Кароткая даведка:
беларускі і польскі пісьменнік, аўтар зборніка беларускіх, польскіх і лацінскіх фацэцый (анекдотаў), педагог
Духоўныя імёны:
Гаўдэнцій; Гаўдэнцый
Імёны на іншых мовах:
Zera Karol Antoni (не вызначана);
2743 сімвалы
Даведка
Адным з першых вядомых збіральнікаў беларускага фальклору стаў Караль Антоні Жэра – ксёндз-францысканец, выкладчык, які доўгі час жыў на Беларусі і добра ведаў яе мову і звычаі.
Караль Антоні нарадзіўся ў в. Тварогі Выпыхі на Падляшшы (цяпер Польшча) у сям’і дробнага шляхціца. Пачатковую адукацыю атрымаў дома, пасля чаго паступіў у езуіцкі калегіум у г. Драгічын над Бугам, Польшча (1754). З 1764 г. малады шцяхціц з’яўляўся паслушнікам, а праз год пад імем Гаудэнцый уступіў у ордэн францысканцаў у Пінску. Праз некаторы час атрымаў святарскія пасвячэнні і ў 1768 г. правёў свае першае набажэнства.
Пасля гэтага часу К.А. Жэра доўгі час жыў у г. Сянно (зараз Віцебская вобласць), дзе працаваў выкладчыкам у мясцовым канвенце – манаскай школе-інтэрнаце. Ён выдатна ведаў лацінскую, польскую, беларускую мовы, валодаў красамоўствам. Менавіта гэта, а таксама здольнасці да заняткаў літаратурай сталі падставай для збірання ім разнастайных анекдатычных, пацешных і павучальных гісторый з жыцця мясцовых жыхароў, пераважна шляхты. Прыблізна ў перыяд 1773–1798 гг. на землях Сенненшчыны, Лепельшчыны, Полаччыны, а таксама Польшчы К.А. Жэра запісаў больш за 200 беларускіх, польскіх і лацінскіх фацэцый (анекдотаў), баек, апавяданняў, песень пераважна антыпрыгонніцкага і антыклерыкальнага зместу. У выніку праведзенай збіральніцкай працы атрымалася вялікая кніга, якая атрымала назву “Процьма рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з іншай вёскі, або Кніга, якая ўключае ў сябе збор розных цікавых і мудрых, дасціпных і забаўных, сэнсоўных і сентыментальных твораў, пытанняў і адказаў, без ладу і ніякага парадку ўкладзеных дзеля ўцехі і забавы, а часам служыць кожнаму і дзеля выратавальнага павучання, нядаўна распачатая, а да сканчэння свету незавершаная. Хто яе распачаў, таго знойдзеш у наступных радках”. У кнігу ўвайшлі таксама ўрыўкі з казанняў святароў, песенькі, вершы, прыказкі, эпіграмы на гербы, асабістыя назіранні і адкрыцці аўтара, выкладзеныя ў празаічнай і паэтычнай формах. Гісторыі са зборніка наскрозь прасякнуты мясцовымі рэаліямі і даюць магчымасць атрымаць прадстаўленне аб жыцці, побыце, норавах, звычках і ўяўленнях розных слаёў насельніцтва Рэчы Паспалітай XVIII ст. Зборнік быў вельмі папулярны ў тагачаснай Беларусі і шматлікія перапісчыкі распаўсюдзілі твор па цэлым краі. Першае друкаванае выданне па розных копіях было здзейснена вучоным-гісторыкам, этнографам і фалькларыстам З. Глогерам у Варшаве ў 1893 г.
Дата смерці аўтара “Процьмы рэчаў…” дакладна невядома. Паколькі апошняя падзея, апісаная ў зборніку датавана 1798 г., па меркаванні даследчыкаў, памёр пісьменнік у перыяд паміж 1799 г. і першым дзесяцігоддзем ХІХ ст.