Псеўданімы:
Булгаковский Дмитрий Гаврилович; Булгакоўскі Дзмітрый Гаўрылавіч
Імёны на іншых мовах:
Булгаков Дмитрий Гаврилович (руская);
4261 сімвал
Даведка
Сярод фалькларыстаў-этнографаў другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст. значнае месца займае Дзмітрый Гаўрылавіч Булгакоўскі (сапраўднае прозвішча Булгакаў), які адкрыў свету «беларускае Эльдарада» – Палессе.
Нарадзіўся ён у г. Ялец Арлоўскай губерні ў сям’і псаломшчыка мясцовай царквы. Вучыўся ў Лівенскім павятовым духоўным вучылішчы, потым у Арлоўскай духоўнай семінарыі. Праз два гады навучання з-за смерці бацькі быў вымушаны пакінуць вучобу і пераехаць у Барысаўскі павет Мінскай губерні, дзе ўладкаваўся на працу настаўнікам (1864). Праз год прыняў рашэнне працягнуць духоўную адукацыю і паступіў у Мінскую духоўную семінарыю, якую скончыў у 1869 г. У гэтым жа годзе быў рукапакладзены ў сан дыякана і прызначаны святаром Успенскай царквы ў в. Морач Мазырскага павета. Праз некаторы час пераведзены на службу ў Пінск, адначасова выкладаў рускую і царкоўнаславянскую мовы ў Пінскім духоўным вучылішчы. Пасля працаваў у Барысаве, Свіслачы, Ваўкавыску, Дзісенскім павеце, быў выкладчыкам, некаторы час з’яўляўся святаром ваеннага ведамства.
Яшчэ ў студэнцкія гады Д.Г. Булгакоўскі праявіў пісьменніцкі талент і імкненне да вывучэння народнага жыцця. Упершыню ў друку будучы літаратар выступіў у 1867 г. у газеце «Виленский вестник» з ананімным некралогам, прысвечаным памяці рэктара Мінскай духоўнай семінарыі архімандрыта Афанасія, а ўжо праз год у «Минских губернских ведомостях» быў надрукаваны артыкул пад назвай «Белорусские песни. Волочебные», у якім сабраны песні з Барысаўскага павета. У далейшым, выконваючы святарскія абавязкі, Д.Г. Булгакоўскі захапіўся вывучэннем гісторыі краю, народнай культуры i побыту мясцовых жыхароў. У вольны час ён абходзіў далёкія вёскі, запісваў песні і паданні, сістэматызаваў сабранае. Вынікам яго збіральніцка-фалькларыстычнай дзейнасці ў Пінскім павеце ў 1870-х гг. стала выданне ў 1890 г. у Санкт-Пецярбургу фальклорна-этнаграфічнага зборніка «Пинчуки: этнографический сборник: песни, загадки, пословицы, обряды, приметы, предрассудки, поверья, суеверия и местный словарь», які атрымаў Вялікі залаты медаль Імператарскага Рускага геаграфічнага таварыства. Зборнік стаў каштоўнай крыніцай па вывучэнні побыту i вусна-паэтычнай творчасці жыхароў Піншчыны другой паловы ХІХ ст. Сярод іншых прац гэтага перыяду «Практическое руководство к наглядному усвоению русского правописания» (1873), «Исторический очерк Волковыска, уездного города Гродненской губернии» (1882), «Напутное молодому русскому солдату» (1884) і інш.
У 1890 г. Д.Г. Булгакоўскі пераехаў у Санкт-Пецярбург, дзе стаў займацца літаратурнай і грамадскай дзейнасцю. У сталіцы ён актыўна ўключыўся ва ўсерасійскі рух за цвярозасць, быў адным з арганізатараў Санкт-Пецярбургскага папячыцельства аб народнай цвярозасці. У 1912–1916 гг. з’яўляўся рэдактарам-выдаўцом часопіса «Всероссийский вестник трезвости». Ім было апублікавана некалькі кніг, у тым ліку «На помощь» (1901), «Вино на Руси по памятникам народного творчества литературным и художественным» (1902), «Как я перестал пить» (1906) і інш. За літаратурна-мастацкі альбом «Эхо. Пьянство и его последствия в рисунках: иллюстрированный альбом с бытовыми сценами из жизни людей, преданных пьянству» (1898) на Сусветнай парыжскай выстаўцы 1900 г. аўтар быў узнагароджаны сярэбраным медалём.
У 1902 г. Дзмітрый Гаўрылавіч адмовіўся ад духоўнага сану. Працаваў у Міністэрстве фінансаў, стаў вольным слухачом прыродазнаўчага факультэта Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. Пасля 1916 г. Д.Г. Булгакоўскі пераехаў у Яраслаўскую губерню. Апошнія гады жыў у Чабаксарах, дзе займаўся вывучэннем чувашскага фальклору.
Шматграннасць літаратурнай, навукова-даследчай i грамадска-асветніцкай дзейнасці Д.Г. Булгакоўскага выявілася ў шматлікіх артыкулах i больш як 30 кнігах, многія з якіх прынеслі яму поспех i вядомасць. Усяго літаратурная спадчына пісьменніка налічвае больш за 170 назваў. Яго працы друкаваліся ў перыядычных выданнях «Виленский вестник», «Санкт-Петербургские губернские ведомости», «Новое время» i інш. Асобнымі выданнямі выйшлі гістарычнае даследаванне «Домик Петра Великого и его святыня в С.-Петербурге» (1891), фальклорная праца «Нижегородские легенды» (1896), раман «Близнецы» (1903), аповесць «В стороне от жизни» (1909) i інш.