Руцкі Іосіф Вельямін (ва ўніяцкай гістарыяграфіі Іосіф ІV; свецкае Іван Феліксавіч)
Дата нараджэння:
1573 ці 1574 Навагрудскі раён, Гродзенская вобласць
Дата смерці:
05.02.1637
Кароткая даведка:
пісьменнік-палеміст, царкоўна-палітычны дзеяч ВКЛ, уніяцкі мітрапаліт
Духоўныя імёны:
Іван ІV; Руцкі Іосіф Вельямін; Руцкі Язэп Вельямін
Імёны на іншых мовах:
Рутский Вельямин (руская);
4171 сімвал
Даведка
З дзейнасцю Іосіфа Вельяміна Руцкага, выдатнага літаратара, таленавітага педагога і дыпламата, мудрага філосафа-багаслова, звязана ўмацаванне ўніяцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім (ВКЛ).
Нарадзіўся І. Руцкі (свецкае імя Іван Феліксавіч) у маёнтку Рута на Навагрудчыне ў шляхецкай сям’і. Бацькі былі кальвіністамі, але сына пахрысцілі ў праваслаўнай царкве. Пачатковую адукацыю атрымаў у навагрудскіх анабаптыстаў, потым вучыўся ў Віленскай кальвінісцкай школе. У сталіцы ВКЛ зблізіўся з езуітамі, пад уплывам якіх стаў схіляцца да каталіцтва. Некаторы час знаходзіўся пры дварах князёў Заслаўскіх і Астрожскіх. З 16-гадовага ўзросту працягваў вучобу ў славутым Пражскім (Карлавым) універсітэце, а потым у Вюрцбурскім універсітэце (Баварыя). У апошнім стаў доктарам філасофіі. Жаданне атрымаць тэалагічныя веды прывяло ў Рым, у Грэчаскі калегіум, дзе рыхтавалі высокаадукаваных уніяцкіх месіянераў.
Пасля вяртання ў ВКЛ быў прызначаны рэктарам Віленскай уніяцкай семінарыі (1603–1606), дзе адразу правёў шэраг змен у сістэме навучання. Праблемам адукацыі і выхавання быў прысвечаны навукова-педагагічны трактат “Дыскурсус”, напісаны каля 1605 г. У Вільні І. Руцкі зблізіўся з манахам Свята-Троіцкага манастыра І. Кунцэвічам (з 1618 па 1623 г. архіепіскап Полацкі) і ўніяцкім мітрапалітам І. Пацеем. Пад іх уплывам у 1608 г. прыняў пострыг, у хуткім часе быў пасвечаны ў сан дыякана, а потым прэсвітэра.
У той час І. Руцкі не займаў значных царкоўных пасад, аднак паступова стаў самай папулярнай асобай сярод віленскіх уніятаў. Гэтаму спрыялі частыя выступленні на дыспутах, паспяховая педагагічная дзейнасць і цеснае супрацоўніцтва з І. Пацеем. Па-еўрапейску адукаваны, І. Руцкі лёгка заваёўваў сімпатыі людзей, без асаблівых цяжкасцей знаходзіў агульную мову з прадстаўнікамі розных канфесій, а таксама дзяржаўнымі дзеячамі ВКЛ. Невыпадкова мітрапаліт прызначыў яго ў 1608 г. сваім намеснікам і генеральным вікарыем, праз год – архімандрытам Віленскага Свята-Троіцкага манастыра. Фактычна І. Руцкі ўзначаліў уніяцкую царкву. Перад архімандрытам стаяла складаная задача: праз рэформы ўмацаваць яе арганізацыйна і эканамічна, зрабіць прыцягальнай для вернікаў, узняць аўтарытэт у хрысціянскім свеце. Як паказаў час, І. Руцкі змог дасягнуць пастаўленых мэт. Іпацій Пацей, які стаяў ля вытокаў уніі, высока ацэньваў дзейнасць архімандрыта і ў 1612 г. прызначыў яго епіскапам Галіцкім. З 1613 па 1637 г. быў мітрапалітам Кіеўскім і ўсяе Русі (у 1614 г. зацверджаны булай Папы Рымскага Паўла V). Іосіф Руцкі разгарнуў яшчэ большую дзейнасць, накіраваную на ўмацаванне ўніяцкай царквы. Асноўнымі яе напрамкамі сталі падрыхтоўка і выхаванне багаслоўскіх кадраў, адкрыццё базыльянскіх школ, рэарганізацыя інстытутаў манаства, стварэнне ў ВКЛ ордэна базыльян. Вынікам шматгадовай працы І. Руцкага стаў рукапісны том “Правілы манаскага жыцця”, закончаны да 1617 г., дзе дэталёва вызначаліся структура новага ордэна, мэты і характар дзейнасці. Як сведчаць гістарычныя крыніцы, афармленне ордэна базыльян і набыццё пэўнага юрыдычнага статусу адбылося ў 1623 г. Першым протаархімандрытам (генералам) стаў І. Руцкі.
Яго дзейнасць, як кіраўніка ўніяцкай царквы, праходзіла ва ўмовах пастаяннага супрацьстаяння з прадстаўнікамі іншых рэлігій. Іосіф Руцкі выступаў на дыспутах з праваслаўнымі, пратэстантамі, католікамі, палемізаваў з М. Сматрыцкім, І. Барэцкім, А. Мужылоўскім, П. Магілай і інш. У палемічных творах “Падвойная віна”, “Экзамен абароны” (абодва 1621), “Дадатак да экзамена абароны” (1622) і іншых выявіўся як майстар мастацка-публіцыстычнага слова і пісьменнік-аналітык. Ён пакінуў багатую эпісталярную спадчыну. Лісты і пасланні, напісаныя на старабеларускай, старапольскай, лацінскай мовах, і сёння маюць вялікае гістарычнае значэнне як крыніцы пазнання эпохі, у якую жыў іх аўтар. У канцы жыцця І. Руцкі склаў на лацінскай мове запавет, што выдаў у Кракаве за тыдзень да смерці. Памёр 5 лютага 1637 г. і з вялікімі ўшанаваннямі быў пахаваны ў Віленскім Свята-Троіцкім манастыры. На працягу ўсяго жыцця І. Руцкі адстойваў прынцыпы гуманізму, рэлігійнай верацярпімасці, цвёрда стаяў на патрыятычных пазіцыях.