Дата нараджэння: 20.11.1948 Рудка, в., Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці: 25.11.1988
Кароткая даведка: паэтэса, лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Купалы (1986)
Імёны на іншых мовах: Янищиц Евгения Иосифовна (руская);
Каштоўным набыткам беларускай літаратуры другой паловы ХХ ст. стала творчасць Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц. Яе светлая, шчырая, удумлівая паэзія вылучаецца высокай грамадзянскасцю, пранікнёнай любоўю да чалавека і жыцця, роднага краю.
Нарадзілася Я. Янішчыц у в. Рудка Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння Парэцкай сярэдняй школы паступіла ў 1966 г. на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна (БДУ). Вучобу сумяшчала з творчай дзейнасцю і часта выступала з вершамі на вечарах паэзіі і літаратурных форумах. У 1969 г. Я. Янішчыц удзельнічала ва Усесаюзнай нарадзе маладых паэтаў і пісьменнікаў у Маскве, дзе прадставіла некалькі вершаваных падборак. У гэтым жа годзе па дагаворы аб садружнасці БДУ і Сафійскага ўніверсітэта імя Клімента Ахрыдскага з групай студэнтаў філфака пабывала ў Балгарыі; у маі 1970 г. у Іенскім універсітэце імя Ф. Шылера (ГДР). У 1971 г. яна стала членам Саюза пісьменнікаў БССР. Пасля заканчэння БДУ загадвала бібліятэкай у Цэнтральным Камітэце ЛКСМБ. 19 жніўня 1971 г. Я. Янішчыц выйшла замуж за паэта С. Панізніка (тады ваеннага журналіста) і ў верасні выехала ў Чэхаславакію, дзе ён праходзіў службу. У ваенным гарадку працавала ў бібліятэцы і працягвала пісаць вершы. У ліпені 1973 г. сям’я вярнулася ў Мінск, куды перавялі С. Панізніка. Некаторы час Я. Янішчыц займалася выхаваннем сына, потым уладкавалася ў бібліятэку пры вайсковай часці ва Уруччы. У студзені 1975 г. яна выступала на сакратарыяце Праўлення Саюза пісьменнікаў СССР, дзе разглядалася работа Саюза пісьменнікаў БССР з маладымі літаратарамі. З кастрычніка 1976 г. працавала літкансультантам у «Сельскай газеце», дзе вяла паэтычную рубрыку «Шчырага сэрца парывы». З 1983 па 1988 г. Я. Янішчыц загадвала аддзелам паэзіі часопіса «Маладосць». Яна займалася актыўнай грамадскай дзейнасцю: выбіралася дэпутатам раённага Савета Савецкага раёна г. Мінска, з’яўлялася членам праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў БССР, Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязей з замежнымі краінамі, уваходзіла ў Беларускі рэспубліканскі камітэт абароны міру. Восенню 1981 г. у складзе дэлегацыі БССР прымала ўдзел у рабоце XXXVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН.
Друкавацца Я. Янішчыц пачала, калі вучылася ў Парэцкай сярэдняй школе. У 1963 г. у пінскай раённай газеце «Полесская правда» з’явіліся яе першыя вершы на рускай і беларускай мовах – «Голубь», «В школу», «Жнівень». Дасылала туды таксама нататкі, допісы, карэспандэнцыі, якія публікаваліся пад псеўданімамі Ж. Заметкіна і Е. Іосіфава. У 1965 г. Я. Янішчыц стала пераможцай рэспубліканскага конкурсу юных паэтаў, арганізаваным радыёстанцыяй «Арляняты». У гэтым жа годзе яе творы з’явіліся ў рэспубліканскіх газетах «Чырвоная змена» і «Літаратура і мастацтва». Першы зборнік «Снежныя грамніцы» (1970) выйшаў, калі Я. Янішчыц вучылася на пятым курсе БДУ. Вершы, змешчаныя там, прывабліваюць шчырасцю, натуральнасцю паэтычных уражанняў, светлым настроем, захапленнем хараством жыцця, радасным усведамленнем уласнай прысутнасці ў вялікім неабсяжным свеце. Іх станоўча ацанілі ў артыкулах і рэцэнзіях Р. Бярозкін, Р. Барадулін, Н. Гілевіч, Д. Бугаёў, У. Гніламёдаў, А. Грачанікаў, А. Асіпенка і іншыя вядомыя пісьменнікі і крытыкі. У кастрычніку 1970 г. Я. Янішчыц стала дыпламантам Усебеларускага фестывалю творчасці маладых літаратараў. Яе імя атрымала вядомасць, і творы паэтэсы пачалі друкавацца ва ўсесаюзных часопісах «Молодая гвардия», «Дружба народов», у альманаху «Поэзия», штогодніку «Дзень паэзіі», калектыўных зборніках БДУ і Гамбургскага педагагічнага інстытута. Многія вершы былі перакладзены на рускую, украінскую, польскую, англійскую, балгарскую, нямецкую і іншыя мовы. Наступны зборнік «Дзень вечаровы» (1974), у які акрамя вершаў уключаны і рубаі паэтэсы, быў адзначаны ў 1978 г. прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. У ім, у параўнанні з першай паэтычнай кнігай, Я. Янішчыц здолела пераступіць нейкую нябачную рысу, дзе побач з радасцю з’явіліся роспач, трывога, сум і адказнасць. Рыхтуючы кожную новую кнігу, паэтэса імкнулася зрабіць яе лепшай, чым папярэднія. Этапным, паваротным лічыцца яе трэці зборнік «Ясельда» (1978), дзе больш прыкметна ўзмацняецца ўвага да складанасцей жыцця, асабліва пранізліва гучаць вершы пра каханне. Па-ранейшаму пяшчотныя і надзвычай тонкія, яны ўжо напоўнены гаркотай. У вершах адчуваюцца матывы болю, пакут, расчаравання. Сапраўднага паэтычнага майстэрства Я. Янішчыц дасягнула ў кнігах «На беразе пляча» (1980), «Пара любові і жалю» (1983; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Купалы, 1986), «Каліна зімы» (1987). Лірыка паэтэсы вызначаецца філасофскім роздумам над часам і прасторай, імгненнем і вечнасцю, жыццём і смерцю. Стан душы гераінь вершаў выяўляецца праз узаемазалежнасць такіх эмацыянальных катэгорый, як любоў і боль, шчасце і адчай, радасць і журба, святло і цемра. У многіх творах робіцца акцэнт на няроўную і не надта ласкавую жаночую долю і шчасце. Шмат вершаў прысвечана бацькоўскаму дому, землякам і аднавяскоўцам, гераічнаму мінуламу краіны і сучаснасці. Звярталася Я. Янішчыц і да прозы. Яе апавяданні напісаны таленавіта, дасціпна, з гумарам, веданнем псіхалогіі вясковых жыхароў. Плённа працавала пісьменніца ў галіне мастацкага перакладу, змяшчала ў друкаваных выданнях артыкулы пра паэзію, змястоўныя рэцэнзіі на паэтычныя кнігі, водгукі з падрабязным аналізам твораў.
У апошняй прыжыццёвай кнізе «У шуме жытняга святла» (1988) сабраны лепшыя творы Я. Янішчыц. 25 лістапада гэтага ж года пісьменніца трагічна загінула. Пахавана на Усходніх (Маскоўскіх) могілках у Мінску. У 1993 г. адбылося адкрыццё помніка на магіле пісьменніцы (скульптар Л. Гумілеўскі). У Доме літаратара прайшоў вечар памяці. На студыі «Лік» была знята тэлеперадача «Палесся мілае дзіця» (1993, аўтары У. Субат і В. Гумілеўская), прысвечаная паэтэсе. У 1998 г. Пінскай раённай бібліятэцы прысвоілі імя Я. Янішчыц, адну з вуліц горада назвалі ў яе гонар, у в. Велясніца залажылі парк памяці. На Піншчыне 2008 г. быў аб’яўлены годам Я. Янішчыц. Парэцкую сярэднюю школу, дзе вучылася пісьменніца, назвалі яе імем (там у 1998 г. адкрыты літаратурны музей, якому ў 2013 г. прысвоена званне народнага). Да 60-годдзя з дня нараджэння паэтэсы знялі дакументальны фільм «Небяспечны талент» (першапачатковая назва «На голас Музы») і відэафільм «Свет далёкай зоркі Яўгеніі Янішчыц».
Матэрыял падрыхтаваны ў 2023 г.