Кароткая даведка:
польскі і беларускі фалькларыст, этнограф, археолаг, калекцыянер, член шматлікіх навуковых таварыстваў, даследчык духоўнай і матэрыяльнай культуры Заходняй Беларусі
Варыянты імя:
Федароўскі Міхал Адольфавіч
Імёны на іншых мовах:
Federowski Michal (польская); Федеровский Михаил Адольфович (руская); Федеровский Михал (руская); Федоровский Михал (руская);
3782 сімвалы
Даведка
Сярод людзей, якія аддалі шмат сіл збіранню мастацкіх здабыткаў беларускага народа, раскрыццю перад усім светам духоўнага вобліка беларуса, адно з пачэсных месцаў належыць Міхалу Федароўскаму.
Нарадзіўся даследчык у Варшаве ў мяшчанскай сям'і. У 1870 г. скончыў Варшаўскую прагімназію. У 1873–74 гг. ён быў вольным слухачом агранамічнага факультэта Пятроўска-Разумоўскай акадэміі пад Масквой. Нейкі час працаваў аграномам у магнацкіх маёнтках пад Варшавай. У юнацтве Федароўскаму пашчасціла сутыкацца з такімі выдатнымі людзьмі навукі, як К. Вуйціцкі, Р. Зморскі, К. Куч і інш. Сустрэчы з О. Кольбергам і З. Глогерам, удзел у краязнаўчых экспедыцыях і экскурсіях разбудзілі ў ім цікавасць да народнай культуры. Прачытанне “Парадніка для збіральнікаў народных твораў” Я. Карловіча скіравала яго на даследаванне фальклору і этнаграфіі. У 1875–77 гг. з’явілася манаграфія “Люд ваколіц Жарак, Севежа і Піліцы…” (т. 1–2, 1888–89). У 1877 г. Федароўскі пераехаў у Пружанскі павет Гродзенскай губерні. На Беларусі ён пражыў амаль 30 гадоў і ўвесь час прысвяціў даследаванню духоўнай і матэрыяльнай культуры насельніцтва краю, збіраў кнігі, гістарычныя дакументы, творы жывапісу і графікі, фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы, займаўся археалагічнымі раскопкамі курганаў, могільнікаў і старажытных паселішчаў, вывучаў флору і фауну, збіраў матэрыялы для стварэння археалагічнай карты дагістарычнай Беларусі. Ім сабрана каля 5 тыс. беларускіх народных песень, каля 10 тыс. прыказак, сотні казак, паданняў, вобразаў народнай міфалогіі, прымхаў, парад па народнай медыцыне. Акрамя таго, Федароўскі заахвочваў да збірання фальклору мясцовых карэспандэнтаў – больш за 1,5 тыс. беларускіх песенных і танцавальных мелодый для яго запісалі Я. Карловіч, Л. Патул, І. Трачык. Фальклорна-этнаграфічныя матэрыялы ўвайшлі ў фундаментальую працу “Люд беларускі”. Пры яго жыцці выйшлі толькі тры тамы з запланаваных ім 14 (1897–1903); наступныя пяць тамоў (т. 4–8) выдадзены ў 1935–81 гг. Сярод ненадрукаваных рукапісаў вучонага, якія зберагаюцца ў бібліятэцы Варшаўскага універсітэта, у Навуковым архіве Польскага этнаграфічнага таварыства ў Вроцлаве і архіве Польскай акадэміі навук, вялікая колькасць беларускіх фальклорных запісаў, апісанні побыту беларусаў, каляндарных і сямейных абрадаў, заняткаў насельніцтва, прылад працы і гаспадарчага начыння, дзіцячых гульняў, танцаў, батлеечных спектакляў і інш.
З 1905 г. і да канца сваіх дзён (памёр 10.06.1923 г.) Федароўскі жыў у Варшаве. Але і тут ён падтрымліваў добрыя сувязі з беларускімі карэспандэнтамі, з віленскімі калекцыянерамі і антыкварамі, з дапамогай якіх склаў багатую бібліятэку кніг і рукапісаў, калекцыі твораў жывапісу і графікі, археалогіі і нумізматыкі. Ён прымаў удзел у фарміраванні калекцый Тышкевічаў і Д. Віткі-Яжэўскага, пасрэднічаў у набыцці А. Чалоўскім матэрыялаў з архіваў родаў Грабоўскіх, Пацаў, Пацеяў, Сапегаў, Храптовічаў і інш. Па даручэнні калекцыянера К. Пржыбыльскага адшукваў для яго бібліятэкі старадрукі, што захаваліся ў Варшаве і Вільні. У час Першай сусветнай вайны частку сваіх збораў Федароўскі вымушаны быў прадаць праз антыкварную краму; 350 кніг і часопісаў ён ахвяраваў Інстытуту антрапалагічных навук Польшчы; астатнія кнігі, рукапісы і калекцыі завяшчаў прыяцелям-калекцыянерам С. Дэмбу, М. Абрамовічу, Я. Гамаліцкаму і інш.
Федароўскі быў членам Львоўскага этнаграфічнага таварыства (1896), антрапалагічнай камісіі Акадэміі ведаў у Кракаве (1899), Польскага краязнаўчага таварыства, Кракаўскага нумізматычна-археалагічнага таварыства, Таварыства сяброў навук у Вільні і інш. Ён таксама аўтар прац у галіне калекцыяніравання і бібліяфільства: “Архіў Чарнадворскі” (1910), “Самуэль Гефт – бібліяфіл” (1911), “Графічныя зборы Дамініка Віткі-Яжэўскага ў Глыбокім” (1912) і інш.