Дата нараджэння:
06.12.1933 Орша, г., Віцебская вобласць
Дата смерці:
08.03.2014
Кароткая даведка:
этнамузыколаг, даследчыца сістэмнай тыпалогіі беларускага песеннага фальклору, гісторыі этнамузыкалагічнай навукі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, лаўрэат прэміі імя Б. Асаф'ева ў галіне музыказнаўства (Расія, 1991), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994)
Імёны на іншых мовах:
Можейко Зинаида Яковлевна (руская);
3675 сімвалаў
Даведка
Дзейнасць Зінаіды Якаўлеўны Мажэйка, заснавальніцы беларускай этнамузыкалогіі, была накіравана на папулярызацыю і абарону аўтэнтычных праяўленняў музычнага фальклору як каштоўнай і самастойнай галіны мастацкай культуры.
Нарадзілася яна ў Оршы ў сям’і служачага. Вучылася на аддзяленні журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1952). У 1956 г. скончыла Мінскае музычнае вучылішча, у 1961 г. ‒ тэарэтыка-кампазітарскі факультэт Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Зінаіда Якаўлеўна з’яўляецца прадстаўніцай сістэмна-тыпалагічнай школы этнографа Я. Гіпіуса. Пасля атрымання дыплома працягвала адукацыю ў аспірантуры. У 1954‒1958 гг. працавала выкладчыцай у музычнай школе ў Мінску, у 1958‒1962 гг. ‒ у Мінскім музычным вучылішчы. Навуковая праца З. Мажэйка на працягу амаль 50 гадоў звязана з Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (цяпер у складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі). У 1962‒1963 гг. і ў 1966‒2011 гг. была навуковым супрацоўнікам інстытута. У 1971 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Традиционное песенное искусство в современном музыкальном быту белорусского полесского села: на примере села Тонеж», у 1992 г. ‒ доктарскую дысертацыю на тэму «Календарно-песенная культура Белоруссии: опыт системно-типологического исследования».
Навуковая і творчая дзейнасць З. Мажэйка звязана з тэарэтычнай этнамузыкалогіяй і практычнай фалькларыстыкай. Асноўныя даследаванні прысвечаны сістэмнай тыпалогіі беларускага песеннага фальклору. Яна з’яўляецца аўтарам манаграфій «Песенная культура Белорусского Полесья» (1971), «Песні беларускага Паазер’я» (1981), «Песни Белорусского Полесья» (вып. 1‒2, 1983‒1984), «Календарно-песенная культура Белорусси» (1985), «Белорусская этномузыкология: очерки истории (XIX‒XX вв.)» (1997, у суаўтарстве), «Экология традиционной народно-музыкальной культуры: нематериальная культура Беларуси в свете социально-экологических проблем» (2011). У працах адлюстраваны каляндарна-песенная культура, традыцыі песеннага мастацтва ў сучасным музычным побыце беларусаў, сістэмная тыпалогія і мелагеаграфія песенных жанраў, метадалогія арэальных даследаванняў, экалагічныя праблемы традыцыйнай культуры і інш. Талент З. Мажэйка праявіўся і ў галіне практычнай фалькларыстыкі. Этнамузыколаг актыўна ўдзельнічала ў фальклорных экспедыцыях, у час якіх праводзіла палявое абследаванне народна-песенных традыцый усіх рэгіёнаў Беларусі.
У беларускай кінадакументалістыцы З. Мажэйка распрацавала кірунак аўдыя-візуальнай культурнай антрапалогіі. Яна аўтар сцэнарыяў музычна-этнаграфічных фільмаў «Палескія калядкі» (1972), «Галасы вякоў» (1979), «Памяць стагоддзяў» (1982), «Палескія вяселлі» (1986), «Пранясі, божа, хмару» (1990), «Крывыя вечары» (1993), «Рух зямлі» (1999). Галоўным у фільмах з’яўляюцца іх аўтэнтычнасць, адлюстраванне мясцовай архітэктуры, побыту, фальклору, прыроды. У 1992‒2011 гг. З. Мажэйка кіравала шасцю этнамузыказнаўчымі спецыяльнымі праектамі. Дзякуючы ёй зацверджана ідэя неабходнасці папулярызацыі музычнага фальклору на навуковай аснове, распрацавана канцэпцыя самадастатковасці музычнай культуры вуснага тыпу, пастаўлена праблема неабходнасці экалагічнай абароны сельскай народна-песеннай культуры.
У 1987 г. З. Мажэйка ўдастоена звання заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. Яна з’яўляецца лаўрэатам прэміі імя Б. Асаф’ева ў галіне музыказнаўства (1991), Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1994). За падрыхтоўку грампласцінак аўтэнтычнага фальклору ў 1988 г. атрымала Гран-пры ЮНЕСКА. Жыццю і дзейнасці даследчыцы прысвечаны фільм «А я песню сваю дапяю» (2001).