захапляецца краявідамі малой радзімы, але і з удзячнасцю ўспамінае пра бацькоў, якім прысвяціў вершы «Слядамі бацькоў», «Баладным, даўнім вее нечым…», «Мама ведала ўсё», «Бацькава навука» і інш. У лірыцы Ю. Свіркі выяўлена імкненне вярнуцца ў часы маленства, што супала з ваенным ліхалеццем. Васьмігадовым хлопчыкам ён бачыў летам 1941 г. галодных змучаных ваеннапалонных салдат Чырвонай арміі. У блакадныя дні 1943–1944 гг. разам з аднавяскоўцамі хаваўся ў балоцістых залессях за ракой Бярозай. Жылі ў зямлянках: родная вёска і мястэчка Бягомль былі спалены фашысцкімі карнікамі. «Я не забыў, што бомбаю варожай маленства пакалечана маё», – пісаў Ю. Свірка ў вершы «Маё мястэчка». Падзеі ваенных гадоў назаўжды засталіся ў памяці, абвастрылі асабістыя перажыванні і сталі адной з галоўных тэм у творчасці паэта, якая адлюстравана ў шматлікіх вершах. Сярод іх – «Світанне 22 чэрвеня», «У былой партызанскай зоне», «Дзеці вайны», «Вечар над Паліком», «Трое шчаслівых», «Удовы помнік абыходзяць…» і інш. У ваенных творах разам з паказам мужнасці і гераізму савецкіх людзей была распрацавана таксама тэма народнага змагання супраць нямецкіх захопнікаў. У вершах «Журботны працяг песні», «Балада пра помнік салдату», «Балада мужнасці» і іншых паўстаюць не толькі вобразы партызан, народных змагароў, але і невядомых салдат, а таксама простых людзей.
Своеасаблівы талент паэта вызначыўся ў лірыцы кахання, творах для дзяцей і перакладах. Шмат вершаў Ю. Свірка прысвяціў Я. Купалу, Я. Коласу, М. Багдановічу, П. Броўку і інш. Пасля выхаду апошняй кнігі паэзіі «Выбранае» (1993) ён друкаваўся ў асноўным у перыёдыцы. Неапублікаванымі засталіся паэмы «Уваскрэсенне», дзе аўтар расказвае пра час і пра сябе, вяртаецца ўспамінамі ў суровыя гады вайны; «Між вогненных чэрвеняў» – вершаваныя штрыхі да апошняга года жыцця Я. Купалы з выкарыстаннем успамінаў людзей, якія сустракаліся з песняром у гады вайны; «Янчуры» – пра гісторыю свайго роду. На беларускую мову Ю. Свірка пераклаў асобныя творы А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Фета, Ф. Цютчава, Б. Пастарнака, С. Ясеніна, А. Твардоўскага, Я. Смелякова, а таксама вершы ўкраінскіх, літоўскіх, малдаўскіх, грузінскіх, азербайджанскіх, армянскіх, узбекскіх, татарскіх і іншых паэтаў. Многія яго творы перакладзены на рускую, таджыкскую, польскую, англійскую і іншыя мовы, некаторыя сталі песнямі, музыку да якіх напісалі М. Аладаў, Э. Зарыцкі, В. Кандрасюк, М. Наско, Ю. Семяняка і іншыя кампазітары.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.