Віталь Паўлавіч Чацверыкоў – адзін з яркіх прадстаўнікоў беларускага кінамастацтва.
Нарадзіўся ён у г. Алматы (Казахстан) у сям’і ваеннаслужачага. Пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага ваенна-марскога вучылішча служыў на Балтыйскім флоце. У 1956 г. паступіў ва Усесаюзны дзяржаўны інстытут кінематаграфіі. Вучыўся спачатку на акцёрскім факультэце, здымаўся ў студэнцкіх фільмах, а з трэцяга курса перайшоў у рэжысёрскую майстэрню Р. Козінцава.
З 1962 г. і да апошняга дня жыцця ўся творчая дзейнасць В. Чацверыкова звязана з кінастудыяй “Беларусьфільм”. За гэты час стварыў каля двух дзясяткаў мастацкіх і дакументальных фільмаў. Паспрабаваў свае сілы ў камедыі, і першым крокам у гэтым жанры была праца над фільмам “Саша-Сашачка”(1967). Потым В. Чацверыкоў зацікавіўся дакументальным кіно: вабілі дакладнасць факта, канкрэтныя людзі, абставіны, сапраўднае жыццё. Ужо ў першых работах – дакументальных фільмах “Высокае напружанне” (1964), “Беларуская рапсодыя” (1965), “Пакараны смерцю ў сорак першым” (1967; спецыяльны прыз VIII Кінафестывалю рэспублік Прыбалтыкі, Беларусі, Малдовы, Рыга, 1968), “Семдзесят дзевятая восень” (1968), “Мне хацелася расказаць” (1969) і іншых – ярка праявіліся ўласцівыя рэжысёру публіцыстычнасць і мастацкая выразнасць. Найбольш ярка талент раскрыўся ў мастацкім кінематографе. Галоўнымі тэмамі фільмаў сталі супрацьстаянне фашызму, барацьба за вызваленне Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а потым адраджэнне, абнаўленне роднай зямлі. Для яго творчай манеры былі характэрны імкненне да мастацкага асэнсавання дакументальных фактаў, эпічнага адлюстравання рэчаіснасці, выкарыстанне экспрэсіўных мастацкіх сродкаў. Гістарычнай праўдзівасцю, высокім грамадзянскім пафасам вызначаецца тэлевізійны шасцісерыйны фільм “Руіны страляюць...” (1971–1972; Дзяржаўная прэмія Беларусі, 1974). У беларускім кіно ўпершыню ў такім эпічным плане паказана гераічная дзейнасць мінскага падполля ў гады вайны. Прыём дакладнага ўзнаўлення фактаў быў падтрыманы шматлікімі дакументамі з савецкіх і нямецкіх архіваў, здымкамі месцаў, дзе адбываліся падзеі. Пазней на экранах з’явіўся фільм “Полымя” (1974; галоўная прэмія VIII Усесаюзнага кінафестывалю, Кішынёў, 1975; сярэбраны медаль імя А. П. Даўжэнкі, Масква, 1975), дзе паказаны ўсенародны характар партызанскай барацьбы, удзел у ёй усіх слаёў насельніцтва. Таксама вялікім поспехам у гледачоў карысталіся карціны, знятыя па творах рускіх і замежных класікаў. Так, у 1976 г. з’явіўся трохсерыйны фільм “Час-Не-Чакае” паводле твораў Дж. Лондана. Неардынарна, тэмпераментна, упэўненай рэжысёрскай рукой зроблена гэта экранізацыя замежнай класікі. У пошуках літаратурнай асновы, якая дазволіла б зноў паглыбіцца ў характары персанажаў, іх псіхалогію і мараль, В. Чацверыкоў звярнуўся да прозы І. Тургенева. У 1982 г. выйшла тэлевізійная версія “Зацішша”. Рэжысёр заўсёды быў у пошуках новых, сучасных тэм. Актыўная жыццёвая пазіцыя, пільная ўвага да вострых праблем сучаснасці характэрны для яго фільма “Паводка” (1980; прыз “За лепшы фільм пра людзей сяла” на XIV Усесаюзным кінафестывалі, Вільнюс, 1981), у якім ідзе сур’ёзная і па-грамадзянску зацікаўленая размова пра сучасны стан і будучае Палесся. Экранныя героі рэжысёра часта спрачаюцца. Розныя погляды на актуальныя моманты жыцця, маральныя імпульсы паводзін, суадносіны ідэалу і рэальнасці па-сапраўднаму хвалююць, бяруць у палон гледача. Персанажы ў В. Чацверыкова звычайна напружана і страсна мысляць. Глядач міжвольна становіцца актыўным саўдзельнікам разважанняў аб надзённым. Стаць яго субяседнікам – жаданая мэта творчых намаганняў кожнага рэжысёра. Віталю Чацверыкову ўдалося дасягнуць гэтай мэты. Яго прываблівае вобраз героя страснага, дзейснага і натхнёнага.
Герой фільма “Сад” былы партызан, які ўваходзіць у мірнае жыццё, не страціўшы духоўнай і маральнай сілы. Ён знаходзіць сваё месца, сваю справу ў складаных абставінах пасляваенных будняў. Стужка праўдзіва аднаўляе атмасферу таго часу, ужо далёкага, але незабыўнага. Рэжысёр вызначыў тэму фільма як філасофскую прытчу пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на зямлі, якая рашаецца па-мастацку сціплымі сродкамі. Тут сутыкаюцца два спосабы існавання, два процілеглыя погляды на спрадвечныя пытанні: у імя чаго жыве чалавек? у чым шчасце чалавечае? Узнаўляючы пасляваенны час, калі ўсюды была разруха, рэжысёр імкнуўся так паказаць узаемаадносіны людзей, каб яны выглядалі актуальнымі і заўтра. Метафарычны вобраз саду, што пасадзілі дзетдомаўцы, становіцца сімвалам бескампраміснага паядынку паміж палярнымі маральнымі прынцыпамі, у якім перамагае дабрыня і справядлівасць. Гэты фільм рэжысёр пачаў, але не завяршыў: сэрца не вытрымала напружання. Жыццё В. Чацверыкава абарвалася 26 жніўня 1983 г. Кінастужка ўбачыла свет у гэтым жа годзе, завяршылі яе паплечнікі па творчай групе, якія імкнуліся не адступаць ад задумы рэжысёра, выразна абмаляванай у рабочым сцэнарыі.
Многа сіл і энергіі В. Чацверыкоў аддаваў грамадскай дзейнасці, рабоце з творчай моладдзю. Ён быў сакратаром праўлення Саюза кінематаграфістаў БССР, старшынёй рэжысёрскай калегіі і членам мастацкага савета кінастудыі “Беларусьфільм”. Заслужанаму дзеячу мастацтваў Беларусі, таленавітаму рэжысёру прысвечаны дакументальны фільм “Паспець да ночы” (2001, рэжысёр Ю. Марухін).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.