Дата нараджэння:
31.10.1934 Хоўхлава, в., Маладзечанскі раён, Мінская вобласць
Кароткая даведка:
акцёр, народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), тэатральнай прэміі імя І. Буйніцкага (1997), кавалер ордэна Францыска Скарыны (2016)
Імёны на іншых мовах:
Кокштыс Тадеуш Антонович (руская);
3112 сімвалы
Даведка
Усё творчае жыццё Тадэвуш Антонавіч Кокштыс прысвяціў служэнню Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя Якуба Коласа ў Віцебску.
Нарадзіўся ён у в. Хоўхлаве Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Дзіцячыя гады прайшлі ў акупіраванай немцамі роднай вёсцы, дзе разам з маці і двума малодшымі братамі зведаў увесь жах ваеннага ліхалецця. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Валожыне Т. Кокштыс паехаў у Мінск. Ён добра маляваў і марыў стаць мастаком. У Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце, куды вырашыў паступаць, прыйшлося перапісаць заяву з мастацкага факультэта на акцёрскі (Тадэвуш не прадставіў прыёмнай камісіі свае работы). На ўступных экзаменах яго заўважыў Д. Арлоў, які набіраў курс. Выдатны майстар, цудоўны педагог, ён адразу вызначыў таленавітага абітурыента і не памыліўся. Сыграныя Т. Кокштысам у інстытуце ролі Максіма Кутаса (“Прымакі” Я. Купалы), Івана Лапшына (“У пошуках радасці” В. Розава), Калюты (“У Сібір” Я. Апушкіна) прадракалі вялікую будучыню акцёру. У 1958 г. ён скончыў інстытут і атрымаў размеркаванне ў Другі беларускі дзяржаўны тэатр імя Якуба Коласа.
На пачатку творчага шляху пераважалі эпізадычныя ролі, якія артыст выконваў з ювелірным майстэрствам – Другі шляхціц (“Несцерка” В. Вольскага), Салдат (“Вайна пад стрэхамі” паводле А. Адамовіча), Вартавы (“Шостага ліпеня” М. Шатрова) і інш. Працуючы побач са славутымі А. Ільінскім, Ц. Сяргейчыкам, М. Звездачотавым, А. Трусам, малады акцёр многаму навучыўся. Першыя дзесяць гадоў сцэнічнага жыцця зрабілі Т. Кокштыса каралём эпізоду і сапраўдным артыстам. Пазней у яго рэпертуары з’явіўся шэраг галоўных роляў.
Па складу акцёрскага даравання Т. Кокштыс – характарны артыст, якому падуладны як камедыйна-сатырычныя, так і глыбока драматычныя вобразы. З лёгкасцю і гумарам ён сыграў Труфальдзіна (“Слуга двух гаспадароў” К. Гальдоні), Благае (“Доктар філасофіі” Б. Нушыча), Качкарова (“Жаніцьба” М. Гогаля); з сатырычнай завостранасцю Кічкайлу (“Амністыя” М. Матукоўскага), Жабрака (“Сымон-музыка” паводле Я. Коласа), Шаргаёва (“Парог” А. Дударава) і інш. Шматпланавыя вобразы з выразным драматычным гучаннем стварыў у спектаклях “Залёты” В. Дуніна-Марцінкевіча (Мордка), “Вечар” А. Дударава (Гастрыт), “Плошча Перамогі” А. Паповай (Сыракваш), “Кароль Лір” У. Шэкспіра (Блазан) і інш.
Імя Т. Кокштыса добра вядома аматарам кіно. Ён зняўся ў фільмах “Знак бяды” (1986), “Чырвоны востраў” (1991), “Маленькі баец” (1998), “Зорка Венера” (2000), “Фабрыка мрояў” (2004), “Талаш” (2011) і інш.
Выхаваны ў лепшых традыцыях беларускай тэатральнай школы, Т. Кокштыс дасягнуў дасканалага выканання кожнай ролі як у тэатры, так і ў кіно. Яго ігра (кім бы ён ні быў – салдатам, старым, селянінам, жабраком) заўсёды адрозніваецца шчырасцю і праўдзівасцю, вызначаецца асаблівай віртуознасцю. За доўгую працу ў тэатры Т. Кокштыс – народны артыст Беларусі (1984), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986), прэмій імя І. Буйніцкага (1997) і “Крыштальная Паўлінка” (2014) – стварыў шмат роляў. Многія з іх упісаны ў летапіс акцёрскага мастацтва Беларусі.