Дата нараджэння:
26.04.1933 Барысаў, г., Мінская вобласць
Дата смерці:
26.02.1994
Кароткая даведка:
вучоны-фізік, акадэмік НАН Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1980)
Імёны на іншых мовах:
Гуринович Георгий Павлович (руская);
2998 сімвалаў
Даведка
Георгій Паўлавіч Гурыновіч нарадзіўся ў Барысаве. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ) (1956). У 1956‒1959 гг. вучыўся ў аспірантуры Інстытута фізікі Акадэміі навук БССР. У 1960 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Спектрально-люминесцентные исследования соединений порфинного ряда», у 1968 г. ‒ доктарскую дысертацыю на тэму «Спектроскопия и фотохимия порфиринов». У 1965 г. вучоны ўзначаліў створаную ім лабараторыю фотахіміі Інстытута фізікі. У 1992‒1994 гг. быў загадчыкам лабараторыі Інстытута малекулярнай і атамнай фізікі Акадэміі навук Беларусі. Адначасова з 1963 г. быў выкладчыкам у БДУ. У 1970 г. Георгію Паўлавічу прысвоена вучонае званне прафесара. У гэтым жа годзе ён быў выбраны членам-карэспандэнтам АН БССР, у 1994 г. ‒ правадзейным членам АН Беларусі. У 1992‒1994 гг. вучоны з’яўляўся галоўным рэдактарам «Журнала прикладной спектроскопии».
Георгій Паўлавіч ‒ аўтар больш за 280 навуковых прац, прысвечаных люмінісцэнцыі і спектраскапіі, фотахіміі хларафіла і роднасных тэтрапірольных злучэнняў. Сярод іх ‒ «Спектроскопия хлорофилла и родственных соединений» (1968, у суаўтарстве), «Миграция энергии между пигментами фотосинтетического аппарата растений» (1971, у суаўтарстве), «Ассоциация хлорофилла и феофитина в смесях полярных растворителей» (1978, у суаўтарстве) і інш. Мае 25 патэнтаў на вынаходніцтвы. Асноўныя навуковыя дасягненні вучонага звязаны з даследаваннямі элементарных фотапрацэсаў у шмататамных малекулах, палярызацыі люмінісцэнцыі, эфектыўнасці пераўтварэння светлавой энергіі рэчывам і інш. Для вырашэння навуковых задач Г. П. Гурыновіч выкарыстоўваў спалучэнне розных фізічных і хімічных метадаў. Дзякуючы вучонаму атрыманы шэраг фундаментальных вынікаў у галіне даследаванняў люмінісцэнцыі і працэсаў унутрымалекулярнага размену энергіі электроннага ўзбуджэння ў складаных арганічных малекулах і мультымалекулярных сістэмах; механізмаў і дынамікі міжмалекулярнага пераносу энергіі ўзбуджэння. Ён вывучаў спектраскапію прадуктаў узнаўлення парфірынаў і вагальнай спектраскапіі парфірынаў; люмінісцэнцыю сінглетнага кісларода, яго фізіка-хімічныя і спектральныя ўласцівасці ў кандэнсаваным асяроддзі. Георгій Паўлавіч выявіў залежнасць ступені палярызацыі свячэння раствораў арганічных злучэнняў ад даўжыні хвалі ўзбуджальнага выпрамянення і па спектры люмінісцэнцыі. Вучоны распрацаваў метады спектраскапічнага даследавання і вызначыў квантавыя выхады ўсіх стадый асноўнай фотарэакцыі хларафілападобных злучэнняў. Вынікі яго даследаванняў знайшлі прымяненне ў хіміі, біялогі, медыцыне. У 1983 г. пад кіраўніцтвам Г. П. Гурыновіча ў Інстытуце фізікі Акадэміі навук БССР сумесна з Навукова-даследчым інстытутам анкалогіі і медыцынскай радыялогіі Міністэрства аховы здароўя БССР былі пачаты работы ў галіне фотадынамічнай тэрапіі пухліны.
У 1980 г. за цыкл прац «Фотоника биологически важных пигментов и их аналогов» вучоны ўзнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй БССР.