Дата нараджэння:
01.11.1874 Обаль, г. п., Шумілінскі раён, Віцебская вобласць
Дата смерці:
14.01.1958 Расія
Кароткая даведка:
вучоны ў галіне эпізааталогіі, акадэмік НАН Беларусі, ганаровы член УАСГНІЛ, заслужаны дзеяч навукі СССР, імя якога прысвоена Інстытуту эксперыментальнай ветэрынарыі НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1941), узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі "Знак Пашаны", Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі
Імёны на іншых мовах:
Вышелесский Сергей Николаевич (руская);
4442 сімвалы
Даведка
Сяргей Мікалаевіч Вышалескі ‒ арганізатар ветэрынарнай навукі ў Беларусі, удзельнік ліквідацыі небяспечных інфекцыйных хвароб у краіне ‒ з’яўляецца стваральнікам эпізаатычнай школы, якая атрымала прызнанне ва ўсім свеце.
Нарадзіўся ён у сяле Обаль Полацкага павета Віцебскай губерні (цяпер Шумілінскі раён Віцебскай вобласці). Скончыў Бранскую гарадскую прагімназію (1889), Віцебскую духоўную семінарыю (1895), Варшаўскі ветэрынарны інстытут (1899). Працаваў ветэрынарным урачом Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, затым Лепельскага і Невельскага паветаў Віцебскай губерні. Потым атрымаў запрашэнне ў Санкт-Пецярбург, дзе быў урачом-асістэнтам ветэрынарна-бактэрыялагічнай лабараторыі пры Ветэрынарным упраўленні Міністэрства ўнутраных спраў. У 1910‒1913 гг. знаходзіўся ў камандзіроўцы ў Германіі. За працу «К вопросу об отличии активного и неактивного туберкулеза крупного рогатого скота с помощью методов: реакции связывания комплемента, мейостагминовой реакции и офтальмореакции» (1912) у Лейпцыгскім універсітэце атрымаў ступень доктара ветэрынарнай медыцыны. Пасля вяртання працягнуў працаваць у сібіраязвавым аддзеле Санкт-Пецярбургскай ветэрынарна-бактэрыялагічнай лабараторыі. Загадваў ветэрынарна-бактэрыялагічнымі лабараторыямі ў Архангельску (1914‒1917), Кіеве (1917‒1919) і Стаўрапалі (1919‒1921). У 1921‒1922 гг. быў дацэнтам, затым прафесарам Стаўрапальскага сельскагаспадарчага інстытута. Прымаў удзел у ліквідацыі эпізаатычных хвароб. У 1922 г. пераведзены ў Дзяржаўны інстытут эксперыментальнай ветэрынарыі ў Маскве, дзе стварыў і ўзначаліў аддзел па вывучэнні туберкулёзу і сапу. У 1927 г. стаў дырэктарам гэтага інстытута. Адначасова чытаў лекцыі ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце. З 1928 г. з’яўляўся дырэктарам Беларускага дзяржаўнага ветэрынарна-бактэрыялагічнага інстытута ў Віцебску, у гэтым жа годзе выбраны сапраўдным членам Акадэміі навук БССР. Да 1930 г. загадваў кафедрай эпізааталогіі. У 1931‒1933 гг. працаваў у Алма-Ацінскім навукова-даследчым ветэрынарным інстытуце, у 1933‒1934 гг. ‒ у Маскоўскім навукова-даследчым ветэрынарным інстытуце. З 1934 г. быў загадчыкам кафедры эпізааталогіі Маскоўскага зоаветэрынарнага інстытута, з 1948 г. ‒ Маскоўскай ветэрынарнай акадэміі.
Сяргей Мікалаевіч ‒ аўтар больш за 100 навуковых прац па тэарэтычных і практычных пытаннях барацьбы з інфекцыйнымі хваробамі жывёл, у тым ліку з чумой, сібірскай язвай, рожай, туберкулёзам, бруцэлёзам, запаленнем лёгкіх буйной рагатай жывёлы, паратыфам цялят і інш. Сярод іх ‒ «Вакцины сибирской язвы и противосибиреязвенная сыворотка, их получение и применение на практике» (1911), «Чума северных оленей в тундрах Урала» (1915), «Сап среди лошадей строящейся мурманской железной дороги в г. Архангельске» (1916), «О возбудителе копытной болезни северных оленей» (1917), «Опыты изучения иммунитета при сапе, искусственного и естественного заражения и диагностических реакций: глазной, маллеиновой и реакции связывания комплемента» (1926, у суаўтарстве), «Бруцеллез сельскохозяйственных животных» (1934), «Частная эпизоотология» (1935, у суаўтарстве), «Инфекционный энцефаломиелит лошадей» (1944), «Причины появления заразных болезней животных» (1948) і інш. Ён вывучаў біялагічныя і патагенныя ўласцівасці ўзбуджальніка сібірскай язвы, імунабіялагічныя якасці розных вакцын супраць гэтай хваробы, прычыны ўскладнення стану і падзяжу сельскагаспадарчых жывёл пасля прышчэпак. У выніку былі распрацаваны метады атрымання гіперімуннай сывараткі і сімультанных прышчэпак супраць сібірскай язвы, вынайдзены новы метад вырабу адпаведных вакцын. Сталі масава вырабляцца дыягнастычныя прэпараты, такія як малеін і туберкулін, вакцыны і сывараткі. Дзякуючы вучонаму наладжана арганізацыя мерапрыемстваў па барацьбе з інфекцыйнымі хваробамі сельскагаспадарчых жывёл. Сяргей Мікалаевіч з’яўляецца ініцыятарам вывучэння бруцэлёзу ў Беларусі. Ён кіраваў распрацоўкай навуковых і практычных аспектаў ліквідацыі захворвання на ўсёй тэрыторыі краіны. У 1930 г. па ініцыятыве вучонага адкрыты Беларускі навукова-даследчы ветэрынарны інстытут.
У 1940 г. С.М. Вышалескі ўдастоены ганаровага звання заслужанага дзеяча навукі СССР. У 1941 г. атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР. За навуковую, педагагічную і грамадскую дзейнасць узнагароджаны ордэнамі «Знак Пашаны» (1940), Леніна (1944, 1954), Працоўнага Чырвонага Сцяга (1945), медалямі. У 1974 г. імя вучонага прысвоена Інстытуту эксперыментальнай ветэрынарыі ў Мінску.