Дата нараджэння:
13.10.1773 Пагост, в., Пінскі раён, Брэсцкая вобласць
Дата смерці:
07.01.1849
Кароткая даведка:
польскі гісторык, этнограф, архівіст, даследчык ладу жыцця, побыту, абрадаў, адзення, народных свят і фальклору розных этнічных груп Рэчы Паспалітай (у т. л. беларусаў)
Імёны на іншых мовах:
Gołębiewski Łukasz (польская); Голомбёвский Лукаш Иосифович (руская);
3117 сімвалаў
Даведка
Л. І. Галамбёўскі нарадзіўся 13 кастрычніка 1773 г. у в. Пагост на Піншчыне ў сям’і шляхціца. Першапачаткова атрымаў хатнюю адукацыю пры двары князя Ф. Друцкага-Любецкага, дзе яго бацька ў той час працаваў кіраўніком памесця. Потым скончыў манаскую піярскую школу ў г. Дубровіцы (Украіна). Добра ведаў латынь, польскую, рускую, нямецкую і французскую мовы, вывучаў гісторыю, геаграфію і матэматыку.
З 1790 г. працаваў бібліятэкарам у вядомага польскага гісторыка Т. Чацкага. Разам з ім шмат падарожнічаў і займаўся збіраннем старажытных кніг у манастырах. У 1794 г. удзельнічаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі, у адным з баёў быў кантужаны. Пасля падзення Варшавы, у абароне якой прымаў удзел, Л. Галамбёўскі зноў вярнуўся да Т. Чацкага. За доўгі час працы ў бібліятэцы задумаў выданне кнігі “Гістарычныя помнікі пулаўскай бібліятэкі”, займаўся перакладамі, наладзіў сувязі з замежнымі архівамі. Пасля таго, як бібліятэка была прададзена Чартарыйскім, пераехаў разам з ёю ў г. Пулавы (Польшча). Займаўся апрацоўкай і інвентарызацыяй рукапісаў бібліятэкі.
Навуковая дзейнасць Л. Галамбёўскага была заўважана, і ў 1818 г. ён быў абраны сапраўдным членам Таварыства сяброў навук, праз некалькі гадоў – яго сакратаром. Пасля пераезду ў Варшаву заняў пасаду прафесара літаратуры педагагічнага інстытута. Тады ж Л. Галамбёўскі звярнуўся ў сваіх даследаваннях да этнаграфіі, фальклору і гісторыі звычаяў роднага краю.
У 1830 г. вучоны выпусціў сваю першую кнігу “Люд польскі, яго звычаі, забабоны”. Пад яе вокладкай былі сабраны асобныя публікацыі этнаграфічнага характару, якія належалі розным аўтарам і друкаваліся ў перыядычных выданнях ці захоўваліся ў рукапісах. Гэта кніга была першай спробай этнаграфічнага агляду ўсіх груп насельніцтва, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. У працы вылучаліся асобныя раздзелы, што датычыліся і Беларусі: “Беларускі народ”, “Літоўскі селянін”, “Мінскі народ” і інш.
У наступным годзе выйшла другая кніга Л. Галамбёўскага “Гульні і забавы розных саслоўяў ва ўсім краі або ў некаторых толькі правінцыях”, у якой таксама былі выкарыстаны беларускія матэрыялы. Упершыню ў этнаграфічнай літаратуры аўтар апісаў унікальны абрад “куста”, які бытаваў на даволі абмежаванай тэрыторыі Піншчыны, апублікаваў забаўлянку “Сарока-варона”, дажынкавую песню, легенды пра папараць-кветку, ноты беларускай купальнай і русальнай мелодый.
Пасля паражэння паўстання 1830–1831 гг. Л. Галамбёўскі быў звольнены з пасады сакратара Таварыства і вымушаны пакінуць Варшаву. У 1833 г. ён пераехаў у пасёлак Казіміраўка пад Грубешавам (Польшча). У апошнія гады свайго жыцця займаўся напісаннем такіх грунтоўных твораў, як “Кабінет польскіх медалёў” у 4 т., “Гісторыя Польшчы” ў 3 т. У апошнюю працу былі ўключаны матэрыялы пра культуру і звычаі шляхты, сялян і мяшчан, а таксама змешчаны ўласныя назіранні аўтара, сабраныя ў час яго знаходжання на Палессі, Валыні, у Літве і Польшчы. Пасля смерці Л. Галамбёўскага засталося яшчэ каля 40 ненадрукаваных рукапісаў, сярод якіх – “Гісторыя польскай ваеннай справы” і інш.