Яўген Патафеевіч Шыпіла, яркі самабытны артыст, займаў пачэснае месца ў сузор’і майстроў Коласаўскага тэатра, якому прысвяціў больш за 30 гадоў творчага жыцця.
Нарадзіўся ён у в. Відокі Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці. У дзяцінстве ўдзельнічаў у самадзейнасці Верхнядзвінскага раённага дома культуры. Пэўны час Я. Шыпіла займаўся камсамольскай работай, а ў вольны час самадзейнасцю – чытаў вершы, іграў ролі ў драматычных спектаклях. Таленавітага юнака заўважылі і запрасілі працаваць загадчыкам Відоцкага сельскага клуба, а потым накіравалі ў Мінск на курсы па падрыхтоўцы работнікаў культуры. У гэтым горадзе скончыў 10 класаў вячэрняй школы і бліжэй пазнаёміўся з тэатрам, спрабаваў паступіць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), але атрымаў адмову.
У 1967 г. Я. Шыпіла паспяхова вытрымаў экзамены і быў залічаны ў тэатральную студыю пры Беларускім дзяржаўным акадэмічным драматычным тэатры імя Я. Коласа (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа). З’яўляўся акцёрам дапаможнага саставу, яго настаўнікамі сталі Ц. М. Сяргейчык, М. П. Звездачотаў, І. А. Матусевіч, А. М. Трус і інш. Спачатку іграў у спектаклях у масоўцы, але ў хуткім часе Я. Шыпіла атрымаў сваю першую ролю – сакратара Саўнаркама Гарбунова ў п’есе М. Шатрова “Шостае ліпеня”, а пасля спектакля “Званок у пустую кватэру” па п’есе Д. Угрумава яго прынялі ў асноўны састаў тэатра.
У творчасці Я. Шыпілы жыццёвая праўда, арганічнасць і шчырасць сцэнічнага існавання, сакавіты народны гумар спалучаліся з глыбокім пранікненнем у псіхалагічную сутнасць характараў; у лепшых вобразах адчувалася імкненне да мастацкага абагульнення. Найбольш значныя ролі стварыў у беларускім рэпертуары – дзед Курыла (“Сымон-музыка” паводле Я. Коласа), Іван Швед (“Таблетку пад язык” А. Макаёнка), Несцерка (“Несцерка” В. Вольскага), Андрэй Буслай, Фядос Мульцік (“Парог”, “Вечар” А. Дударава), Канстанцін Заслонаў (“Паядынак” М. Матукоўскага). Спектакль “Сымон-музыка” дапамог паверыць Я. Шыпілу ў свае творчыя сілы і сцвердзіцца як характарнаму акцёру ўнутранага драматычнага пераўвасаблення. Менавіта праз чалавека вёскі даследаваў нацыянальны характар і з’яўляўся адным з найбольш яскравых яго выразнікаў у беларускім тэатры.
Па-майстэрску, з драматычнай абвостранасцю Я. Шыпіла ствараў вобразы герояў у пастаноўках класічных твораў – Ларэнца, Глостэр (“Рамэа і Джульета”, “Кароль Лір” У. Шэкспіра), дзядзька Ваня (“Дзядзька Ваня” А. Чэхава), паштмайстар Шпёкін (“ЧП-1”, “ЧП-2” паводле “Рэвізора” М. Гогаля). Таксама акцёр даў непаўторнае, яркае сцэнічнае жыццё шматлікім героям сучасных твораў – Кірпаты (“Энергічныя людзі” В. Шукшына), Ягор Палушкін (“Не страляйце ў белых лебедзяў” Б. Васільева), Гаспадар (“Святая прастата” А. Макаёнка), Кісцераў (“Тры мяшкі засмечанай пшаніцы” У. Цендракова), Стары (“Шчаслівае здарэнне” С. Мрожака), Бацька (“Жанна” паводле “Жаваранка” Ж. Ануя), сват Капкаліс (“Клеменс” К. Саі), Глакуна (“Закон вечнасці” Н. Думбадзэ). Сцэнічны ідэал Я. Шыпілы – душэўная чысціня героя, прастата і яснасць яго адносін з людзьмі. Акцёр глыбока нацыянальнага складу, ён надаваў вобразам непаўторныя рысы.
Яўген Шыпіла актыўна працаваў на кінастудыі “Беларусьфільм” і тэлебачанні. З яго ўдзелам выйшла некалькі фільмаў – “Новая зямля” (1982), “На зыходзе дня”, “Паядынак” (1984), “Маці ўрагану” (1990), “Адна ноч” (1990), “Чырвоны востраў” (1991), “Будулай, якога не чакаюць” (1994).
За высокія творчыя дасягненні і самаадданасць Коласаўскаму тэатру акцёр атрымаў ганаровае званне народнага артыста Беларусі (1984).
Матэрыял падрыхтаваны ў 2013 г.