Мрый Андрэй (сапраўднае імя Шашалевіч Андрэй Антонавіч)
Дата нараджэння:
13.09.1893 Палуж, в. (па іншых звестках – в. Доўгавічы), Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
08.10.1943
Кароткая даведка:
пісьменнік, аўтар нарысаў, апавяданняў
Псеўданімы:
Мрый А.; Мрый Андрей (рус.); Мрый Андрэй
Імёны на іншых мовах:
Шашалевич Андрей Антонович (руская);
3957 сімвалаў
Даведка
Адзін з таленавітых пісьменнікаў беларускай савецкай літаратуры, публіцыст, сатырык Андрэй Мрый (сапраўднае імя Шашалевіч Андрэй Антонавіч) пакінуў пасля сябе разнастайную творчую спадчыну.
Ён нарадзіўся ў в. Палуж Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (зараз Краснапольскі раён Магілёўскай вобласці; па іншых звестках, у в. Доўгавічы Чэрыкаўскага павета). У 1914 г. скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. У гады Першай сусветнай вайны быў прапаршчыкам у царскай арміі, з 1918 г. служыў у Чырвонай Арміі. Праз тры гады захварэў на сухоты і дэмабілізаваўся. З 1921 г. А. Мрый працаваў настаўнікам у Краснаполлі ў школе 2-й ступені (выкладаў гісторыю і французскую мову), з 1926 па 1930 г. быў інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства БССР, з 1933 г. стыльрэдактарам у газеце «Звязда». У 1934 г. беспадстаўна арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў. У 1937 і 1940 гг. зноў арыштаваны. Пакаранне адбываў у Карагандзе, Валагодскай і Мурманскай абласцях. Працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве, выкладчыкам літаратуры ў школе. Працягваў і пісьменніцкую дзейнасць. Раман «Жывы дом», навелы, аповесці, напісаныя ім у ссылцы, не захаваліся. Рэабілітаваны А. Мрый у 1961 г.
Друкаваўся з 1924 г. у газетах «Савецкая Беларусь», «Голас беларуса» (Вільня), часопісах «Наш край», «Чырвоны сейбіт», «Узвышша». Ён пісаў пра складаныя жыццёвыя сітуацыі, неардынарныя чалавечыя характары. Спалучаў розныя стылі пісьма, па-майстэрску выкарыстоўваў сказавую апавядальную манеру. Улюбёны прыём майстра слова – самараскрыццё герояў, галоўны камічны прыём – выкарыстанне казусаў. Андрэй Мрый з’яўляецца аўтарам нарысаў і апавяданняў «Пятрок» (1924), «Няпросты чалавек», «Камандзір», «Калектыў Яўмена», «Гармонія ў ружовым» (усе ў 1927 г.), «Моладзь» і «Алё, Алёна!» (1928), «Рабін» (1929) і інш. Ля вытокаў інтэлектуальнай сатырычнай прозы стаіць яго раман (спачатку гэта была аповесць) «Запіскі Самсона Самасуя» (1929, поўнасцю апублікаваны ў 1988 г.; зняты тэлефільм «Пратарчака жыцця, або Запіскі Самсона Самасуя», 1990). Напісаны твор у форме дзённіка. У рамане адлюстравана мадэль сучаснага для аўтара грамадства, прадстаўлены шырокі дыяпазон адмоўных падзей, з’яў і характараў таго часу. У тэксце арганічна спалучаюцца элементы сатыры, шаржу, гумару, пародыі, іроніі, сарказму, абсурду. Мова «Запісак Самсона Самасуя» афарыстычная, насычана прыказкамі, прымаўкамі, фразеалагізмамі фальклорнага паходжання. Спалучэнне народных выразаў і палітычнага жаргону 1920-х гг. стварае непаўторную моўную стыхію твора і спрыяе сатырычнаму бачанню свету аўтарам. Андрэй Мрый напісаў таксама шэраг краязнаўчых прац. Захаванню нацыянальнай культуры, фальклору, народных звычаяў прысвечаны яго падарожныя нарысы і краязнаўчыя нататкі «Асвета масаў у Краснапольскім раёне», «Па Гомельскай акрузе», «Па Дзвіне ў Сураж», «На кірмашы» і інш. На беларускую мову пераклаў раманы «Шляхамі ўзбочнымі» П. Загаруйкі і «Тыса гарыць» Б. Ілеша (1932).
Разам з братам В. Шашалевічам (пазней беларускім драматургам), сястрой, таленавітай мастачкай, і яе мужам, скульптарам А. Грубэ, стварыў у Краснаполлі народны тэатр, арганізаваў у школе драматычны і літаратурны гурткі, выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», нават сам вёў у ім сатырычны раздзел. Збіраў народную лексіку і дасылаў яе ў слоўнікавую камісію Інстытута беларускай культуры. Паводле прынятых камісіяй правілаў, у кожнай з картак ён змяшчаў транскрыпцыю слова, акрэсліваў усе яго значэнні, прыводзіў канкрэтныя ілюстрацыі ўжывання. Адначасова са збіраннем лексікі А. Мрый актыўна запісваў фальклор.
Вяртанне спадчыны пісьменніка пачалося з 1988 г., калі ў часопісе «Полымя» (№ 1, 2) быў надрукаваны раман «Запіскі Самсона Самасуя», а ў часопісе «Маладосць» (№ 2) – 5 апавяданняў. У 1993 г. выдадзена кніга, у якую ўключаны практычна ўсе вядомыя мастацкія творы і навуковыя работы А. Мрыя. Вялікую пошукавую працу правёў беларускі крытык і літаратуразнавец Я. Лецка.