Дата нараджэння:
01.07.1828 Уборкі, в., Бярэзінскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
пасля 1870-х гг.
Кароткая даведка:
жывапісец-пейзажыст
Імёны на іншых мовах:
Горавский Ипполит Гиляриевич (руская);
2818 сімвалаў
Даведка
Беларускі мастак Іпаліт Гілярыевіч Гараўскі нарадзіўся ў маёнтку Уборкі Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Бярэзінскі раён Мінскай вобласці) у беднай дваранскай сям’і. Першапачатковую адукацыю па выяўленчым мастацтве атрымаў у Мінскай гімназіі, дзе вучыўся з 1840 па 1847 г. Займаўся ў выкладчыка малявання Машчынскага. Потым працяглы час І. Гараўскі ўдасканальваў сваё майстэрства самастойна. Шмат пісаў і маляваў з натуры. З-за адсутнасці неабходных сродкаў бацькі не маглі адначасова вучыць сыноў (адзін з іх славуты пейзажыст Апалінарый Гараўскі). Менавіта таму І. Гараўскі пачаў навучанне ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў значна пазней (1855–1864), ужо пасля таго, як яе скончыў брат. Аб поспехах у вучобе сведчаць два сярэбраныя медалі, якія атрыманы ім за пейзажы, напісаныя ў Мінскай губерні. У 1864 г. І. Гараўскаму было прысвоена званне класнага мастака. Пра яго далейшы лёс вядома вельмі мала. У сярэдзіне 1860-х гг. жыў у Мінску, дзе некалькі гадоў працаваў хатнім настаўнікам малявання. Потым у Кіеве (1860–1870-я гг.). Некаторы час жыў у Санкт-Пецярбургу, дапамагаў разам з братам у збіральніцкай дзейнасці П. Траццякову.
Твораў І. Гараўскага захавалася нямнога. Па манеры выканання работы блізкія да твораў яго брата Апалінарыя. З яго пейзажаў найбольш вядомыя «На берагах ракі Бярэзіны» (1857, Дзяржаўны Рускі музей, Санкт-Пецярбург) і «Від у ваколіцах Бабруйска» (1858). У кожным з іх І. Гараўскі выступаў не толькі як тэхнічна падрыхтаваны жывапісец, дэманструючы выдатнае валоданне прыёмамі пабудовы выразнай выявы, але і як прыхільнік рамантычнай вобразнасці. У карціне «На берагах ракі Бярэзіны» адчуваецца імкненне мастака да штучнай прыгажосці, павышанай эмацыянальнасці, характэрнай рамантычнасці, але разам з гэтым пейзаж вельмі рэалістычны. Ён добра перадае багацце і непаўторнасць беларускай прыроды. Аўтар імкнуўся скрупулёзна выпісаць дэталі. З аднолькавай любоўю малюе ствалы дрэў, лісце, зямлю, неба. У экспазіцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца палатно «Ля крыжа. Смерць паўстанца» (1863). З дапамогай выразных вобразных сродкаў мастаку ўдалося раскрыць уласную грамадзянскую пазіцыю. Сюжэтам твора з'яўляецца драматычны момант з часоў паўстання 1863–1864 гг. Кантраст звычайнага і велічнага, перададзеныя ў палатне, пачуццёвая ўзвышанасць вобраза ствараюць моцнае эмацыянальнае ўражанне. Сродкамі жывапісу І. Гараўскаму ўдалося зацвердзіць ідэю аб бессмяротнасці подзвігу ў імя Радзімы.
Дзейнасць пейзажыста стала творчым здабыткам у гісторыі беларускага мастацтва другой паловы XIX ст. Іпаліт Гараўскі ўнёс значны ўклад у развіццё рэалістычнага жывапісу, узбагаціў яго новымі народнымі і нацыянальнымі рысамі, пазнаёміў шырокія колы грамадскасці з чароўнай беларускай прыродай.