Дата нараджэння:
20.07.1924 Янаўка, в., Хоцімскі раён, Магілёўская вобласць
Дата смерці:
02.02.2001 Гомель, г.
Кароткая даведка:
мовазнавец, заслужаны дзеяч навукі Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1988), удзельнік партызанскага руху ў Вялікую Айчынную вайну, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ст., ордэнам прападобнага Сергія Раданежскага, медалямі
Варыянты імя:
Анічэнка Уладзімір Васілевіч
Імёны на іншых мовах:
Аниченко Владимир Васильевич (руская);
3875 сімвалаў
Даведка
Імя лексікографа Уладзіміра Васілевіча Анічэнкі вядома не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Яго навуковая спадчына мае вялікае значэнне для вывучэння гісторыі станаўлення беларускай і ўсходнеславянскіх моў, іх лексічнага багацця.
Нарадзіўся будучы даследчык у в. Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1941 г. скончыў Хоцімскую сярэднюю школу. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў вывезены на прымусовыя работы ў Чэхію, адкуль уцёк і стаў удзельнікам чэшскага антыфашысцкага супраціўлення. У 1945–1946 гг. служыў у Чырвонай арміі. Адначасова быў супрацоўнікам армейскай газеты «Гвардзеец», а пасля дэмабілізацыі ‒ карэспандэнтам ваўкавыскай гарадской газеты «Зара». У 1952 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.I. Леніна. Працягнуў вучобу ў аспірантуры Інстытута мовазнаўства АН БССР. У 1955 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Глагольные формы прошедшего времени в белорусском языке: по материалам Литовской метрики XV‒XVI вв.». Працаваў малодшым, а потым старшым навуковым супрацоўнікам у інстытуце. У 1970 г. атрымаў ступень доктара філалагічных навук за манаграфію «Белорусско-украинские письменно-языковые связи». У гэтым жа годзе стаў загадчыкам кафедры беларускай і рускай моў (з 1975 г. кафедры беларускай мовы) Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. У 1991–2001 гг. быў прафесарам кафедры беларускай мовы і загад¬чыкам лінгвістычнай лабараторыі пры навукова-даследчым сектары. Дзякуючы вучонаму ў Гомелі сфарміравалася ўнікальная лінгвістычная школа, якая паспяхова развівае навуковыя кірункі па вывучэнні нацыянальнай моўнай спадчыны.
Уладзімір Васілевіч ‒ аўтар больш за 250 навуковых прац, прысвечаных гісторыі беларускай мовы, старажытным беларуска-ўкраінскім пісьмова-моўным сувязям, параўнальнай граматыцы ўсходнеславянскіх моў. Сярод іх ‒ «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1‒2, 1961‒1962, у суаўтарстве), «Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі» (1969), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970, у суаўтарстве), «Беларуска-іншаславянскі сінкрэтызм мовы выданняў Францыска Скарыны» (1988, у суаўтарстве) і інш. Пры ўдзеле вучонага і пад яго кіраўніцтвам былі падрыхтаваны слоўнікі «Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры» (1983), «Народныя прыкметы» (1992), «Фальклорны слоўнік Гомельшчыны» (2003), кніга народна-паэтычнай творчасці «Голас з невычэрпнай і жыватворнай крыніцы» (1995). Значна ўзбагаціў беларускую фальклорную спадчыну зборнік «Беларускі казачны эпас» (1976). У ім надрукаваны выяўленыя У.В. Анічэнкам больш за 60 казак, якія ў XIX ст. былі запісаны этнографам Э. Дмахоўскай. Вучоны ўнёс значны ўклад у развіццё Скарыніяны. У «Слоўніку мовы Скарыны» (т. 1‒3, 1977‒1994) ён на матэрыяле выданняў Ф. Скарыны адлюстраваў матэрыяльна-мастацкае і жанрава-стылявое багацце беларускай літаратуры XVI ст. Пад кіраўніцтвам У.В. Анічэнкі быў падрыхтаваны «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1‒8, 1997‒2012), які стаў сапраўднай вяршыняй лексікаграфічнай навукі Беларусі. Па ініцыятыве вучонага ў 1973‒1999 гг. Выдаваўcя міжведамасны штогадовы зборнік навуковых артыкулаў «Беларуская мова» (да 1977 г. называўся «Беларуская мова і мовазнаўства»), у якім на працягу 1975‒1982 гг. разам з аўтарскім калектывам ён публікаваў «Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны». У апошнія гады жыцця займаўся падрыхтоўкай «Царкоўнаславянска-беларускага слоўніка», які не быў выдадзены. Вучоны ўзначальваў савет па абароне кандыдацкіх дысертацый па спецыяльнасці «Беларуская мова». Пад яго кіраўніцтвам абаронена больш за 20 кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па мовазнаўстве. У 1993 г. у Гомельскім дзяржаўным універсітэце дзякуючы намаганням У.В. Анічэнкі створаны музей-лабараторыя Ф. Скарыны.
У 1988 г. вучоны атрымаў Дзяржаўную прэмію БССР, у 1996 г. узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.