Архітэктурная спадчына Беларусі ўяўляе сабой сапраўдную скарбніцу, даследаваннем і вывучэннем якой займаліся многія вядомыя вучоныя. Да іх адносіцца і Уладзімір Аляксандравіч Чантурыя – прафесар, доктар архітэктуры, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.
Нарадзіўся ён у Баку. У 1947 г. скончыў архітэктурна-будаўнічы факультэт Азербайджанскага індустрыяльнага інстытута і быў накіраваны ў Мінск. Працаваў у інстытуце «Белдзяржпраект». У 1948 г. паступіў у аспірантуру пры Акадэміі навук БССР. Далейшае навучанне працягваў у Маскве ў Інстытуце горадабудаўніцтва Акадэміі архітэктуры СССР. Станаўленне У.А. Чантурыя як вучонага і даследчыка праходзіла пад кіраўніцтвам вядомых дойлідаў А.В. Шчусева, І.У. Жалтоўскага, У.М. Сямёнава, М.Д. Колі, А.П. Воінава, Ю.А. Ягорава. У 1953 г. ён абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Центры городов Белоруссии», якая была прысвечана адной з актуальных праблем – фарміраванню цэнтральных ансамбляў гарадоў. З 1953 г. У.А. Чантурыя выкладаў у Беларускім політэхнічным інстытуце (БПІ) і адначасова займаўся вывучэннем архітэктурнай спадчыны нашай краіны. У 1965 г. абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Исследование архитектурного наследия Белоруссии». У 1968 г. стаў прафесарам. У 1969 г. у БПІ заснаваў кафедру тэорыі і гісторыі архітэктуры, якую ўзначальваў да 1988 г.
У шматгадовай навуковай дзейнасці У.А. Чантурыя вызначаюцца тры асноўныя этапы. Першы (1954–1964) быў звязаны з выяўленнем, абмерам і апісаннем найбольш вядомых помнікаў дойлідства ў Беларусі. У іх лік увайшлі творы манументальнай архітэктуры і горадабудаўнічыя ансамблі XVI–XVII стст. у Гомелі, Магілёве, Пінску, Нясвіжы, Свяцку, а таксама аб’екты грамадзянскага і культавага будаўніцтва. У выніку было падрыхтавана больш за 200 унікальных архітэктурных чарцяжоў, замалёвак, складзены навуковыя анатацыі. На другім этапе (1965–1970) праводзіліся фіксацыя і даследаванне малавядомых ці зусім невядомых вучоным аб’ектаў беларускай архітэктуры. Сярод іх – дом-крэпасць у Гайцюнішках, палацы ў в. Германавічы, Опса, Лявонпаль, сядзібныя дамы ў в. Поразава і Заполле, храмы ў в. Ішкалдзь, Міхалішкі і іншыя творы каменнай і драўлянай архітэктуры XV–ХІХ стст. Трэці этап (1971–1983) звязаны з праблемай захавання горадабудаўнічай спадчыны пры рэканструкцыі населеных месцаў Беларусі. У гэты перыяд было абследавана каля 50 гарадоў рэспублікі з найбольш старажытнымі забудовамі. Вызначаны гістарычныя межы іх цэнтраў, выяўлена і навукова абгрунтавана архітэктурная каштоўнасць. Атрыманыя матэрыялы і рэкамендацыі выкарыстоўваліся пры дэталёвай планіроўцы і забудове многіх гарадоў. Комплексныя праекты рэканструкцыі цэнтраў Гродна і Віцебска, выкананыя пры непасрэдным удзеле і кіраўніцтве У.А. Чантурыя, атрымалі высокую ацэнку і былі адзначаны медалямі Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Вынікі даследаванняў, праведзеныя У.А. Чантурыя, знайшлі адлюстраванне ў шматлікіх публікацыях. Яго артыкулы друкаваліся ў Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, саюзных, рэспубліканскіх, замежных часопісах і навуковых зборніках. Вучоны з’яўляецца аўтарам спецыяльных і папулярных выданняў па гісторыі беларускай архітэктуры і горадабудаўніцтва. Сярод іх – «Архитектура Белоруссии конца XVIII – начала XIX века» (1962), «История архитектуры Белоруссии (дооктябрьский период)» (1969, 1977; Дзяржаўная прэмія БССР, 1980), «Архитектурные памятники Белоруссии» (1982), «Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии» (1983), «Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии» (1986) і інш. Кнігі У.А. Чантурыя знаёмяць чытача з гісторыяй палацавых ансамбляў, храмаў абароннага тыпу, класічнай архітэктурай касцёлаў і цэркваў; даюць магчымасць найбольш поўна вывучыць матэрыяльнае асяроддзе, у якім жылі нашы продкі, іх культуру і мастацтва. У сваіх працах аўтар даследуе працяглы і складаны працэс развіцця дойлідства на тэрыторыі Беларусі, аналізуе ўнікальныя рэліквіі Полацка, Гродна, Віцебска, Мінска і іншых гарадоў.
Навуковая дзейнасць У.А. Чантурыя спалучалася з актыўнай педагагічнай і грамадскай работай. Вучоны шмат зрабіў для станаўлення вышэйшай архітэктурнай школы Беларусі. Больш за 30 гадоў ён чытаў лекцыі па гісторыка-тэарэтычных дысцыплінах у БПІ. На працягу многіх гадоў быў членам праўлення Саюза архітэктараў БССР, дзе ўзначальваў камісію «Архітэктурная спадчына і сучаснасць». Ён з’яўляўся старшынёй навукова-метадычнага Савета па ахове помнікаў Міністэрства культуры БССР, членам прэзідыума Цэнтральнага савета добраахвотнага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры БССР і праблемнага савета «Традыцыі і наватарства ў савецкай архітэктуры» пры праўленні Саюза архітэктараў СССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнага савета Беларускай Савецкай Энцыклапедыі, быў членам рэдкалегіі выдання «Свод памятников истории и культуры Белоруссии» і бюлетэня «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі». Навуковыя працы У.А. Чантурыя, выступленні з лекцыямі і дакладамі, артыкулы ў друку былі падпарадкаваны адной мэце – захаваць нацыянальную матэрыяльную культуру Беларусі і зрабіць яе здабыткам народа. Вучоны ўнёс вялікі ўклад і ў развіццё архітэктурна-гістарычных ведаў славянскіх народаў, з’яўляючыся адным з тых, хто забяспечваў беларускай архітэктурнай навуцы саюзнае і міжнароднае прызнанне.
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.