Дата нараджэння:
25.05.1933 Хвоева, в., Нясвіжскі раён, Мінская вобласць
Дата смерці:
28.05.2011
Кароткая даведка:
спартсмен і трэнер (лёгкая атлетыка), заслужаны дзеяч фізічнай культуры Беларусі, заслужаны майстар спорту СССР, заслужаны трэнер Беларусі, чэмпіён ХVІІІ летніх Алімпійскіх гульняў (1964, Токіа), сярэбраны прызёр ХІХ летніх Алімпійскіх гульняў (1968, Мехіка), чэмпіён (1964) і сярэбраны прызёр (1969) чэмпіянатаў Еўропы, чэмпіён СССР (1965–1967, 1971), кавалер ордэна "Знак Пашаны", ганаровы грамадзянін Мінскай вобласці
Імёны на іншых мовах:
Klim Romuald (не вызначана); Клим Ромуальд Иосифович (руская);
3072 сімвалы
Даведка
Не аднойчы прадстаўляў Беларусь на спартыўнай міжнароднай арэне адзін з лепшых спартсменаў краіны, славуты беларускі кідальнік молата, алімпійскі чэмпіён, шматразовы рэкардсмен свету, Еўропы і СССР Рамуальд Іосіфавіч Клім.
Нарадзіўся Р.І. Клім у вёсцы Хвоева Нясвіжскага раёна Мінскай вобласці. Спортам пачаў займацца яшчэ ў сярэдняй школе. Паступіў у Інстытут фізічнай культуры і ў 1955 г. стаў першаразраднікам у кіданні молата. Яго трэнерам быў Я.М. Шукевіч, які ў той час ужо падрыхтаваў першага беларускага алімпійскага чэмпіёна (сярэбраны медаль) М.П. Крываносава. Пасля заканчэння інстытута малады спартсмен пачаў працаваць выкладчыкам фізічнага выхавання ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Потым пераехаў у Віцебск, дзе ў гэты час працаваў яго трэнер. У 1959 г. на чэмпіянаце сельскай моладзі сацыялістычных краін Р. Клім заняў першае месца. У 1963 г. ён быў трэцім на ўсіх адказных спаборніцтвах, але ў канцы гэтага года меў ужо другі вынік па краіне і трапіў у зборную СССР.
На прыкідцы перад XVIII Алімпійскімі гульнямі ў Токіо (1964 г.) Р. Клім устанавіў новы рэкорд СССР, а на самой Алімпіядзе пераўзышоў гэты вынік у некалькіх спробах і выйграў Алімпійскія гульні – стаў першым беларускім спартсменам, які заваяваў залаты медаль у гэтым відзе спорту. На XIX Алімпійскіх гульнях у Мехіка (1968 г.) Р. Клім у некалькіх спробах устанаўліваў алімпійскія рэкорды, але ў апошняй саступіў венгру Д. Жывоцкі і атрымаў сярэбраны медаль. За сваё доўгае і плённае спартыўнае жыццё Р.І. Клім быў чэмпіёнам Еўропы 1966 г., уладальнікам Кубкаў Еўропы 1965 і 1967 гг., чатырохкратным чэмпіёнам (1966–1968, 1971) і сярэбраным прызёрам (1965, 1969) чэмпіянатаў СССР па лёгкай атлетыцы, двухкратным чэмпіёнам (1967 і 1971) і бронзавым прызёрам (1963) Спартакіяд народаў СССР. І сёння тэхніка кідання молата Р. Кліма лічыцца ў свеце эталоннай.
У 1973 г. Р. Клім пакінуў вялікі спорт і амаль адразу пачаў трэніраваць кідальнікаў у СКА БВА (Спартыўны клуб арміі Беларускай ваеннай акругі), дзе вывеў многіх спартсменаў на чэмпіёнскі ўзровень, а ў 1989 г., праз год пасля дэмабілізацыі ў чыне падпалкоўніка, перайшоў на працу ў Беларускі дзяржаўны інстытут фізічнай культуры (Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры). Як вопытны настаўнік, загадчык кафедры лёгкай атлетыкі (1995–1996), прафесар-кансультант ён шмат робіць для развіцця спорту нашай краіны. Р.І. Клім – трэнер нацыянальнай каманды Рэспублікі Беларусь. Не адно дзесяцігоддзе займаецца спартыўным арбітражам. Ён – суддзя вышэйшай нацыянальнай катэгорыі па лёгкай атлетыцы, выконваў абавязкі алімпійскага рэферы.
За спартыўныя дасягненні і трэнерскую дзейнасць Р. Клім адзначаны званнямі заслужанага майстра спорту СССР, майстра спорту СССР міжнароднага класа, заслужанага дзеяча фізічнай культуры Беларусі і заслужанага трэнера Беларусі, узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны”.
З 1976 г. у Мінску праводзіцца турнір кідальнікаў на прызы Рамуальда Кліма. Міжнародная федэрацыя лёгкай атлетыкі з 1992 г. надала турніру статус міжнароднага.