Дата нараджэння:
30.08.1804 Крывічы, г. п., Мядзельскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
27.12.1891 Францыя
Кароткая даведка:
усходазнавец, славіст, паэт, фалькларыст
Варыянты імя:
Барэйка Аляксандр; Барэйка-Ходзька Аляксандр; Ходзька (Барэйка) Аляксандр
Імёны на іншых мовах:
Chodźko Aleksander (польская); Борейко Александр (руская); Ходзько-Борейко Александр Леонардович (руская); Ходька (Борейко) Александр (руская); Ходька Александр (руская);
3721 сімвал
Даведка
Сярод прадстаўнікоў старажытнага шляхецкага роду Ходзькаў вылучаецца постаць Аляксандра Ходзькі – вядомага ўсходазнаўца і славіста, таленавітага паэта і публіцыста.
Нарадзіўся ён у родавым маёнтку Крывічы Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер гарадскі пасёлак у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці) у сям’і пісьменніка і грамадскага дзеяча ХІХ ст. Яна Ходзькі. Атрымаў добрую хатнюю адукацыю, ведаў некалькі замежных моў. Пасля заканчэння Віленскай гімназіі паступіў на аддзяленне літаратуры і вольных навук Віленскага ўніверсітэта (1820). Вялікі ўплыў на яго аказалі лекцыі выдатных навукоўцаў таго часу І. Лялевеля, Г. Гродэка, Ю. Галухоўскага, І. Даніловіча. У гады вучобы зацікавіўся арыенталістыкай, пачаў пісаць вершы, якія друкаваў у віленскіх выданнях. Сябраваў з Т. Занам, Я. Чачотам, А. Міцкевічам, уваходзіў у студэнцкае таварыства філаматаў. Некаторы час у сувязі з гэтым правёў у зняволенні, аднак пасля апраўдання скончыў навучанне са ступенню кандыдата філасофіі (1825). Наступныя некалькі гадоў А. Ходзька прысвяціў вывучэнню персідскай і арабскай моў пры Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расійскай імперыі ў Санкт Пецярбургу. У 1829 г. на польскай мове выйшаў зборнік «Паэзія», куды ўвайшлі заснаваныя на беларускіх фальклорных матэрыялах яго вершы, балады і элегіі («Маліны», «Васілёк», «Зух», «Алеся», «Паніч і дзяўчына», «Вясенняя ноч у Літве», «Старац» і інш.), напісаная паводле ўсходніх матываў паэма «Дэрар», пераклады з новагрэчаскай паэзіі. Кніга была станоўча ўспрынята сучаснікамі.
У 1830 г. А. Ходзьку залічылі ў склад расійскай дыпламатычнай місіі ў Персіі (цяпер Іран). Па дарозе да месца службы ён вёў шматлікія занатоўкі, якія ў 1830–1831 гг. у выглядзе падарожных нарысаў былі апублікаваны ў перыядычных выданнях Санкт Пецярбурга. У Персіі выконваў абавязкі перакладчыка і сакратара генеральнага консула ў г. Тэбрызе, консула ў г. Рэшце. У час службы наведваў самыя аддаленыя мясціны, збіраў этнаграфічныя і фальклорныя матэрыялы, адным з першых заняўся вывучэннем іранскай групы моў (талышскай, гілянскай, мазандаранскай, курдскай). У 1842 г. А. Ходзька выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў Парыжы. Некаторы час разам з А. Міцкевічам выдаваў інтэрнацыянальную газету «Трыбуна народаў», як спецыяліст усходазнавец працаваў у Міністэрстве замежных спраў Францыі, па даручэнні шаха Ірана курыраваў навучанне іранскіх студэнтаў у Парыжы. У гэты ж перыяд заняўся апрацоўкай і публікацыяй матэрыялаў, сабраных у час дыпламатычнай службы. Надрукаваў пераважна на французскай і англійскай мовах шэраг артыкулаў, у якіх асвятлялася самабытная культура Персіі і прылеглых да яе краін, ажыццявіў пераклады туркменскіх, азербайджанскіх, персідскіх твораў літаратуры, выдаў кнігі «Узоры народнай паэзіі Персіі» (1842), «Персідская граматыка» (1852), «Падручнік турэцкай мовы» (1854), «Персідскі тэатр» (1878). Усходазнаўчыя працы А. Ходзькі, як першапраходца па зборы фальклору прыкаспійскіх народаў, атрымалі прызнанне і высокую ацэнку ў яго сучаснікаў і наступных пакаленняў даследчыкаў.
У 1857–1883 гг. А. Ходзька чытаў курс лекцый і ўзначальваў кафедру славянскіх моў і літаратур у парыжскай вышэйшай школе Калеж дэ Франс. Выдаў некалькі прац у галіне славістыкі: «Славянскія легенды сярэдневякоўя» (1859), «Літаратурны рэнесанс у Багеміі: сучасныя паэты» (1861), «Стараславянская граматыка» (1869), «Гістарычныя песні Украіны і песні латышоў з берагоў Заходняй Дзвіны» (1879), падрыхтаваў польска англійскі і англійска польскі слоўнікі (1874). Удзельнічаў у культурным жыцці эміграцыі, вёў перапіску з А. Кіркорам, К. і Я. Тышкевічамі, запісаў успаміны А. Міцкевіча. Памёр А. Ходзька 27 снежня 1891 г., пахаваны на могілках Манмарансі (Францыя).